<p>25 жніўня ў Старым замку адкрыецца пастаянная экспазіцыя, прысвечаная памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.</p>

25 жніўня ў Старым замку адкрыецца пастаянная экспазіцыя, прысвечаная памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, піша інтэрнэт- партал "Твой стыль".

Новая экспазіцыя пабудаваная такім чынам, што наведвальнік спачатку знаёміцца з краінай Афганістан, потым – як разгортваліся палітычныя падзеі, што прывялі да ўводу савецкіх войск (абмежаваны кантынгент вёў баявыя дзеянні ў Афганістане з 1979 да 1989 года). Некалькі стэндаў прысвечаны савецка-афганскаму сяброўству. Затым, праз дакументы, побытавыя рэчы прадстаўляюцца афганскія групоўкі. 10 гадоў савецкіх баявых дзеянняў у Афганістане прадстаўленыя праз персаналіі: амаль трэцяя частка экспазіцыі прысвечана 73 загінулым у Афганістане савецкім салдатам, якія нарадзіліся на Гродзеншчыне. Тут іх дакументы, асабістыя рэчы, узнагароды, лісты …

Рыта Венедыктаўна Венчалоўская, загадчыца аддзела гісторыі музея, кажа, што лісты нікога не пакінуць раўнадушным. У адным з іх саслужывец распавядае пра гібель свайго сябра ягоным родным, гэта вельмі ўражвае. Апошнія стэнды экспазіцыі распавядаюць пра вывад савецкіх войскаў з Афганістана, які скончыўся 15 лютага 1989 года, і помнікі воінам-афганцам на тэрыторыі Гродзенскай вобласці.

У аснову новай экспазіцыі пакладзены збор Гродзенскай абласной арганізацыі “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, які раней дэманстраваўся ў памяшканні арганізацыі па вуліцы Шчорса.

Распавядае спадарыня Венчалоўская: "Матэрыялы збіраліся імі на працягу 10 год. Вельмі багаты збор, больш за 500 экспанатаў, з якіх больш за 400 будзе прадстаўлена ў нашай экспазіцыі. Гэта арыгінальныя фотаздымкі, дакументы, зброя, вопратка, грашовыя адзінкі, афганскія жаночыя ўпрыгожванні, улёткі, ёсць і макеты. Усе рэчы вельмі цікавыя, асабліва дакументы маджахедаў. У працэсе навуковай апрацоўкі мы сутыкнуліся з праблемай іх перакладу. Пакуль так і не зразумелі, на якой мове яны напісаны: гэта ні пушту, ні дарі, ні фарсі… Тэкст, напісаны арабскімі літарамі, цалкам перакласці не ўдалося".

Адкрыццё экспазіцыі адбудзецца ў 16 гадзін 25 жніўня.