https://www.traditionrolex.com/8
<p>На гэтых выхадных у Любчы і Міры будуць узгадваць нашага Набокава – знакамітага на ўвесь свет кампазітара</p>

На гэтых выхадных у Любчы і Міры будуць узгадваць нашага Набокава - знакамітага на ўвесь свет кампазітара.

Мікалай Набокаў – яскравая постаць у гісторыі амерыканскай і еўрапейскай музыкі, аўтар музыкі вядомых балетаў і сімфоній, арганізатар сусветных музычных фестываляў, генеральны сакратар музычнай секцыі ЮНЭСКА.

А нарадзіўся ён у 1903 г. у Любчы. Хоць Мікалай і належаў да знакамітага роду Набокавых і даводзіўся стрыечным братам знакамітаму Уладзіміру Набокаву, пісьменніку, але Набокавы мала ўдзельнічалі ў яго раннім выхаванні: бацька – Дзмітры Набокаў – пакінуў сям’ю і дзецьмі практычна не займаўся. Маці Мікалая – Лідзія Эдуардаўна Фальц-Фейн – выйшла замуж за Мікалая фон Пейкера, і таму маленства Мікалай прабавіў паміж двума родавымі маёнткамі Пейкераў і фон Фейнаў – Пакроўскім (недалёка ад Баранавіч) і Любчай.  У маёнтку Пакроўскае Мікалай пачаў займацца музыкай – на старым раялі, які, паводле легенды, дабраславіў сам Чайкоўскі. Але менавіта Любча зробіцца для яго краем дзіцячых мараў, куды ён нязменна будзе вяртацца ва ўспамінах, ужо  жывучы ў Амерыцы: «З маленства я чуў вакол сябе размовы пра дзівосныя вабноты Любчы, пра прасторны замак са старымі вежамі, абкружаны глыбокім ірвом, замак, які стаіць на прыгорку, амываным хвалямі Нёмна. Маё ўяўленне ператварыла Любчанскую сядзібу ў дзівосны, невымоўна цудоўны свет».

У Любчанскім замку Мікалай Набокаў жыў з 1908 па 1911 г., пакуль уся сям’я не пераехала ў Пецярбург, дзе ўслед за старэйшым братам Мікалай паступае ў Аляксандраўскі ліцэй. Але ён яшчэ не раз будзе вяртацца ў сядзібу сваёй маці: кожнае лета ён прыязджае з Пецярбурга ў Любчу на летнія вакацыі і так да І Сусветнай вайны, якая заспее сям’ю Набокавых-Пейкер акурат у Любчы.

З канца 1917 Мікалай гасцюе ў дзядзькі, Фрыдрыха Эдуардавіча Фальц-Фейна, у Асканіі Нова. А ў красавіку ён разам з маці і братамі выпраўляецца ў эміграцыю.

За мяжой Мікалай навучаецца ў Штутгарцкай і Страсбурскай кансерваторыях, а ў Берліне наведвае фартэпіянныя заняткі ў Бузоні. Пазней ён перабіраецца ў Парыж, дзе сканчае Сарбону са ступенню бакалаўра мастацтваў. На працягу шасці год супрацоўнічае з Сяргеем Дзягілевым, для «Рускіх сезонаў» якога ён напісаў балет-араторыю «Ода» па Ламаносаву, а таксама балет «Жыццё Афрадыты». Набокова ўжо тады ставілі ў адзін шэраг з Пракоф'евым, Шастаковічам, Брыттэнам і Хіндэмітам.

На працягу дзесяці год Набокаў быў генеральным сакратаром музычнай секцыі ЮНЭСКА ў Парыжы і адной з самых уплывовых асобаў у культуры сусветнага масштабу.

Ягонае імя – Nicolas Nabokov – прапісана ва ўсіх энцыклапедыях па гісторыі амерыканскай музыкі. У Беларусі кампазітара згадваюць значна радзей. Фестываль «Памяці Мікалая Набокава» ў Любчы на гэтых выхадных пройдзе ўпершыню. Старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЭСКА Уладзімір Шчасны тлумачыць, што за савецкімі часамі асоба Мікалая Набокава была па-за ўвагай партыйных дзеячаў культуры, творчаць ягоная на нашай прасторы амаль не выконвалася. «Але сёлета сваякі кампазітара дапамаглі нам атрымаць ноты, а музыкант Юрый Бліноў, які будзе выконваць п'есы, рэштку матэрыялаў адшукаў у архівах ЗША, таму спадзяемся, што наш фестываль стане штогадовым», – адзначыў суразмоўца.

Арганізатары абяцаюць даць тры канцэрты. Выконваць іх будзе піяніст Юрый Бліноў і калектыў Белдзяржфілармоніі «Вытокі». У суботу – 27 жніўня – канцэрты пройдуць у Мірскім замку ў 15.00  – па квітках музея, у 18.00 – па запрашальных білетах. На імпрэзе чакаюць прадстаўніцтва МЗС Рэспублікі Беларусь, намесніка міністра культуры Тадэвуша Стружэцкага, музычных крытыкаў і кіраўнікоў музычных калектываў, а таксама прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса ў Беларусі. У нядзелю канцэрт адбудзецца ўжо ў Любчы, у 16 гадзін, і ўваход для ўсіх слухачоў будзе вольны.

Нагадаем, што ў Любчы восьмы год запар сіламі валанцёраў ідзе аднаўленне замку. Ініцыятыва належыць мясцоваму жыхару Івану Пячынскаму.

https://www.traditionrolex.com/8