<p>Пастанова Савета Міністраў № 753 дзейнічае больш за два месяцы, але дагэтуль  у пасажыраў застаюцца пытанні, якім чынам можна перасякаць мяжу.  Чыноўнікі імкнуліся захаваць стратэгічны тавар – паліва, але ў выніку  стварылі дадатковыя праблемы пры перасячэнні мяжы і пасажырам, і  кантралюючым органам</p>

Пастанова Савета Міністраў № 753 дзейнічае амаль два месяцы, але дагэтуль у пасажыраў застаюцца пытанні, якім чынам можна перасякаць мяжу. Чыноўнікі імкнуліся захаваць стратэгічны тавар – паліва, але ў выніку стварылі дадатковыя праблемы пры перасячэнні мяжы і пасажырам, і кантралюючым органам.

Самі мытнікі, калі чуюць пытанне пра «выезд часцей за раз на пяць дзён», цяжка ўздыхаюць. «Як бы вам растлумачыць...», «А вы дакладна будзеце так часта выязджаць?», «Тут не ўсё так проста», – размова звычайна пачынаецца так.

Сітуацыя першая. Часта ездзіш – плаці мыты

Паводле пастановы, калі чалавек перасякае мяжу часцей, чым раз на пяць дзён на аўтамабільным транспарце, паліва ў аўто перастае быць таварам асабістага карыстання, а значыць, на яго трэба плаціць мыту. Якая працэдура аплаты?

Спачатку вы павінны, як звычайна, адстаяць усю чаргу да памежнага пункта. Далей памежнікі глядзяць вашыя дакументы. Найперш – дату апошняга выезду. Калі гэта было не пазней за пяць дзён, вам трэба запоўніць дэкларацыю, а пасля аўто разварочваюць у бок да пункта мытнага афармлення. У аддзеле арганізацыі мытнага кантроля Ашмянскай мытні патлумачылі, што кіроўца мусіць аформіць паліва ў машыне ў якасці экспартнага тавара, незалежна ад таго, збіраўся ён яго прадаваць ці не. Па сутнасці, і турыстаў, і камандзіраваных супрацоўнікаў – усіх, хто выязджае часцей за раз на пяць дзён, – разглядаюць як патэнцыйных «бензавозаў». Выключэнне – толькі для дыпламатаў, дзяржаўных служачых і тых, хто адпраўляецца па працоўнай візе. У выпадку з літоўскай мяжой, бліжэй за ўсё аформіць мыты можна ў Ашмянах ці Воранаве – у РУП «Белмытсэрвіс». Пункты мытнага афармлення працуюць у бліжэйшых да мяжы гарадах, аднак рэжым працы трэба спраўджваць загадзя, большасць з іх працуе з 9 да 22 гадзінаў. У «Белмытсэрвісе» вам трэба аплаціць мыту на паліва – 0,4$ за кожны літр бензіна і 0,29$ за кожны літр дызельнага паліва. Пры афармленні трэба прад’явіць квіток з аўтазапраўкі. І толькі пасля гэтага можна вяртацца на мяжу. Там ізноў трэба адстаяць агульную чаргу, прайсці звычайны кантроль, і толькі тады вас могуць выпусціць з краіны.

Колькі грамадзян ужо заплацілі мыту на паліва, высветліць не атрымалася – Дзяржаўны мытны камітэт патлумачыў, што гэта – «дадзеныя спецыяльнай мытнай статыстыкі», а таму прадаставіць такую інфармацыю чыноўнікі не могуць.

Сітуацыя другая. З аўтобуса - у аўтамабіль

Калі ў свет выйшла пастанова Саўміна, многія думалі, што яна накіравана супраць так званых «бензавозаў», і гэта нават скароціць чэргі на мяжы. Чэргі сапраўды зніклі, але яшчэ і таму, што звычайныя беларусы цяпер не наважваюцца лішні раз адправіцца за мяжу – раптам павернуць назад? Так было і са мной. Вяртаючыся на аўтобусе з футбольнага матча БАТЭ – «Панявежыс» у Літве, я раптам падумала: а ці не будзе ў мяне праблем з перасячэннем беларуска-польскай мяжы праз тры дні? Атрымаўшы кансультацыю на інтэрнэт-форуме, усё ж адправілася. На пункце «Берастовіца» памежнік уважліва паглядзеў дакументы, выслухаў гісторыю пра нядаўнюю аўтобусную паездку і накіраваў мяне да супрацоўніка мытні. Той спачатку разгубіўся і нават не ведаў, навошта мяне з машынай адправілі да яго, але пасля пачаў удакладняць: «Так, вы выязджалі на аўтобусе. Але штамп жа з аўтамабілем...» – «Так, бо і аўтобусы, і аўтамабілі пазначаюцца аднолькавым штампам, – тлумачыла я. – Але ў вашай базе ж пазначана, на якім транспартным сродку я перасоўвалася». – «Але ж гэта ў памежнікаў адбіваецца», – не пагаджаўся мытнік.

Прыкладна гадзіну мы высвятлялі, хто ўсё ж такі павінен вырашыць, ці можна мяне выпускаць з краіны. За гэты час мяжу перасяклі ўжо машын дзесяць з агульнай чаргі. І толькі пасля таго, як я сабралася ісці да начальніка змены, мытнік вырашыў-такі дазволіць выезд. На талоне ягонай рукой было напісана: «Прычын у адмове выезду няма. Папярэдняя паездка ў якасці пасажыра». Пячатка, подпіс.

Як высветлілася пасля, дакладнай працэдуры, ці прапускаць такіх пасажыраў, папросту няма, ці самы мытнікі на памежным пункце пра яе не ведаюць? Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Аляксандр Шпілеўскі ў інтэрв’ю прэсе адзначыў, што паездкі ў грамадскім транспарце ў якасці пасажыра незабароненыя часцей як раз на пяць дзён. Тое самае «ТиО» пацвердзілі ў інфармацыйным адказе, падпісаным намеснікам старшыні Юрыем Брытковым. Але ў Ашмянскай мытні ў аддзеле арганізацыі мытнага кантроля мяне пераконвалі ў іншым. «Пастанова № 753 рэгулюе пытанні выезда на аўтамабільным транспарце. Аўтобус таксама да яго адносіцца. Дый штампы ж аднолькавыя – і ў аўтамабіля, і ў аўтобуса, таму выезд без афармлення мытаў на паліва гэтаксама забаронены».

Хто ў гэтай сітуацыі мае рацыю, да канца так і не зразумела. Мяркую, што вырашэнне спрэчнага пытання залежыць ад настойлівасці пасажыра-кіроўцы на мяжы. Здзіўляе яшчэ і тое, што супрацоўнікі мытні звяртаюць увагу на замежныя штампы ў пашпарце (свае ўжо не ставяць некалькі год), а не на дадзеныя са сваёй электроннай базы.

Сітуацыія трэцяя. Паездкі службовыя, паездкі прыватныя

Калі вы адправіліся ў замежную камандзіроўку на службовым аўто, на працягу бліжэйшых пяці дзён давядзецца адмовіцца ад прыватных вандровак. Выключэнне – шматкратная службовая віза. «Супрацоўнік мытні будзе кіравацца дадзенымі ў пашпарце, а таму любы выезд на аўтамабілі магчымы толькі раз на пяць дзён, інакш – аплата мытаў на паліва», – патлумачылі ў Ашмянскай мытні.

У такіх выпадках вынаходлівыя беларусы робяць вось што: на час праходжання мяжы за стырно сажаюць жонку ці іншага сваяка, а самыя праходзяць мяжу пешшу. Альбо наогул адмаўляюцца ад паездкі.

Пра такія вынаходніцтвы, відавочна, не ведалі італьянскі інвестар і ягоны беларускі калега, калі вярталіся з Брэста ў Варшаву. Паколькі беларускі партнёр яшчэ і сустракаў госця, ягоны другі выезд памежнікі палічылі лішнім і прымусілі афармляць мытную пошліну. Вось як сітуацыю апісвае відавочца: «Я ім кажу, што ў мяне ў аўтамабілі саляркі толькі да бліжэйшай запраўкі даехаць, – не дзейнічае. Пагадзіўся выплаціць мытную пошліну на наяўнае ў баку паліва – дык і гэта зрабіць на месцы немагчыма, трэба ў Брэсце афармляць! У мяне камандзіровачныя пасведчанні, вязу замежніка на самалёт, толькі што было пасяджэнне ў аблвыканкаме па інвестпраекце – нічога не дапамагае. Італьянец здзіўляецца: што адбываецца? А як яму ўсё гэта перакласці? Тут нават па-руску складана растлумачыць сітуацыю».

Самі беларусы сітуацыю характэрызуюць збольшага негатыўна. На інтэрнэт-форумах можна ўбачыць наступнае: «Сто разоў трэба прачытаць закон, каб зразумець, як я магу паехаць у Літву. Але на самой мяжы высвятляецца, што мытнікі разумеюць яго зусім інакш. Прычым яны нават паміж сабой дамовіцца не могуць – на польскай мяжы адныя правілы, на літоўскай ужо іншыя».

Ці будуць у новых правілах дэталёва разбірацца замежнікі, якія часта прыязджаюць Беларусь? І ці з’явіцца ў нас больш турыстаў? Здаецца, гэтыя пытанні перад чыноўнікамі не паўставалі падчас прыняцця пастановы № 753.