<p>Па традыцыі напрыканцы жніўня на беразе возера Дрывяты адзначаецца свята  Нептуна. Сёлета яно пачалося са спартыўных спаборніцтваў</p>

Як паведамляя "Браслауская звязда":

Па традыцыі напрыканцы жніўня на беразе возера Дрывяты адзначаецца свята Нептуна. Сёлета яно пачалося са спартыўных спаборніцтваў.

Каманды пагранічнікаў з Опсы і Урбан высвятлялі мацнейшага ў валейболе. Пераможніцай гэтага матча стала урбанская каманда. Пасля гульні яны змянілі мяч на вёслы байдарак.

Вучні гарадскіх школ і рэабілітацыйнага цэнтра для падлеткаў  ляпілі  пясчаныя скульптуры, а побач з імі і жыхары Браслава, турысты. У выніку найлепшая фігура — вялізны васьміног — атрымалася ў дзяцей тубсанаторыя. За гэта яны пазней і атрымалі прыз з рук самога Нептуна.

Работнікі раённага Дома культуры для жыхароў і гасцей горада падрыхтавалі цікавую тэатралізаваную пастаноўку. Сюжэт яе заключаўся ў супрацьстаянні Нептуна і пірата Джэка Вераб’я (героя вядомага фільма “Піраты Карыбскага мора”) за права валодання жамчужынай Браслаўскіх азёр — сімвалам улады над воднай прасторай.

Нептуну дапамагалі і гледачы, якія з задавальненнем удзельнічалі ў конкурсах і гульнях. Жамчужына ўсё ж такі засталася ў Нептуна, праўда, і Джэк Верабей вырашыў асесці на Браслаўшчыне, бо закахаўся ў дачку марскога і азёрнага ўладара.

Падчас свята можна было пасядзець за столікам імправізаванага кафэ сярод гандлёвых радоў, пачаставацца юшкай, гарбатай, саладосцямі і іншымі прысмакамі. Прыемным падарункам адпачываючым стаў канцэрт лепшых спевакоў раёна.

022

Напрыканцы свята Нептун заклікаў  браслаўчан берагчы прыроду свайго краю, клапаціцца пра чысціню азёр і паабяцаў выйсці на бераг праз год, каб праверыць, ці выканаюць яго наказы жыхары Браслаўшчыны.

Алена Набеева