https://www.traditionrolex.com/8
<p>На пытанні карэспандэнта адказвае Сяргей Шэін</p>

На пытанні карэспандэнта газеты «Астравецкая праўда» адказаў Сяргей ШЭІН, начальнік аддзела фізічнай культуры і турызму Астравецкага райвыканкама.

— Па якіх трох прычынах варта наведаць Астравецкі раён?

— Па-першае, Астравеччына – гэта рэгіён, больш за палову тэрыторыі якога пакрываюць лясы. Тут шмат азёр і рэк з празрыстай, чыстай вадой. Напрыклад, Сарачанскія азёры – маляўнічы, некрануты куточак прыроды, якім захапляюцца ўсе нашы госці!
Наш раён славіцца цудоўнейшай прыродай. Я сам – гродзенскі. Прыехаў сюды па размеркаванні восенню 1978 года і напачатку закрэсліваў дні ў календары ў чаканні вяртання дадому. А калі надышла вясна і ўсё наўкола расцвіло, заквітнела – выкінуў гэты каляндар у сметнік і застаўся тут назаўсёды!

Другая перавага Астравецкага раёна – зручнае геаграфічнае становішча. Канешне, мы знаходзімся на перыферыі Гродзенскай вобласці, і ў сувязі з гэтым для мясцовых жыхароў існуюць пэўныя складанасці. Але, з другога боку, дзякуючы зручным транспартным камунікацыям да нас лёгка трапіць з Літвы, Віцебскай, Мінскай абласцей. Ды і з Масквы і Санкт-Пецярбурга таксама!
Выгаднае геаграфічнае становішча Астравеччыны дазваляе турысту, які гасцюе ў нас, пазнаёміцца не толькі з нашым рэгіёнам, але і з суседняй Нараччу, Блакітнымі азёрамі, Вільнюсам…
У гэтым плане геаграфія ўжо забяспечыла нам частку турыстычнай інфраструктуры.
А трэцяе – гэта гасцінныя, добразычлівыя людзі, што тут жывуць. Адукаваныя прафесіяналы, якія працуюць у турыстычнай сферы.

Таму – усе госці, калі ласка, да нас!

— Якія тры турыстычныя аб’екты трэба ў першую чаргу наведаць гасцям Астравеччыны?

— Найперш — Гервяты. І не толькі дзеля таго, каб убачыць мясцовую святыню – непаўторны касцёл Святой Тройцы і дэндрапарк пры ім. Я б парэкамендаваў заехаць на дубкоўскую Кальварыю, каб пакаштаваць вадзіцы з мясцовай крынічкі.

Ужо зараз Гервяты прымаюць па 3-4 турыстычныя аўтобусы ў дзень. А калі тут будзе створана адпаведная інфрастуктура, перакананы: гасцей будзе нашмат больш.

Ды і ўвогуле ў Гервяты варта прыехаць, каб убачыць сучасны аграгарадок.

На другое месца, думаю, можна паставіць Варняны. Турыстам будзе цікава пазнаёміцца са старажытным касцёлам Святога Георгія, унікальнай сядзібнай забудовай канца XVIII стагоддзя, адметнай вежай на востраве, старым млыном…

І, канешне, абавязкова трэба пабываць на нашых сарачанскіх «каралях» – маляўнічым ланцужку азёр. Там ужо ёсць дзе спыніцца, паставіць палатку, павудзіць рыбу, пасмажыць шашлыкоў…

Гэты рэйтынг турыстычных адметнасцяў, канешне, досыць умоўны і многае залежыць ад таго, з якой мэтай турыст прыедзе на Астравеччыну. Калі яго цікавяць гісторыка-археалагічныя аб’екты – гэта адно, гісторыка-культурныя – другое, а калі мэта проста адпачыць на прыродзе – гэта ўжо трэцяе.

Мы ў стане арганізаваць любы від адпачынку і задаволіць інтарэс самага дапытлівага турыста!

— Назавіце тры складаемыя паспяховасці турыстычнай дзейнасці.

— Першае і самае галоўнае – гэта адпаведная – яркая, запамінальная – інфраструктура, якая павінна ўключаць у сябе аб’ект для агляду, наведвання. Ім можа з’яўляцца і нейкае месца на ўлонні прыроды, дзе можна проста любавацца краявідамі, слухаць птушак, дыхаць чыстым паветрам… Як гэта называецца ў нашым бізнесе, неабходны турыстычны прадукт. А ўжо вакол яго – нармальныя пункты харчавання, месцы грамадскага карыстання і г.д.

Па вялікім рахунку, усе гэта, у той ці іншай ступені падрыхтаванасці, у нас ёсць.
Другое – гэта, зразумела, чалавечы патэнцыял, штат прафесіяналаў, якія працуюць у турыстычнай галіне, чалавечыя якасці гэтых людзей, такія як гасціннасць, добразычлівасць… Яны здаюцца нязначнымі, аднак у турыстычнай дзейнасці прыносяць істотныя эканамічныя дывідэнды!

Таму што ад таго, як сустрэнуць турыста, як на яго паглядзяць, што скажуць, залежыць увесь канчатковы поспех!

А трэцяе – гэта разуменне і падтрымка з боку ўлады, адсутнасць штучных перашкод, наяўнасць патрэбнай нарматыўнай базы.

А яшчэ патрэбны ўдача, вера, ініцыятыва… І тады ўсё абавязкова атрымаецца!

Пытанні задаваў Эдуард СВІРЫД

https://www.traditionrolex.com/8