<p>З энтузіязмам і добрым настроем</p>

Как сообщает «Зара над Друццю»:

На базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Друць» адбылася абласная спартакіяда работнікаў фінансавых органаў Магілёўшчыны. Удзел у спаборніцтвах прынялі 90 фінансістаў з розных раёнаў вобласці.

На працягу двух дзён каманды спаборнічалі па такіх відах спорту, як плаванне, настольны тэніс, більярд, міні-футбол, шахматы, летняе шматбор’е «Здароўе», валейбол, стральба з пнеўматычнай зброі.

— Другі год запар удзельнічаю ў спартакіядзе, – распавядае фінансавы работнік з Горак Марына Дзяржальцава. – Падобныя мерапрыемствы  дазваляюць не толькі высветліць, хто спрытнейшы, больш спартыўны, але і пазнаёміцца, абмяняцца думкамі з калегамі. Уразіла  мяне прыгажосць Бялыніцкага ФАКу: вялікі басейн, більярд, гульнёвыя пляцоўкі. Узровень гаворыць сам за сябе. Таму знаходзіцца тут і абараняць гонар роднага раёна мне асабліва прыемна.

І сапраўды, на працягу двух дзён, што доўжылася спартакіяда, фінансавыя работнікі з непадробным інтарэсам і энтузіязмам спаборнічалі па розных відах спорту, запісваючы на рахунак каманды свае асабістыя дасягненні.

Лепшы вынік паказала каманда фінансавага ўпраўлення Магілёўскага аблвыканкама, якая заняла першае месца па выніках спартакіяды. На другую прыступку п’едэсталу гонару ўзнялася каманда Галоўнага ўпраўлення Міністэрства фінансаў РБ. Завяршылі тройку лідараў фінансісты Магілёўскага райвыканкама.

Марыя ГРЫШАЕВА