https://www.traditionrolex.com/8
<p>Прыбытак ад турыстаў летась  склаў палову ад чаканай сумы. Гэта не той вынік, які жадалі б бачыць  Худзяковы, але пакуль “Вясёлка” на стадыі росту</p>

Як паведамляе "Івацэвіцкі веснік":

Аграсядзіба «Вясёлка» знаходзіцца ў самым маленькім беларускім горадзе Косава. Ёй крыху больш за два гады. Сядзіба сельская, а ў гора-дзе стаіць на шумнай вуліцы і здаецца чымсьці незвычайным сярод іншых шматлікіх сядзібаў, што дыхаюць супакоем і адзінотай на ўлонні прыроды. А «Вясёлка» іншая. Вось гэтая самая непадобнасць у ёй і заінтрыгавала…

Падвор’е з прэтэнзіяй на музей
Уладальнікі аграсядзібы – Вячаслаў і Ганна Худзяковы – могуць прапанаваць турысту камфартабельны, утульны дом з усімі выгодамі.

Тры пакоі ў ім здаюцца, два – на другім паверсе. У двары – альтанка з грылем і барбекю, ёсць лазня з арыгінальным інтэр’ерам і басейнам. І, галоўнае, ёсць магчымасць наведаць Косаўскі палацава-паркавы ансамбль – палац Пуслоўскіх і Марачоўшчыну.
Прыкладна такая інфармацыя аб “Вясёлцы” ёсць на розных сайтах у Інтэрнэце. Але, не пабываўшы тут, вы не пазнаеце смаку грузінскага вінаграду і майскіх чарэшань, не паспрабуеце шашлык, седзячы на канапцы ў альтанцы, не адчуеце водару трох відаў дрэва ў лазні.

Што мы ўбачылі, ідучы да ганка сядзібы па выбрукаванай каменьчыкамі сцежцы? Мы ўбачылі, што тут жыве чалавек, не пазбаўлены мастацкага бачання свету, які не баіцца фізічнай працы і адназначна з дызайнерскімі здольнасцямі. Кожны каменьчык быў на сваім месцы. Падворак быў акуратна падкошаным, тануў у зеляніне і яркіх фарбах гладыёлусаў. На падыходзе да лазні на сцяне віселі прадметы даўніны – цэлую выставу сабраў гаспадар: рысора для карэты, колы, кованы трос, старадаўнія вілы і драўляны чамадан – шматлікія знаходкі з радасцю ўзяў бы ў падарунак этнаграфічны музей. А як зой-дзеш за парог лазні, убачыш паліцу з не менш старадаўнімі экспанатамі: старыя прасы і шалі, бязмен, самавар і барабан, а таксама збаны ­– іх шмат было і ў альтанцы. А на сценах прылазніка – карціны. Яны напісаныя рукой бацькі гаспадара хаты, але ёсць і работы самога гаспадара – Вячаслава. Разьбяныя постаці, прымацаваныя да дзвярэй лазні, рабіў ён сам. Як і стол у лазні – яго змайстраваў са старой ліпы. Карацей, прылазнік выглядаў, як музей. А лазня – з асаблівым пахам: тут для столі, сцен і паліц скарыстаны тры розныя віды дрэва – дуб, хвоя і ліпа. А ў басейне – вада са свідравіны. І тэмпература яе заўсёды трымаецца на ўзроўні 9 градусаў цяпла.

А ў хаце ўсё зроблена па апошнім слове камфорту.

Камфорт галоўней за ўсё
– Пачынаць усё прыйшлося з нуля, – распавядае гаспадар аграсядзібы. – Жыў у кватэры ў шматпавярхоўцы, рабіў для сябе дом. Але стала пытанне аб неабходнасці зарабляць. Так у галаву і прыйшла ідэя займацца агратурызмам. Кватэра была прададзеная, грошы пушчаныя на ўладкаванне, пакупку машыны. Узяў яшчэ два крэдыты – адзін у ААТ “Белаграпрамбанк” на адкрыццё аграсядзібы, і пазней яшчэ адзін – на рэканструкцыю дома. Увогуле, цяганіны з паперамі не было, адкрыцца было проста, але весці справы значна цяжэй.

Спачатку попыту на паслугі не было. Сядзіба адкрылася перад Новым годам, а першыя наведвальнікі прыехалі толькі ўлетку, а потым – ізноў глуха. А зараз “Вясёлка” ў цёплы час года заўжды прымае адпачывальнікаў, бываюць тут і замежныя турысты. Але ў большасці сваім адпачываючыя – гэта беларусы, якія вандруюць па роднай краіне.

Косава, па меркаванні Вячаслава Худзякова, вельмі прывабнае для вядзення турыстычнага бізнесу месца. Па-першае, яно гістарычна знакавае. Па-другое, мястэчка размешчана ў цэнтры паміж рознымі турыстычнымі аб’ектамі: тут побач Косаўскі замак, Ружанскі палац Сапегаў, Жыровіцкі манастыр, Белавежская пушча з сядзібай Дзеда Мароза, азёры, лясы, куды можна выязджаць на ціхае паляванне і за ягадамі…

– Летась вазілі адпачывальнікаў на возера і адзначылі для сябе: надвор’е выдатнае, горача, вада чыстая, садавіна па тым жа кошце, што і на Чорным моры. Навошта лю-дзям з’язджаць за мяжу, калі і ў краіне можна адпачыць не горш? – разважае гаспадар аграсядзібы. – Многія гэта зразумелі і “калясяць” па Беларусі. Але ўсякі гаспадар, які прапануе турысту прытулак, павінен разумець, што ўсе яны хочуць нечага незвычайнага, каларыту, экзотыкі, але ад камфорту яшчэ ніхто з іх не адмаўляўся. Камфорт галоўней за ўсё!

Вячаслаў плануе ў будучыні займацца і гасцінічным бізнесам. Справа ў тым, што ў аграсядзібах, на жаль, нельга прымаць людзей, якія знаходзяцца ў камандзіроўцы. Дагавора з імі не аформіш, не адзначыш ім камандзіроўку… Трэба шукаць варыянты, каб дапамагчы з начлегам прыезджым людзям.

Прыбытак ад турыстаў летась склаў палову ад чаканай сумы. Гэта не той вынік, які жадалі б бачыць Худзяковы, але пакуль “Вясёлка” на стадыі росту, а дадатная дынаміка з наведваннем бачная.

Пагутарыўшы з Вячаславам, можна сказаць, што гэты чалавек хутчэй арыентуецца не на ашаламляльны грашовы вынік, а захоплены самім працэсам стварэння ўсёй гэтай прыгажосці. Бо сам ён і “жнец, і на дудзе ігрэц”: прыходзілася працаваць і вадзіцелем, і сталяром, ён і мастак, і майстар па разьбярстве па дрэве, і муляр. Любіць рабіць усё сваімі рукамі. Гэтымі рукамі пасадзіў кожнае дрэва ў садзе, сярод якіх нават персік каля вялікай альтанкі ў двары. А жонка Ганна, наадварот, аддае перавагу інтэлектуальнай працы, у яе эканамічная адукацыя. Дачка ж вырашыла звязаць сваё жыццё з музыкай. Вось такая вось незвычайная сям’я з такімі рознымі інтарэсамі.

Дзяржава выканала сваю задачу

Напрыканцы мы абгаварылі праблемы, з якімі сутыкнуўся гаспадар, ствараючы сваю “маленькую планету”. Ці ўсе ўмовы стварыла для вас дзяржава, каб вы маглі без праблем займацца сельскім турызмам, спыталі ў яго:

– Якая была задача ў дзяржавы? Не задушыць падаткамі чалавека, які адважыўся адкрыць аграсядзібу – мы плацім чыста сімвалічную суму ў 35 тысяч рублёў раз у год. Потым, праз ААТ “Белаграпрамбанк” можна было атрымаць крэдыт на ўладкаванне сядзібы ўсяго пад 5 працэнтаў гадавых – вельмі выгадныя ўмовы. Затым дзяржава дапамагла з размяшчэннем інфармацыі аб сядзібах у Інтэрнэце – гэта найлепшая рэклама. Былі б яшчэ версіі сайтаў на замежных мовах, каб турысты з-за мяжы маглі з лёгкасцю атрымаць інфармацыю пра нас... Задача была падтрымаць сем’і, якія хочуць займацца агратурызмам, і прывабіць, зацікавіць людзей унутраным турызмам, каб грошы яны пакідалі ў сваёй краіне, а не трацілі на адпачынак за мяжой. Пастаўленая задача дзяржавай выкананая, – адказаў суразмоўца.

Вячаслаў прызнаўся, што ў яго ёсць многа задумак, як зрабіць з “Вясёлкі” месца, якое круглы год будзе прывабным для турыста. Ён гатовы падзяліцца імі са спонсарамі, калі такія знойдуцца пасля выхаду гэтага матэрыялу. У спонсарах гаспадар мае патрэбу – часы няпростыя. Агучыў адну ідэю – купіць коней. Але пакуль гаспадар у сумневах: конь не веласіпед.

А пакуль чым багатыя, дык камфортам. Ды прагулкамі па расе, ды свежымі гурочкамі з градкі… За ўсё пра ўсё турыст плаціць 60 тысяч рублёў у суткі. Гатуюць пераважна сабе самі, хоць гаспадары і не супраць рабіць гэта для сваіх гасцей.

Калі вы жадаеце ўбачыць усё гэта ўвачавідкі, зазірніце як-небудзь у “Вясёлку”. І хай адпачынак падарыць вам сапраўды вясёлкавыя ўражанні.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ

https://www.traditionrolex.com/8