https://www.traditionrolex.com/8
<p>У Ганцавічах мерапрыемства рэспубліканскага маштабу праводзілася ўпершыню за ўсю гісторыю існавання мястэчка</p>

У Цэнтры турызма і экскурсій заўважаюць, што звычайна за год прыязджае не больш за 120 гасцей.

У Ганцавічах мерапрыемства рэспубліканскага маштабу праводзілася ўпершыню за ўсю гісторыю існавання мястэчка. Невялікі горад – 15 тыс. жыхароў – моцна змяніўся перад святам: адрамантавалі дарогі, гасцініцу, рэстаран. Ганцаўшчына – гэта пачатак Беларускага Палесся, вось толькі для турыстаў гэты край збольшага застаецца нязведаным. Між іншым, менавіта тут захаваліся многія культурныя традыцыі. Напрыклад, у Ліпску дагэтуль зімой ткуць на кроснах. І бабулі лічаць за абразу, каб унучка, якая падрастае, калі будзе выходзіць замуж, купляла рушнік у краме. А ў Раздзялавічах ёсць фальклорна-этнаграфічны гурт «Завіца», які занесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Удзельнікам калектыву па восемдзясят гадоў, а яны дагэтуль рэпеціруюць канцэртныя праграмы.

Але самая папулярная вёска ў гэтым раёне – Люсіна. Пасля заканчэння Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі тут працаваў Якуб Колас. «Калі я прыехаў у вёску, пасярод яе  была вялікая лужына»,- пісаў ён пра Люсіна. І першая частка «У палескай глушы» трылогіі «На ростанях» напісана пра ганцавіцкую зямлю. Люсінцы гэтым фактам вельмі ганарацца, і кожны мясцовы жыхар, а, дарэчы, большасць з іх мае прозвішча Занька, гатовы распавесці пра тое, як тут жыў знакаміты пісьменнік.

У школе працуе адмысловы музей. Ён і стаў асноўным пунктам турыстычных экскурсій па літаратурных мясцінах Ганцавіцкага раёну. Як распавяла супрацоўніца Цэнтра турызма і экскурсій Ала Рылко, турысты з задавальненнем наведалі і мясціны Якуба Коласа, і Ніны Кавальчук, і Віктара Гардзея. «У экскурсіях удзельнічалі школьнікі з настаўнікамі з усёй краіны. Вельмі станоўча ацанілі і нашыя школы, і раённы краязнаўчы музей. Спадзяемся, што будуць прыязжаць да нас яшчэ». Агулам каля 250 турыстаў пабывала ў Ганцавічах на Дзень пісьменства. У той час за год звычайна прыязджае 80–120 гасцей.

Да свята ў горадзе адкрылі Алею пісьменства і ўсталявалі помнік Якубу Коласу. Праўда, сына пісьменніка, Міхася Міцкевіча, на адкрыццё не запрасілі, як і іншых сваякоў беларускага класіка.

Свята такога маштабу раённыя ўлады ўспрымаюць яшчэ і як нагоду аднавіць горад, палепшыць інфраструктуру. Але ці будзе далей развівацца турызм у Ганцавічах і які накірунак абяруць краязнаўцы і чыноўнікі?

На ўзнагароджанні беларускіх пісьменнікаў віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік сказаў: «Узнагароджваем вядомых пісьменнікаў, якія не вельмі папулярныя для шырокага кола чытачоў»... Можа, у такім выпадку варта рабіць акцэнт на іншых разынках і адметнасцях рэгіёна? Мала ў Беларусі засталося мясцін, дзе дагэтуль пастух гоніць кароў на пашу з ільняной торбачкай белага колеру і абавязкова з беларускім арнаментам. У Ганцавічах – у месцы, дзе пачынаецца Беларускае Палессе, вельмі моцныя карані беларускасці. Таму вельмі важна, каб пра гэта ведалі турысты.

https://www.traditionrolex.com/8