https://www.traditionrolex.com/8
<p>Загарадны клуб «Фестывальны» запрашае актыўных турыстаў у велападарожжа «За скарбамі кладніка», маршрут якога праходзіць па навакольных вёсках</p>

Загарадны клуб «Фестывальны» запрашае актыўных турыстаў у велападарожжа «За скарбамі кладніка», маршрут якога праходзіць па навакольных вёсках.

Гэта гістарычна-пазнавальны маршрут, адправіўшыся па якому, турысты на роварах наведаюць вёскі Барок, Дубашы, Вялікія Крывічы і Страплеўцы. Веламаршрут налічвае прыкладна 17 кіламетраў, час неабходны для падарожжа – ад 4 да 6 гадзін. Траса праходзіць па лясных і палявых дарогах з пясчанымі ўчастакам, а месцамі і па аўтамабільнай гравейцы, па дарозе сустракаюцца пад’ёмы і спускі. Па словах складальнікаў, каб адправіцца «За скарбамі кладніка», веласіпедысту не патрэбна асобая фізічная падрыхтоўка: маршрут разлічаны на сярэднестатыстычнага актыўнага турыста.

Незвычайная назва веламаршруту звязана з беларускімі паданнямі, паводле якіх кожны скарб мае свайго гаспадара – кладніка. Ён даглядае і ахоўвае схаваныя ад чужога вока багацці, таму адшукаць скарбы даволі цяжка. Аднак у велападарожнікаў не павінна ўзнікнуць ніякіх цяжкасцей, таму што скарбы, на пошукі якіх запрашае «Фестывальны», гэта найперш выбітныя мясціны, што знаходзяцца недалёка ад клуба.

Першы пункт на карце шукальнікаў скарабаў на роварах – вёска Барок, якая ў свой час належыла шляхетнаму роду Кучэўскіх. На жаль, панская сядзіба была спалена падчас Вялікай Айчыннай вайны, і да цяперашняга часу захавалася толькі канюшня, пабудаваная ў другой палове XIX стагоддзя.

Канюшня паноў Кучэўскіх

У Барку знаходіцца і яшчэ адзін «скарб» – экамузей «Свет пчолаў», прысвечаны традыцыйнаму беларускаму промыслу – бортніцтву.

Далей маршрут «За скарбамі кладніка» прывядзе велатурстаў у вёску Дубашы, былы маёнтак шляхціча Свентаржэцкага. У лясах побач з вёскай можна знайсці пахавальныя курганы ХІ–ХІІ стагоддзяў. Адметнасць самой вёсцы – у выкладзенай брукам дарозе.

Брукаванка ў Вялікіх Крывічах

Вядома, што брукаванкі больш характэрныя для гарадоў ды мястэчак. Сакрэт вясковай брукаванай дарогі просты: вяскоўцы цягнуліся да гарадскога ўзроўню жыцця, таму і брукавалі вуліцы. Да таго ж, брук на той час – асноўны надзейны сродак барацьбы з вясновым і восенскім брудам.

Наступны пункт падарожжа – вёска Вялікія Крывічы, якая хутчэй за ўсё была фарпостам крывічоў. Аўтары маршруту папярэджаваюўць велападарожнікаў аб тым, што брукаваныя вуліцы ў вёсках Дубашы і Вялікія Крывічы лепш пераадольваць пешшу. У Вялікіх Крывічах можна спыніцца каля царквы Аляксандра Неўскага, пабудаванай у 1864 годзе на месцы старога гарадзішча.

Царква Аляксандра Неўскага

Аматары «змрочнага жанру» могуць наведаць могілкі насупраць царквы, каб агледзіць 200-гадовыя пахаванні і напаўразбураны склеп-пахавальню роду Свентаржэцкіх. Цікава, што ў вёсцы знаходзіцца адзіны на Беларусі помнік… камуне: Вяліка-Крывічскую камуну мясцовыя сяляне арганізавалі за савецкім часам, але неўзабаве, калі землі перадалі Польшчы, гэта «грамадскае аб’яднанне» было расфарміравана.

Далей удзельнікаў велападарожжа «За скарбамі кладніка» сустракае вёска Страплеўцы, якая вядома цудадзейнай крыніцай. Тут можна не толькі напіцца гаючай вады, але і паслухаць цікавыя гісторыі пра крыж з фігурай Ісуса, устаноўлены побач з крыніцай. Мясцовыя жыхары сцвярждаюць, што ні іх бацькі, ні нават іх дзязды не памятаюць, калі быў пастаўлены крыж, і кажуць, што яму не менш за 200 гадоў. З крыжом звязана павер’е, нібыта ён абараняе Страплеўцы ад няшчасцяў: нават у вайну вёска не пацярпела. Таму, калі крыж вырашылі памяняць, а фігуру Ісуса перанесці ў царкву ў Ракаве, жыхары Страплеўцаў з суседзямі выйшлі на абарону вясковага абярэга.

Завяршаюцца пошукі скарбаў там жа, дзе і пачыналіся: у загарадным клубе «Фестывальны», у мінулым – хутар Арлоўшчына. Падмурак сядзібы, склеп і некалькі пладовых дрэваў вялікага некалі сада – вось і ўсё, што захавалася ад гаспадаркі былога ўладальніка Рыгора Шацькі. Але да гэтага часу мясцовыя жыхары расказваюць легенды пра схаваныя на хутары багацці, якіх пакуль ніхто так і не знайшоў. Цікаўнасць найбольш актыўных велатурыстаў паспрабуюць задаволіць супрацоўнікі загараднага клуба, якія ахвотна раскажуць пра скарб Рыгора Шацькі і, больш таго, пакажуць, дзе ён мог быць схаваны.

https://www.traditionrolex.com/8