<p>Кіраўніцтва ЛПГ «Выганаўская» дзяржаўнай прыродаахоўнай установы  Нацыянальны парк «Белавежская пушча» выканала сваё абяцанне і  арганізавала на перыяд нарыхтоўкі журавін маршруты на процілеглыя берагі  азёр Выганашчанскае і Бабровіцкае</p>

Кіраўніцтва ЛПГ «Выганаўская» дзяржаўнай прыродаахоўнай установы Нацыянальны парк «Белавежская пушча» выканала сваё абяцанне і арганізавала на перыяд нарыхтоўкі журавін маршруты на процілеглыя берагі азёр Выганашчанскае і Бабровіцкае, дзе ёсць добрыя журавінавыя «плантацыі».

Такім чынам, два катэры з магутнымі рухавікамі раніцай могуць даставіць зборшчыкаў ягад на месца збору, а вечарам – прывезці назад. Кошт паслугі – 35 000 рублёў з чалавека (за дзень). Можна разлічыцца непасрэдна журавінамі (пяць літраў з чалавека).

Як паведаміў газете «Івацэвіцкі веснік» Уладзімір Загароўскі, начальнік ЛПГ «Выганаўская», прапанова гаспадаркі вельмі зацікавіла мясцовых жыхароў. Ужо ў першы дзень (збор журавін, як вядома, дазволены з 5-га верасня) работнікі «Выганаўскага» перавезлі на другі бок азёр 28 зборшчыкаў журавін, а заявак на наступныя дні паступіла яшчэ больш.

Што тычыцца выхаду на воды азёр на ўласных лодках, то тут умовы засталіся ранейшымі: на сённяшні дзень на лодках з маторам на воды Бабровіцкага і Выганашчанскага азёр мясцовыя жыхары ці рыбаловы-аматары могуць выйсці толькі ў выхадныя і святочныя дні. Пры гэтым бензінавы рухавік можа мець магутнасць не болей за 10 конскіх сіл. У рабочыя дні выходзіць на азёры дазваляецца толькі на вёслах.

Аляксандр ГОРБАЧ