<p>Ажыў велічны палац, пабудаваны ў 1908 годзе</p>

Як інфармуе «Дзянніца»:

Неардынарна і цікава прайшлі на Шчучыншчыне Еўрапейскія дні гісторыка-культурнай спадчыны па

Велічны палац, пабудаваны ў 1908 годзе ў пераймальным стылі французскага і саксонскага ракако, па праекце архітэктара Ўладзіслава Марконі, напоўніўся галасамі, ажыў.

Апошнім разам такі наплыў людзей тут быў падчас здымкаў фільма «Масакра». А сёння мясцовыя жыхары, шчучынцы, госці са сталіцы сабраліся разам на адкрыццё выставы выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Работы маладых мастакоў з выявамі палацавага комплексу і тутэйшых краявідаў арганічна ўпісаліся ў інтэр’ер старажытнай забудовы.

– Мы з вамі сабраліся ў цудоўным месцы, якое фарміруе нацыянальную самасвядомасць, – падкрэслівае намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Ганна  Хвядзюк. – Райвыканкам надае вялікую ўвагу ўсім аб’ектам гістарычнай спадчыны, а іх у нас каля шасцідзесяці. У кожнага – свой лёс. Гэты комплекс шмат чаго пабачыў на сваім вяку: і росквіт, і заняпад. Новы фармат – мастацкі накірунак…

IMG_2745j

Шчырыя словы пра дарагую спадчыну, важнасць адраджэння Жалудоцкага культурнага асяродка сказалі таксама прадстаўнік уласніка палацава-паркавага комплексу намеснік дырэктара ДУП «Конус» Міхаіл  Урбановіч, член Саюза архітэктараў Людміла  Луцэвіч, арганізатар групы мастакоў-удзельнікаў пленэра Наталля Табушава.

Атмасферу ўзнёсласці імпрэзе надаў народны ансамбль духоўнай музыкі «Прэабражэнне» і ансамбль «Дывертысмент» Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў. А на вуліцы, ля палаца, іграў патэфон, прывезены акурат са Старавасілішкаўскага клуба-музея Чэслава Немэна, і ладзіўся пікнік з юшкай, дранікамі, каўбаскамі і рознымі іншымі прысмакамі. Не па-восеньску цёплы дзянёк, атмасфера шчырасці, сумесная трапеза, размовы пра высокае сагрэлі сэрцы ўсіх, хто завітаў у нядзелю ў гэта знакавае месца.

IMG_2638j

– Мы закахаліся ў палац, – дзеляцца ўдзельнікі пленэра маладыя мастакі Наталля Табушава, Аляксей Навумчык, Наталля Белавусава, Марына Барысенкава і Дар`я Шышкова. - Працавалася натхнёна, лёгка. А выстава ў старажытных сценах пакінула асаблівае, незабыўнае ўражанне!

Дарэчы, мы не маглі не заўважыць, з якой пяшчотай і любоўю напісаны мясцовыя краявіды і што колеры на карцінах мастакоў – крыху ярчэй за рэальныя. Ці то фарбы пакуль не высахлі, ці то погляд у моладзі такі пазітыўны, яркі, але акалічнасць гэтую мы палічылі знакавай.

IMG_2711j

– Галоўная мэта пленэра, канешне, – звярнуць увагу грамадства на цудоўны помнік дойлідства, прызнанага гісторыка-культурнай каштоўнасцю краіны, – падкрэслівае старшыня Жалудоцкага гарпасялковага савета Генадзій  Цывінскі, – прыцягнуць інвестараў і мецэнатаў, напомніць, што наша гісторыка-культурная спадчына – і ёсць той фундамент, на якім трымаецца сучаснасць і будуецца будучыня…

Алла Бiбiкава