https://www.traditionrolex.com/8
<p>Па ўсёй краіне пройдуць урачыстыя мерапрыемствы</p>
15 верасня ў Беларусі адзначаюць Дзень бібліятэк. Па ўсёй краіне пройдуць урачыстыя мерапрыемствы.


«Святкаванне Дня бібліятэк — знамянальная падзея ў жыцці краіны, якая сведчыць пра ўвагу дзяржавы і грамадства да бібліятэк як да найважнейшага элемента інфармацыйнай прасторы», - паведамляе прэс-служба Міністэрства культуры. Свята бібліятэчнай культуры адзначаецца ў нашай краіне з 2001 года і прыпадае на 15 верасня. Гэта дата была выбрана невыпадкова: 15 верасня 1922 года лічыцца днём заснавання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Святочныя мерапрыемствы традыцыйна пачнуцца з урачыстасці, прысвечанай Дню бібліятэк, што адбудзецца 15 верасня а 12-й гадзіне на плошчы перад Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі каля помніка Францыску Скарыну. У мерапрыемстве прымуць удзел прадстаўнікі дзяржаўных органаў у сферы культуры і бібліятэчнай справы, прадстаўнікі бібліятэчнай грамадскасці з розных рэгіёнаў Беларусі, запланаваны таксама тэатралізаваныя і харэаграфічныя нумары.
Да Дня бібліятэк прымеркавана і цырымонія перадачы кніг Бібліятэкай Кангрэса ЗША ў дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, што адбудзецца 17 верасня а 15-й гадзіне ў галерэі «Лабірынт». У межах гэтай акцыі Бібліятэка Кангрэса ЗША перадае ў бібліятэчныя фонды больш за 200 кніг грамадзянскай тэматыкі на англійскай, іспанскай, нямецкай мовах. У мерапрыемстве прымуць удзел прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, міністэрстваў і ведамстваў Рэспублікі Беларусь.
18 верасня святкаванне Дня бібліятэк працягнецца карпаратыўнай культурна-забаўляльнай праграмай у ФПБ «Алімпіец». Для супрацоўнікаў бібліятэкі будуць арганізаваныя гульні, конкурсы, розыгрыш латарэі. Пераможцы атрымаюць памятныя падарункі. Гасцей свята чакае выступленне творчых калектываў.
Святочныя мерапрыемствы запланаваныя ў кожнай з бібліятэк. Напрыклад, бібліятэка №2 г. Мінска (вул. К.Чорнага, 10) запрашае на кулінарныя пасядзелкі да 55-годдзя музея Я. Коласа «Бульбу любяць ад душы – беларусы-бульбашы». У бібліятэцы №14 (вул. Варвашэні, 11) адбудзецца сустрэча з маладымі беларускімі аўтарамі, а таксама прэзентацыя найлепшага рэперскага хіта з цыклу мерапрыемстваў «Шчасце чытання з…». Тым часам літаратурны вернісаж да 120-годдзя з дня нараджэння Агаты Крысці прэзентуюць у бібліятэцы №10 (пр-т Незалежнасці, 123/3).
https://www.traditionrolex.com/8