<p>Па заключэнні спецыялістаў санітарна-эпідэміялагічнай службы сёлета   колькасць «захварэўшых» цэркарыёзам пасля купання ў Нарачанскіх азёрах   зменшылася ў дзевяць разоў у параўнанні з летам мінулага года</p>

Як паведамляе «Нарачанская зара»:

АДШУМЕЛА цёплае звонкае лета. Тысячы людзей наведалі прыгажэйшыя куточкі Мядзельшчыны, каб адпачыць, умацаваць здароўе. Самы час падагуліць зробленае, намеціць планы на будучыню.

Ці турбавала сёлета адпачываючых праблема захварэць на цэркарыёз пасля купання ў возеры Нарач?

З такім пытаннем звярнуўся да намесніка генеральнага дырэктара НП «Нарачанскі» па навуковай рабоце В. С. ЛЮШТЫКА. Вось што ён адказаў:

– Па заключэнні спецыялістаў санітарна-эпідэміялагічнай службы сёлета колькасць «захварэўшых» цэркарыёзам пасля купання ў Нарачанскіх азёрах зменшылася ў дзевяць разоў у параўнанні з летам мінулага года. Да медыкаў са скаргамі праяўлення алергадэрміту звярнулася менш за 50 чалавек. Таму, лічу, адпачынак на курорце быў псіхалагічна камфортным.

– Цэркарыёз на Нарачы адступае. Валерый Сямёнавіч, што, як вы лічыце, паспрыяла гэтаму?

– Быў распрацаваны план мерапрыемстваў па зніжэнні рызыкі цэркарыёзу ў Нарачанскім рэгіёне, зацверджаны Мінскім абласным выканаўчым камітэтам. Прычым па рэкамендацыі вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі было прынята рашэнне аб павышэнні ўзроўню адказнасці за выкананне мерапрыемстваў кіраўнікамі суб’ектаў гаспадарання ў курортнай зоне, у першую чаргу кіраўнікамі здраў­ніц і аздараўленчых устаноў.

Таму пры падрыхтоўцы да сезона масавага адпачынку пляжы санаторыяў добраўпарадкоўваліся ў адпаведнасці з патрабаваннямі гігіеністаў і прыродаахоўных ведамстваў. На ўсіх пляжах былі ўстаноўлены душавыя кабіны. Гэта, дарэчы, строга кантралявалася спецыяльнай камісіяй, якая была створана пры райвыканкаме. Кіраўнікі здраўніц арганізавалі летам збор малюскаў у раёне «сваіх» пляжаў. Мэтанакіраваная растлумачальная работа праводзілася з адпачываючымі па недапушчэнні кармлення птушак і іншых спосабаў прыцягнення іх у прыбярэжную зону. Варта адзначыць, што амаль усе пляжы курортнай зоны сёлета былі забяспечаны плывучымі платформамі (пірсамі). Гэтыя пантонныя мосцікі дазвалялі людзям падысці бліжэй да глыбакаводнай зоны возера, мінаючы мелкаводдзе, і засцерагалі купальшчыкаў ад кантакту з лічынкамі. Выкошванне расліннасці на Нарачы ў прыбярэжнай паласе таксама адыграла сваю станоўчую ролю. Ды і сама прырода паклапацілася, каб знізіць узровень рызыкі. Гэтае лета было халаднаватым у параўнанні з мінулагоднім, калі інтэнсіўнае праграванне вады садзейнічала размнажэнню малюскаў, якія пераносяць цэркарыі. Усё гэта паспрыяла зніжэнню цэркарыёзу.

Дарэчы, гэта праблема характэрная для многіх азёр свету, сярод якіх Вялікія амерыканскія азёры, возера Балатон у Венгрыі і іншыя.

На навукова-тэхнічным савеце Нацыянальнага парку «Нарачанскі» абмяркуем, прааналізуем вынікі прайшоўшага сезона, пасля гэтага будзе выпрацавана праграма дзеяння па зні­жэнні распаўсю­­-
дж­ання цэркарыёзу на наступны год.

Гутарыў Ігнат ЛУБНЕЎСКІ