https://www.traditionrolex.com/8
<p>Пад дэвізам «РАЗАМ — БЕЗ МЕЖАЎ!» сёлета ў нашай краіне быў упершыню праведзены Міжнародны турыстычны злёт маладых інвалідаў. З усёй Беларусі людзі з абмежаванымі магчымасцямі «зляцеліся» на базу адпачынку «Дружба» ў Астрашыцкім гарадку</p>

Як паведамляе «Чырвоная зорка» (Узда):

Пад дэвізам «РАЗАМ — БЕЗ МЕЖАЎ!» сёлета ў нашай краіне быў упершыню праведзены Міжнародны турыстычны злёт маладых інвалідаў. З усёй Беларусі людзі з абмежаванымі магчымасцямі «зляцеліся» на базу адпачынку «Дружба» ў Астрашыцкім гарадку, дзе на працягу дзесяці дзён — з 21 па 31 жніўня — абменьваліся вопытам, набывалі практычныя веды, наладжвалі сяброўскія адносіны.

Арганізатарам злёту выступіла Беларускае таварыства інвалідаў,  удзел у падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемства прынялі «Інвацэнтр» і прадстаўнікі арганізацыі «Еўракантакт» (Германія).

Сярод 58 удзельнікаў маштабнага мерапрыемства былі і прадстаўнікі Уздзеншчыны: загадчыца аддзялення дзённага прабывання для інвалідаў Аксана Міхнавец і яго наведвальніцы Дзіяна Бокун і Марыя Гуро (на здымку).

32-e1315933513868

— Насычаная праграма для гасцей злёту складалася з асветніцкіх, адукацыйных, культурна-масавых мерапрыемстваў, якія адбываліся з  удзелам замежных гасцей, — падзялілася ўражаннямі і ўспамінамі Аксана Міхнавец. — У першы жа дзень удзельнікі сфарміравалі чатыры групы, дзейнасць кожнай з якіх вызначалася загадзя абраным тэматычным накірункам: мастацтва, спорт, экалогія, музыка. Маючы вопыт выканання музычных кампазіцый, мы з Машай і Дзіянай выбралі адпаведную каманду. Нямецкія калегі праводзілі з нашай групай заняткі па спевах, танцах, сцэнічным майстэрстве, для нас былі праведзены майстар-класы, прысвечаныя стварэнню відэакліпаў. Сябры з Германіі з радасцю дзяліліся з намі вопытам, творчымі ідэямі. Моўны бар’ер мы пераадольвалі не толькі з дапамогай перакладчыкаў, якія суправаджалі кожную групу на працягу дня, але і ўласнымі сіламі: штосьці прыгадвалі са школьнай пары, многія выразы вучылі падчас зносін з замежнымі гасцямі.

Кожны дзень, праведзены ў Астрашыцкім гарадку, спрыяў адаптацыі маладых інвалідаў да актыўнага, напоўненага рухам, імкненнем да зведвання новага, цікавага жыцця. Ён пачынаўся з прыемнага хвалявання: а што цікавага адбудзецца сёння? Радавалі і ўражвалі ўдзельнікаў злёту сустрэчы з запрошанымі байкерамі, фехтавальшчыкамі, па вечарах зала з музычнай апаратурай прызыўна разлівала ў паветры меладычныя гукі, якія запрашалі жадаючых наведаць дыскатэку. Акрамя забаўляльных праграм, конкурсаў, спартыўных і інтэлектуальных спаборніцтваў маладым людзям былі прапанаваны пазнавальныя падарожжы. Часовыя жыхары базы «Дружба» наведалі Хатынь, начны Мінск, завіталі ў выставачныя залы музея Астрашыцкага гарадка.

Не спыняўся на працягу дзесяці дзён і адукацыйны працэс. Госці з розных абласцей краіны станавіліся ўдзельнікамі гутарак, прысвечаных правам інвалідаў, дзяліліся вопытам наладжвання работы з людзьмі, якія маюць абмежаваныя магчымасці. Таленавітыя ў выкананні музычных кампазіцый, танцаў, акцёрскім майстэрстве, спорце, удзельнікі злёту рыхтавалі прэзентацыі сваіх груп, наладжвалі канцэрты. Група «Музыка», у склад якой увайшлі нашы землякі, выканала кампазіцыі «Маленькая страна», «Желаю», «Мужичок с гармошкой», «Пой, гитара». Разам з нямецкімі спецыялістамі суполка аматараў-музыкаў зняла відэа-кліп  на песню з кінафільма «Тытанік».

Сваімі ўражаннямі ўдзельнікі злёту падзяліліся з карыстальнікамі інтэрнэта на віртуальных старонках блога, створанага на нямецкім сайце для інвалідаў. У час развітання як з беларускага, так і з нямецкага боку гучала многа цёплых словаў, была дасягнута дамоўленасць аб правядзенні ў наступным годзе аналагічнага мерапрыемства, на якое Уздзенскае аддзяленне дзённага прабывання для інвалідаў зараней атрымала запрашэнне разам з прапановай прыехаць да новых сяброў на іх радзіму.

За 10 дзён удзельнікі злёту паспелі пасябраваць, абмяняцца кантактамі, падзяліцца вопытам, набыць неабходныя веды, а галоўнае — яны разарвалі ланцугі абмежаваных згодна з медыцынскімі заключэннямі магчымасцей, што несправядліва трымалі пад гнётам таленавітыя і творчыя натуры энергічных, актыўных, няўрымслівых маладых людзей.

Аксана АНДРОСІК

https://www.traditionrolex.com/8