https://www.traditionrolex.com/8
<p>Мы ведаем, што Скарына пачатковую адукацыю атрымаў у г  Полацку, і яе  якасць дазволіла ў далейшым будучаму асветніку паступіць у еўрапейскі  ўніверсітэт. Гэта  значыць, што ён ведаў выдатна латынь, кніжную грамату  і, натуральна,  мог вучыцца ў бернардынцаў, бо менавіта яны на той час  забяспечвалі  такую якасную адукацыю ў Полацку</p>

Як паведамляе «Полацкi веснiк»:

Летам кожнага года кафедра айчыннай і ўсеагульнай гісторыі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта праводзіць у Полацку археалагічныя даследаванні. Сёлета яны праходзілі ў мікрараёне Запалоцце.

Бернардынскі кляштар

— Гэта быў дванаццаты сезон, — расказвае загадчык кафедры ПДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Дзяніс Дук. — Мы працягвалі даследаванні тэрыторыі Запалоцця, якая размешчана ў зоне прыватнай грамадзянскай забудовы (раён вуліцы Краснова). У мінулым годзе там пачалі археалагічныя раскопкі і стала зразумела, што наткнуліся на рэшткі аднаго з карпусоў бернардынскага кляштара. У ім былі жылыя, вытворчыя карпусы, быў, уласна кажучы, — і сабор. Усё гэта з дрэва, усё існавала ў першай палове XVI стагоддзя. Заснавалі манастыр напрыканцы XV стагоддзя. А ў 1563 годзе, калі Полацк быў захоплены Іванам IV, манахі-бернардынцы, іх там засталося няшмат — шэсць чалавек, былі забіты, а кляштар спалены.

Яго існаванне супярэчыла асноўнай ідэалагічнай дактрыне: праваслаўны Полацк, а тут басурмане. І калі мы пачалі капаць, зразумелі, што натрапілі на рэшткі аднаго з жылых карпусоў. Тут жылі манахі, тут яны праводзілі навучанне полацкіх мяшчан і баяр, у тым ліку і іх дзяцей, нават праваслаўнага веравызнання. Школа гэта была каталіцкая, але забяспечвала адукацыяй усіх, хто мог за гэта заплаціць.

Тут вучыўся Скарына?

— І што, тут вучыўся наш славуты Францыск Скарына?

— Якраз мы ведаем, што Скарына пачатковую адукацыю атрымаў у  Полацку, і яе якасць дазволіла ў далейшым будучаму асветніку паступіць у еўрапейскі ўніверсітэт. Гэта значыць, што ён ведаў выдатна латынь, кніжную грамату і, натуральна, мог вучыцца ў бернардынцаў, бо менавіта яны на той час забяспечвалі такую якасную адукацыю ў Полацку.

Што нам было вядома пра гэты манастыр? Па-першае, мы ведалі,што  ёсць дакумент, згодна з якім бернардынцам даравана тэрыторыя  у Полацку. Там напісана — па напрамку Верхняга замка, у бок царквы Святога Духа, далей паворочвае да рэчышча Палаты, да поплава на Палаце і зноў вяртаецца да Верхняга замка. Мы прыкладна ўяўлялі, што на гэтай тэрыторыі знаходзіўся манастыр. Ёсць, дарэчы, і графічная выява гэтага манастыра.

— А дзе яна захавалася?

— У Вільні, у кляштары Святога Францыска. Фрэска была адкрыта выпадкова, падчас рэстаўрацыі, гадоў пяць назад. Уладзімір  Гліннік меў магчымасць сфатаграфаваць яе. Там якраз сцэна, дзе жаўнеры Івана IV катуюць гэтых самых бернардынцаў. Усё разгортваецца ў Полацку. Намаляваны корпус, які размешчаны ўздоўж Дзвіны. Мы якраз натрапілі на рэшткі драўлянага будынка, які датуецца першай паловай XVI стагоддзя, у якім калісьці былі два печышчы, склеп, дзе знаходзіўся посуд. Даўжыня будынка больш за 16 метраў. У гэтым слоі мы знайшлі шэраг унікальных артэфактаў.

3-sensacyja-4

Кафля з выявай Багародзіцы і Збавіцеля

— Раскажыце, калі ласка, пра самыя цікавыя знаходкі.

— У жылым корпусе печы былі абкладзены кафляй. На той час гэта абсалютная навацыя, таму што  кафлю для сцен пачалі рабіць немцы. У польскія і беларускія гарады, якія мелі кантакт з ганзейскімі гарадамі, яна трапляла праз Любак, Рыгу… Мы знайшлі частку кафлі, на якой ёсць манаграма Дзевы Марыі і выява двух лікаў — Дзевы Марыі і Іісуса Хрыста. Выявы кафлі з лікамі называем маскаронамі, дык вось гэтыя два маскароны зроблены высокім гарыльефам, а гэта традыцыя позняй нямецкай готыкі. Знайшлі гандлёвыя пломбы, якія датуюцца першай паловай XVI стагоддзя (гандаль быў актыўны), посуд керамічны, як айчыннай, так і замежнай вытворчасці. Вельмі шмат імпартнай. Арэал — Рэйнская вобласць (Германія), Турцыя (Блізкі Усход), і, відаць, пэўная колькасць посуду была з Рыгі.

Сярод знаходак дзве шахматныя фігуры, адна ладдзя, прычым, відаць, паходная (шахматы маленькія, зробленыя з рога), і пешка. Гэта ўжо стацыянарная шахматная фігура. Знайшлі бронзавую вокладку на кнігу з каляровымі эмалямі. Датуюцца канцом XV стагоддзя. І яшчэ розныя рэчы — манеты у тым ліку. Самай, бадай, цікавай побытавай знаходкай з’яўляецца керамічны заварнік. Мы частку заварніка сабралі — аб’ём літра на тры. Прычым аналага такога заварніка няма нідзе ў Беларусі. Яўна зроблены на манер пасудзіны не тутэйшай, скажам так, але з мясцовай гліны і з выявамі фантастычных жывёл, якія малявалі ў рэгіёне Пскова, Ноўгарада, Полацка. Відаць, пасудзіну ствараў мясцовы майстар. І клеймы ставіў свае. І вось гэты заварнік, унікальны абсалютна, датуецца першай паловай XVI стагоддзя.

3-sensacyja-2

Чаму не музіфікуем?

— Дзяніс Уладзіміравіч, на мой погляд, тое, што знойдзена школа, дзе вучыўся Скарына — факт для Полацка выключны. Мы не можам сказаць, дзе ён непасрэдна жыў. І вось тут ён вучыўся… Можна прыйсці на гэтае месца, адчуць бег часу, паказаць яго гасцям. Такая шыкоўная знаходка.

— Безумоўна, згодны з вамі, але ж у Полацку кожная знаходка важная. Часта задаюць пытанне, калі ідзе гаворка пра бернардынцаў, чаму не музіфікаваць гэтую тэрыторыю і не паказваць людзям? Я адказваю, каб я прывёў сюды людзей і паказаў, яны нічога не зразумелі б. Рэшткі печышчаў фіксуем толькі па плямах і па кераміцы, якую знаходзім. Прафесіянал можа гэта зафіксаваць. А пад імі яшчэ слой — паўтара метра XIII, XII, XI і канца Х стагоддзяў. Гэта ж таксама трэба было выбіраць. Але мы ведаем, як выглядаў гэты дом, дзе стаялі печы, ля якіх мог грэцца наш славуты продак, маю на ўвазе Скарыну, і глядзець на гэтыя выявы на кафлі.

Маем посуд, з якого яго маглі частаваць гарбатай, і маем набор артэфактаў, якія дазволяць нам у будучым, калі будзе зроблена рэгенерацыя Верхняга і Ніжняга замкаў і  створаны новыя турыстычныя маршруты (тэрыторыя, на якой быў размешчаны Бернардынскі манастыр якраз у ста метрах ад гэтага маршруту), тады і можна зрабіць макет гэтага кляштара, адзін да дзесяці, напрыклад. Можна зрабіць нават невялікі музейчык, артэфакты ёсць. Для такіх рэканструкцый падстаў у нас больш, чым дастаткова. На жаль, як кажуць, жыўцом пабачыць забудову немагчыма, яна згарэла. А ў культурным слоі засталіся толькі яе рэшткі.

Да шчасця ці не, у Полацку шмат аб’ектаў, дзе можна такім кшталтам раскапаць мураваныя падмуркі. Тыя ж храмы полацкай школы дойлідства ХII стагоддзя, і зрабіць выдатныя музеі, музіфікаваўшы падмуркі. Яны захаваліся месцамі на 1,5–2 метры вышынёй. Напрыклад, у Бельчыцкім Барыса-Глебскім княжацкім манастыры. Тры храмы, з іх два — некранутыя, незабудаваныя. Стаяць, капай і музіфікуй.

На цвінтары

— Дзяніс Уладзіміравіч, ці вялі вы сёлета яшчэ раскопкі на тэрыторыі Полацка?

— Так, побач з навучальна-вытворчым камбінатам. Там мы раскапалі рэшткі праваслаўнага цвінтара каля царквы Раства Хрыстова, якая вядома з XIII стагоддзя і праіснавала да канца XVII стагоддзя. Цвінтар (царкоўны двор) знакаміты тым, што Ісафат Кунцэвіч, полацкі ўніяцкі архіепіскап, які вельмі актыўна распаўсюджваў уніяцтва, прычы не вельмі добрымі сродкамі, і які, у рэшце рэшт, быў забіты віцебскімі і полацкімі мяшчанамі ў Віцебску, зрабіў такі загад: усе спачыўшыя праваслаўныя хрысціяне, якія пахаваны па праваслаўным абрадзе, павінны быць выкапаны і кінуты на з’ядзенне сабакам. І мяшчане патаемна ўначы хавалі памерлых. І адпявалі па праваслаўным абрадзе.

Па загадзе архіепіскапа былі выкапаны некалькі цел і выкінуты. Усё адбывалася на гэтым цвінтары. Мы якраз капалі на цвінтары з поўдня, побач з храмам. І што самае цікавае – знайшлі некалькі пустых магіл: ёсць магільная яма, рэшткі труны, цела няма. Вось і думай, можа той самы выпадак і знайшлі?

Сенсацыйная знаходка ў Дрысе

— Сёлетняе лета ў вас багатае на знаходкі. Стала сенсацыяй знаходка ў Дрысе язычніцкага ідала. Раскажыце, як гэта адбылося?

— У 1991 годзе ў рацэ Дрыса полацкія дайверы Алег Бялькевіч і Алег Мацюшонак у час падводнага палявання знайшлі гэтую скульптуру. А праз дваццаць гадоў пра знаходку стала вядома жыхару Полацка Анатолю Бельчыкаву, які і паведаміў пра яе археолагам універсітэта. У ліпені была наладжана экспедыцыя.

Скульптура  знойдзена недалёка ад вёскі Краснаполле Расонскага раёна. Пасля кансультацыі з музейнымі і навуковымі ўстановамі было прынята рашэнне аб яе пад’ёме, кансервацыі і музіфікацыі артэфакта. Пад’ём скульптуры быў зроблены пры ўдзеле прадстаўнікоў беларускага падводнага клуба «Капітан Морган».

Вышыня скульптуры дасягае 118 см, даўжыня асновы — 103 см, шырыня — 50 см. Выраблена з масіўнага ствала дуба. Вочы, нос, рот, а таксама падбародак выраблены з дапамогай металічнай стамескі. Для апрацоўкі скульптуры была выкарыстана сякера. Тарэц асновы язычніцкага бога быў спілены, дзякуючы чаму відаць гадавыя кольцы.

Аснова скульптуры была абпалена, тым не менш  захаванасць яе ў цэлым можна лічыць як цудоўную, дзякуючы натуральнай кансервацыі драўніны ў рачных умовах без доступу кіслароду.

Старажытная скульптура ідала перададзена на кансервацыю і музіфікацыю у Інстытут гісторыі НАН Беларусі.

Прыналежнасць ідала можна звязваць з вышэйшым пантэонам язычніцкіх багоў. Верагодней за ўсё, з культам Пяруна. Ідала Пяруна выразалі з дуба (гэта мы ведаем па летапісах) — самага шануемага (сакральнага) дрэва беларусаў і іншых індаеўрапейскіх народаў.

Па-другое, ён цэлы. Яго не секлі мячамі, яго не палілі ў вогнішчы, за выключэннем асновы. Але гэта маглі быць рэшткі рытуальнага вогнішча. Такая захаванасць ідала вельмі не характэрная. Калі разбураліся капішчы, усе стоды знішчаліся, а ў працэсе спальвання іх яшчэ і секлі.

3-sensacyja-1

І тут узгадаем класічны выпадак. Як вядома, пасля прыняцця князем Уладзімірам хрысціянства ўсіх кіеўскіх ідалаў, за выключэннем Пяруна, пасеклі мячамі і спалілі, а ідал Пяруна ў акружэнні 12 дружыннікаў (Пярун быў апекуном воінаў і земляробаў) спусцілі з кіеўскай гары і праводзілі па Дняпры да парогаў, мінаваўшы якія, ён апынуўся на Востраве (магчыма Хорціцы). Пяруна заўсёды ў рэкі кідалі, у кожнага дружынніка быў яго амулет. Узгадаем, што земляробы заснавалі Полацкую зямлю. І вось гэты статусны бог урадлівасці, выраблены з дуба, і тое, што ён цэлы, сведчыць, што знойдзеная скульптура — ідал Пяруна. Ён з’яўляецца першай археалагічнай знаходкай такога кшталту на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Генетычна ідал з Дрысы звязаны з язычніцкімі вераваннямі ўсходніх славян і з’яўляецца ўнікальным у гістарычным і культурным асмысленні.

 

 

Гутарыла Вольга ГАВЯЙНОВІЧ

Фота Дзяніса ДУКА

https://www.traditionrolex.com/8