<p>Традыцыйна ў верасні Інстытут імя Гётэ ў Мінску запрашае ўсіх, хто цікавіцца нямецкай мовай і культурай, на свята нямецкай мовы, што пройдзе з 23 па 27 верасня ў Мінску</p>

Традыцыйна ў верасні Інстытут імя Гётэ ў Мінску запрашае ўсіх, хто цікавіцца нямецкай мовай і культурай, на свята нямецкай мовы, што пройдзе з 23 па 27 верасня ў Мінску.

Прадстаўленыя ў праграме даклады, семінары  і літаратурныя чытанні аб’яднаныя тэмай шматмоўнасці, якая будзе разглядацца з розных перспектыў: прафесар д-р Штэфан Эльшпас, напрыклад, раскажа пра з'яву шматмоўнасці ўнутры нямецкай мовы, а менавіта пра яе тэрытарыяльныя варыянты, і пра тое, як гэта можа выкарыстоўвацца на занятках. Розныя тэорыі і кампаненты фактару матывацыйнага абгрунтавання вывучэння мовы асвятліць у сваім дакладзе д-р Маргіт Брэкле.

«Дзве лепш, чым ніводнай» – такую назву абрала для свайго выступу, прысвечанага ўласнаму досведу двухмоўнасці, швейцарская паэтка іранскага паходжання д-р Каці Зарнэгін. Пойдзе гаворка таксама і пра найноўшыя тэндэнцыі развіцця сучаснай нямецкай мовы, і пра дыскрымінацыю ў моўнай сферы (прафесар д-р Штэфан Эльшпас), і пра турыстычную прывабнасць Аўстрыі (Ірыс Хоэнэдэр). Хто захоча паглыбіцца ў прапанаваную ў дакладах тэматыку, мае магчымасць наведаць адпаведныя семінары пад кіраўніцтвам прафесара Штэфана Эльшпаса і д-ра Маргіт Брэкле. 

У межах культурнай праграмы выступіць швейцарскі аўтар Енс Нільзэн, які ў сваіх літаратурных перформансах «Адзін дзень рабіць усё не так» і «Гадзіннік у жываце» раскрые багацце прамоўленага слова. Пра тое, што «Усё будзе так, як не хоча ніхто», раскажуць па-нямецку і па-беларуску Енс Нільзэн і акцёр Віталь Краўчанка. Чалавек, які, пабачыўшы жанчыну ў тэатры, губляе не толькі галаву, але і ўсе іншыя часткі цела, дзяўчынка, у цела якой цені дарослых зашываюць ежу, стол, пакой ды іншыя рэчы, – у гратэскных героях Нільзэна бы праз павелічальнае шкло бачныя нашы ўласныя настроі, страхі і жаданні.

Паразважаць пра ўзаемаадносіны чалавека і мовы запрашаюць 26 верасня, у Еўрапейскі дзень моў, беларускія акцёры Зоя Белахвосцік, Валянціна Гарцуева і Аляксандр Казела, якія ў фармаце сцэнічнага чытання пад назвай «Людзі ствараюць мовы, мовы ствараюць людзей» прадставяць тэксты нямецкіх аўтараў, прысвечаныя мове. Пытанні суіснавання шматлікіх моў і феномен шматмоўнасці будуць абмяркоўвацца падчас подыумнай дыскусіі.

Свята нямецкай мовы праводзіцца ў супрацоўніцтве з Аб’яднаннем выкладчыкаў нямецкай мовы і германістаў, Аддзелам мовы і культуры Федэральнага міністэрства па справах выкладання, мастацтва і культуры Аўстрыі і швейцарскім фондам Пра Хельвецыя.

Пазнаёміцца з праграмай свята можна на нашым сайце.