https://www.traditionrolex.com/8
<p>На месцы ўнікальнай сядзібы беларускага філосафа-мараліста Фларыяна  Бохвіца ў Вошкаўцах (сёння – вёска Ураджайная) засталіся толькі парослыя быльнягом руіны</p>

На месцы ўнікальнай сядзібы беларускага філосафа-мараліста Фларыяна Бохвіца ў Вошкаўцах (сёння – вёска Ураджайная) засталіся толькі парослыя быльнягом руіны

«Пан Бохвіц быў бы вельмі засмучаны, каб убачыў, што адбылося з яго родным домам», – такімі словамі сустрэў карэспандэнта Intex Press адзін з мясцовых жыхароў колішніх Вошкаўцаў, які і распавёў пра разбурэнне сядзібы.

2

Так выглядаў стары дом Бохвіцаў – здымак 2009 года

3

А так выглядае котлішча Бохвіцаў цяпер – здымак 2011 года

Праўда, сёння сяляне ўжо не могуць прыгадаць, калі дакладана ляхавіцкія пажарнікі разабралі дом Бохвіцаў. Апошні раз карэспандэнт IP бачыў гэты дом два гады таму, калі рыхтаваў артыкул пра сядзібу Бохвіцаў у межах гістарычнага праекта «Сляды спадчыны».

 4

Ранейшы выгляд  дома Фларыяна Бохвіца – здымак 2009 года

Як паведамілі IP у адміністрацыі Ляхавіцкай раённай бальніцы, на балансе якой і знаходзіўся знішчаны будынак, аб’ект знеслі ўвосень 2010 года, разабраўшы на дровы, якія пайшлі на патрэбы ўстановы.

Па словах галоўнага бухгалтара бальніцы Вольгі Равякі, знос будынка быў санкцыяніраваны адпаведным рашэннем Ляхавіцкага райвыканкама яшчэ ад 26 жніўня 2008 года №759 «О разрешениии списания основных средств». На пытанне, як мог з’явіцца падобны дакумент, калі пры заездзе на тэрыторыю сядзіба-паркавага комплексу Бохвіцаў стаіць шыльда Міністэрства культуры РБ з пазнакай: «Гісторыка-культурная каштоўнасць. Ахоўваецца дзяржавай», Вольга Равяка адказала, што ніякіх ахоўных дакументаў на будынак не было.

За тлумачэннем IP звярнулася да Валерыя Івашкі, які працяглы час працаваў спецыялістам па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры аддзеле культуры Ляхавіцкага райвыканкама.

 «Сёння я на іншай пасадзе і гэтымі пытаннямі не займаюся, – адмовіўся ад каментарыяў Валерый Івашка, які сёння займае пасаду начальніка гаспадарчай групы аддзела культуры. – За ахову помнікаў цяпер адказвае наш малады спецыяліст, які зараз хварэе. Ператэлефануйце праз тыдзень…»

Як паведаміла начальнік аддзела культуры Ляхавіцкага райвыканкама Ніна Прыхач, колішні сядзібавы дом Бохвіцаў вырашылі знесці, паколькі ён знаходзіўся ў аварыйным стане: «Гэты будынак не ўваходзіў у Спіс гісторыка-культурных помнікаў РБ, а таму не патрабаваў нейкага дадатковага дазволу на знос. Ён уяўляў пагрозу для жыцця людзей і яго вырашылі знесці».

Між іншым ляхавіцкі мастак і краязнаўца Сяргей Чарановіч перакананы, што сядзібавы дом Бохвіцаў не быў у аварыйным стане: «Ад тога часу, калі з сядзібы выселілі амбулаторыю, мясцовае насельніцтва актыўна пачало рабіць тое, на што беларусы вельмі здольныя: павымалі вокны, разабралі падлогу… Але дах і сцены былі цэлыя. Дом сапраўды стаяў закінутым, але яго нельга было назваць аварыйным».

Сяргей Чарановіч адзначае паслядоўнае знішчэнне гістарычынай спадчыны ў рэгіёне. Некалькі гадоў таму ў суседняй вёсцы Дарава часткова былі знішчаныя і пахаванні Бохвіцаў, у тым ліку і надмагілле самаго Фларыяна Бохвіца. Вінаватыя тады таксама не былі пакараныя.

«Фактычна мы чарговы раз маем здзейснены акт злачынства, – мяркуе краязнаўца. – Не цяжка ўявіць, які грамадскі шум падняўся б у нашых суседзяў, палякаў або літоўцаў, каб там знішчылі магілу і сядзібавы дом вядомага філосафа… Наша галоўная праблема ў тым, што на ўзроўні ўлады, як і на ўзроўні мясцовага насельніцтва, з якога яна паходзіць, няма цікавасці і духоўнай патрэбы ў захаванні сваёй культурнай спадчыны. Навошта ім думаць, як захаваць пэўны аб’ект ці шукаць грошы на яго рэстаўрацыю, калі прасцей  знесці ўсё бульдозерам…»

Па словах Сяргея Чарановіча, уся ахова гіісторыка-культурных аб’ектаў у Ляхавіцкім раёне абмяжоўваецца ў лепшым выпадку вывазам смецця ды выкошваннем травы: «На большае грошай няма. Наш раён жыве на датацыях, сродкаў не хапае на першасныя жыццёвыя патрэбы. А што ўжо казаць пра гістарычную спадчыну!»

Гістарычная даведка:

Сядзібавы дом у Вошкаўцах (сёння в. Ураджайная Ляхавіцкага раёна) лічыўся адным з самых старых у Беларусі. Яго аснова была пабудаваная яшчэ ў XVII ст. з імпартаванай лістоўніцы, з выкарыстаннем толькі драўляных цвікоў. Падчас пазнейшых перабудоваў сядзібавы дом зазнаў на сабе ўплыў розных архітэктурных стыляў і эпох.

Менавіта ў гэтым старым доме разам з жонкай Паўлінай Маеўскай (роднай цёткай Адама Міцкевіча) пражыў жыццё вядомы на той час філосаф-мараліст Фларыян Бохвіц, аўтар працаў «Існасць маёй думкі пра мэты існавання чалавека», «Думкі пра выхаванне чалавека» і інш. Як адзначае даследчык А. Федарук, Фларыян Бохвіц прысвяціў жыццё вывучэнню пытанняў грамадска-палітычнага і этычнага характару, значэння працы ў жыцці чалавека, выхаванню і ўдасканаленню чалавечага розуму і пачуццяў.

1

Дом Бохвіцаў быў  месцам сустрэчаў беларускай інтэлігенцыі

https://www.traditionrolex.com/8