<p>У мінулыя выхадныя на маляўнічым беразе Чыгірынскага вадасховішча сабралася эліта рыбалоўнага спорту Еўропы</p>

Як паведамляе «Кіравец»:

У мінулыя выхадныя на маляўнічым беразе Чыгірынскага вадасховішча сабралася эліта рыбалоўнага спорту Еўропы: тут праходзілі міжнародныя спаборніцтвы па спартыўнай лоўлі рыбы фідэрам «Кубак Дружбы» Беларусь–2011. У трэці раз Кіраўшчына прымала рыбаловаў-спартсменаў з Беларусі і замежжа, і ў трэці раз Чыгірынскае вадасховішча, багатае на рыбу розных відаў і памераў, шчодра прадастаўляла ім магчымасць паспрачацца за лідарства.

У суботу ў паралельным з чэмпіянатам фармаце, па склаўшайся традыцыі, прайшло адкрытае асабіста-каманднае першынство Кіраўскага раёна па лоўлі рыбы на донную вуду.

З года ў год спаборніцтвы па рыбнай лоўлі пашыраюць свае маштабы: калі ў першы год удзел прымала 12 каманд, у 2010-м — 17, то сёлета — 22. Інтарэс да «Кубка Дружбы» ўзрастае, і гэта бачна не толькі па колькасці каманд, але і па іх саставу: у сёлетніх спаборніцтвах прымалі ўдзел чэмпіёны свету па фідэрнай лоўлі рыбы расіяне Ілья Калачоў і Іван Андрыянаў, сярэбраны прызёр свету ўкраінец Яўген Будлак, пераможцы нацыянальных першынстваў.

На ўрачыстым адкрыцці спаборніцтваў, якое праходзіла ў пятнічны вечар на базе адпачынку СВК «Рассвет» імя К.П. Арлоўскага «Дом рыбака», старшыня БГА «Федэрацыя рыбалоўнага спорту» Яраслаў Ціхановіч адзначыў:

— На сёлетні «Кубак Дружбы» прыехалі лепшыя спартсмены-рыбаловы з 5 краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Эстоніі, а таксама навічкі — дзве каманды з Літвы. Лічу, нашы спаборніцтвы можна называць малым чэмпіянатам Усходняй Еўропы. Пераможцамі і прызёрамі першага ў свеце чемпіянату па фідэрнай лоўлі рыбы, які прайшоў у пачатку сёлетняга верасня ў Італіі, сталі менавіта тыя каманды, якія ўдзельнічалі ў «Кубку Дружбы» ў мінулыя гады. На сённяшні дзень прысутныя тут спартсмены з Расіі і Украіны пасля паспяховага ўдзелу ў вышэйшым рыбалоўным форуме — самыя моцныя рыбаловы ў свеце. Прыемна, што ў гэтым ёсць і наша невялікая заслуга, бо «Кубак Дружбы» — гэта не толькі чэмпіянат, але і трэніроўка, і абмен вопытам.

Пасля таго як пад матывы дзяржаўных гімнаў у неба ўзняліся дзяржаўныя сцягі краін-удзельніц, слова трымаў старшыня арганізацыйнага камітэта спаборніцтваў, кіраўнік вертыкалі ўлады нашага раёна Уладзімір Піскіжаў:

— Калі ў першы раз прапанавалі правесці спаборніцтвы такога ўзроўню на Кіраўшчыне, я палічыў — гэта выпадковасць, у другі — супадзенне, у трэці — ужо заканамернасць, якая, упэўнены, перарасце ў добрую традыцыю. Прыемна, што маштабы мерапрыемства пашыраюцца. Чэмпіянат мае шырокі рэзананс не толькі сярод мясцовага насельніцтва, але і жыхароў усёй Магілёўшчыны і іншых абласцей нашай краіны.

Сімвалічна, што спаборніцтвы па рыбнай лоўлі «Кубак Дружбы» выпалі якраз падчас правядзення ў нашай краіне Тыдня міру.

Пасля традыцыйнага рыбацкага пажадання: «Ні хваста, ні лускі!» – спартсмены, перапоўненыя надзеямі на ўдачу і чаканнямі будучых поспехаў, накіраваліся на адпачынак, бо наперадзе ў іх былі два дні сур’ёзнай барацьбы…

Суботняя раніца пачалася з жараб’ёўкі, пасля чаго спартсмены занялі сектары для лоўлі, адведзеныя ўздоўж дамбы Чыгірынскай гідраэлектрастанцыі. Сваю рыбацкую «амуніцыю» ўдзельнікі чэмпіянату раскладвалі на працягу амаль што дзвюх гадзін. І толькі пасля доўгай і руплівай падрыхтоўкі гучны свісток, дадзены галоўным суддзёй Андрэем Каўрыжкіным, абвясціў аб старце.

Нягледзячы на тое што вераснёўскае надвор’е не радавала асаблівай цеплынёй, а па вадаёме разгульвалі хвалі, настрой ў спартсменаў-рыбаловаў быў цудоўным.

— У «Кубку Дружбы» наша каманда ўдзельнічае ўжо ў трэці раз, — гаворыць Ілья Калачоў. — Асабіста я заўсёды прыязджаю на гэты вадаём з шыкоўным настроем! З радасцю сустракаюся тут са сваімі сябрамі, знаёмымі, кожны год заводжу новыя знаёмствы, абменьваемся рыбалоўным вопытам. Арганізатары чэмпіянату забяспечваюць нам добрыя ўмовы для пражывання, прыемнага правядзення часу, а галоўнае – сумленную барацьбу.
Уражаннямі ад знаходжання на Кіраўшчыне падзяліўся і прадстаўнік літоўскай каманды Рымантас Правінскас, які быў у нас упершыню:

— Хочацца падзякаваць арганізатарам чэмпіянату і гаспадарам Кіраўскай зямлі за прадастаўленую магчымасць удзельнічаць у гэтых спаборніцтвах. На «Кубку Дружбы» мы ўпершыню, але, спадзяемся, не ў апошні раз. Жадаю жыхарам гасціннай Кіраўшчыны поспехаў і ўдачы!

Рыбалцы, як віду спорту і адпачынку, перавагу аддаюць у большай ступені мужчыны. Але ж захапляюцца ёй і прадстаўніцы цудоўнай паловы чалавецтва, прычым не толькі на аматарскім узроўні. Удзел у спаборніцтвах зноў прымала адзіная жаночая каманда ў краінах СНД — «Піранні» з Кіева. Гаворыць капітан каманды Таццяна Дзянісава:

— Я прыязджаю на гэтыя спаборніцтвы ў трэці раз, сёлета са мной прыехала і мая партнёрша Юля Лісакоўская. Рыбалоўным спортам займаюся чатыры гады. Захапіў гэтай справай муж. Менавіта з ім, як група падтрымкі, упершыню паехала на спаборніцтвы па рыбнай лоўлі, захапілася атмсферай саперніцтва, якая на іх пануе, вырашыла паспрабаваць сама. Самы запамінальны мой улоў — белы амур  у 7600 кг, вылавіла яго на спаборніцтвах у Кіеве. Не здзіўляйцеся, але ж у ежу рыбу наша сям’я практычна не ўжывае. Рыбку мы проста любім. Пасля заканчэння спаборніцтваў выпускаем яе назад у вадаём.

…Ну, а каму ж усміхнулася ўдача, выствелілася напрыканцы другога дня спаборніцтваў — у нядзелю. Чэмпіёнам «Кубка Дружбы» Беларусь–2011 стала расійская каманда «Мавер» у саставе Міхаіла Дунаева і Паўла Гарэлава. Дарэчы, апошні спартсмен-рыбалоў заняў трэцюю прыступку п’едэсталу гонару ў асабістым заліку.

Другое і трэцяе месцы занялі каманды з Эстоніі — Andler-2 і Pelikan адпаведна.

У асабістым заліку першынство — на рахунку эстонскага спартсмена-рыбалова Дзмітрыя Забашта, а вось другое месца адваявала ў сапернікаў-мужчын Таццяна Дзянісава.

Самую вялікую рыбу вадасховішча дазволіла вылавіць менавіта беларусу — Вадзіму Якубовічу. Лешч заважыў 1580 кг.

Сярод рыбаловаў-аматараў раённага першынства па рыбнай лоўлі на донную вуду былі ўдзельнікі рознага ўзросту, розных заняткаў і нават жанчына — удзельніца каманды райаграпрамтэхзабеспячэння Ганна Жыдовіч. Ёй, адзінай прадстаўніцы слабага полу, было прадастаўлена ганаровае права ўзняць Дзяржаўны сцяг нашай краіны на ўрачыстым адкрыцці першынства.

Удзел у ім прынялі 9 каманд: райаграпрамтэхзабеспячэння, ліцэя №15, Стайкаўскага і Дабаснянскага сельсаветаў, пракуратуры, тры каманды прадстаўлялі Кіраўскую ДЮСШ. Завіталі на першынство і госці — каманда з Гродзенскай вобласці «Гродна-фіш».

Адным у гэты дзень пашанцавала вылавіць з сініх вод сваё рыбацкае шчасце, іншым — не. Аднак вынікі былі падведзены, пераможцы — вызначаны. Першае месца заняла каманда ліцэя №15 дзякуючы ўдаламу ўлову — падляшча вагой у 298 г Уладзіміра Рышкевіча.

Другое месца — на рахунку райаграпрамтэхзабеспячэння. Улоў прадстаўніка каманды Уладзіміра Сгібнева заважыў 167 г.

Трэцяе месца — у каманды ДЮСШ-1. Падляшча вагой 110 г злавіў Валянцін Шакараў.

Такім жа чынам размеркаваліся месцы і ў асабістым заліку.

Самую маленькую рыбку вагой 14 г вадаём падараваў Вадзіму Кіхтэнку з каманды райаграпрамтэхзабеспячэння.

На ўрачыстым закрыцці першынства старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў уручыў пераможцам і прызёрам дыпломы і падарункі. Былі адзначаны юныя рыбаловы — каманда ДЮСШ-3 у саставе Андрэя Шакарава і Уладзіслава Шапоткіна і самы вопытны ўдзельнік — Міхаіл Уніятаў.

Старшыня райвыканкама разам з сынам таксама праводзіў гэты дзень на вадаёме. Ім рыбацкая ўдача ўсміхнулася адной з самых шырокіх сваіх усмешак — пашанцавала выцягнуць з вадаёма шчупака вагой каля трох кілаграмаў.

Яўгенія Каранкевіч