<p>Выстава, якая мае назву «Варажбіт. Працяг», дапамагае нам дакрануцца да   родных вытокаў з усім багаццем этнічнай культуры, паглядзець на музыку,   як на сродак сувязі пакаленняў</p>

Дзверы ў гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Заслаўе» заўсёды адкрыты для наведвальнікаў, але ж верасень змяніў мэту экскурсii. Самая вялікая зала музея напоўнілася калекцыяй музычных інструментаў Івана Кірчука і этна-трыа «Троіца».

Фальклорных калектываў у Беларусі ёсць шмат, але ж менавіта «Троіца» прапануе нам аўтэнтычнае мастацтва, якое ідзе з глыбінь нашай гісторыі, з’яўляецца люстэркам душы нашых продкаў.

Эксперыменты з гучаннем старадаўніх беларускіх спеваў — візітоўка этна-трыа. Для асаблівага гучання выкарыстоўваюцца дудкі і акарыны, гуслі, ліры і смыкі з Беларусі, Малдовы, Славеніі, Расіі, Галандыі, ўсяго 250 інструментаў, сабраных падчас экспедыцый, канцэртаў і паездак. Акрамя традыцыйных і знаёмых беларусам інструментаў, ёсць на выставе і зусім дзіўныя: гонгі з Непала, сас з Турцыі, украінскі інструмент буська, аўстралійская труба, нямецкая цытра, а таксама рог, варган ды безліч розных інструментаў, якія гучалі ў альбомах этна-трыа. Па словах Івана Кірчука, музыка шчыльна пераплецена з беларускімі традыцыйнымі сімваламі, міфамі.

Выстава, якая мае назву «Варажбіт. Працяг», дапамагае нам дакрануцца да родных вытокаў з усім багаццем этнічнай культуры, паглядзець на музыку як на сродак сувязі пакаленняў. Калекцыя музычных інструментаў выстаўлялася ў Эстоніі, Германіі, Польшчы, Галандыі і Расіі, але ў Беларусі — ўпершыню. Кожны можа паглядзець на цікавыя экспанаты да 2 кастрычніка.

Юлія Анішчук