<p>У сезон Краснагорка стала адным з самых запатрабаваных месцаў для  адпачынку турыстаў</p>

Як паведамляе «Браслаўская звязда»:

Бізнесмен Ігар Цярэшчанка з Браслаўшчынай пазнаёміўся вельмі даўно. Напачатку прыязджаў сюды з сябрамі паныраць, адпачыць у палатках на ўлонні прыроды, паплаваць на яхце. Галоўным для яго было адпачыць ад гарадскога шуму і мітусні. Аднак з часам узнікла жаданне памяняць палатку на драўляны домік. Вось так і набыў першы ў Краснагорцы. Адрамантаваў яго. Затым быў другі, трэці сельскія домікі. Цяпер іх усяго дзевяць. Усе зроблены ў адным стылі. Аднак разлічаны на розны густ.

Тут і прыйшла ідэя, акрамя асноўнага бізнесу, заняцца на Браслаўшчыне сельскім турызмам. Узяўся за справу ўсур’ёз. І атрымалася так, што цяпер у сезон Краснагорка стала адным з самых запатрабаваных месц для адпачынку ў многіх турыстаў.

Вось некалькі вытрымак з водгукаў людзей, якія тут пабылі гэтым летам: «Краснагорка спалучае ў сабе лепшае: нацыянальны каларыт і сэрвіс высокага ўзроўню. Выдатная кухня, яхта, валейбольная пляцоўка, ласкавы конь, мора грыбоў у лесе і на стале. А чаго вартыя Ірыніны блінчыкі з варэннем і смятанкай. Турцыя, шчыра скажу, адпачывае. Сюды хочацца вяртацца зноў і зноў».  А вось што напісалі на сайце іншыя турысты: «Цудоўная прырода! Дзеці былі ў захапленні, калі ўбачылі жывых касулю, лася…Мы адпачывалі ў Дацкім доміку, вельмі камфортна, камін саграваў нас у пахмурныя дні. А кухня тут проста клас». І такія ж узнёслыя водгукі пакідаюць усе, хто хоць раз трапіў у Краснагорку.

Кожны з дзевяці домікаў для гасцей па-свойму арыгінальны і самабытны, мае сваю назву – Шпакоўнік (для сямейнага адпачынку), Вялікі (банкетна-карпаратыўны дом у тры ўзроўні), Дацкі, Сельскі. Тут прапануюць самыя разна-стайныя паслугі, а з найбольш запатрабаваных – цір, тэніс, більярд, бадмінтон, лазня па-беламу і па-чорнаму, катанне вярхом на кані, лодкі, байдаркі, катамараны, яхты. Жадаючыя могуць пасмакаваць дамашнія малако, тварог, смятану. І, бадай, апраўдана, як прызнаўся сам Ігар Цярэшчанка, што ёсць дарослыя і дзіцячыя горныя веласіпеды.

Сам ён па спецыяльнасці прафесіянальны геолаг. Амаль пятнаццаць гадоў  падарожнічаў па горах. Вось таму разлічвае, што і на Браслаўшчыне знойдуцца хоць на аматарскім узроўні, але ж падаўжальнікі яго справы.

Адначасова ў Краснагорцы могуць адпачываць да 70 чалавек. І кожны тут знойдзе сабе занятак і захапленне па душы.

А яшчэ Ігар Цярэшчанка ўстанавіў у кастрычніку мінулага года для выпрацоўкі электраэнергіі ветраўстаноўку. Дарэчы, ён лічыць, што менавіта такія ўстаноўкі з’яўляюцца адным з самых прыцягальных і перспектыўных накірункаў развіцця ў сферы энергетыкі. Прымяненне энергіі ветру дапамагае,  па яго меркаванні,  не толькі вырашаць задачу з энергазабеспячэннем у загарадных дамах і аддаленых  аб’-ектах, але і не наносіць шкоды прыродзе, уносіць свой уклад у яе ахову.

Менавіта таму Ігар Цярэшчанка купіў яшчэ дзве ветраўстаноўкі, якія плануе ўстанавіць у Краснагорцы ў бліжэйшы час. І гэта не апошнія яго планы ўкладу ў развіццё сельскага турызму на Браслаўшчыне.

Зінаіда Палулех