<p>Распавядае экскурсавод Ларыса Раўда</p>

Як паведамляе  «Астравецкая праўда»:

«Застыўшая мелодыя ў камні» – так прыгожа і рамантычна называецца экскурсія нацыянальнага парка «Нарачанскі», падчас якой адпачывальнікі курортнай зоны – а гэта ў пераважнай большасці грамадзяне Расіі – знаёмяцца з нашай Беларуссю. Мы стараемся паказаць ім самае лепшае, каб людзі палюбілі нашу краіну і ім захацелася сюды вярнуцца.

Прыхапіўшы з сабой цяпло сонца, добрую ўсмешку і прыемны настрой, мы адпраўляемся з Мядзельскага раёна Мінскай вобласці ў Астравецкі раён Гродзеншчыны. Менавіта тут знаходзяцца тры ўнікальныя, непаўторныя храмы. Нашы госці з Расіі падчас падарожжа адкрываюць малавядомую для іх галіну хрысціянства – каталіцызм.

Касцёл Святога Міхаіла Архангела размешчаны на маляўнічым беразе Віліі. Помнік архітэктуры сярэдзіны 17 стагоддзя (1653–1666 гг.) знешне строгі і сціплы. Але нас чакае сюрпрыз: калі пераступаеш парог храма, дух захоплівае ад сапраўднага балю барока. На сцены накінуты лёгкія, быццам ажурная шаль, карункі бялюткай ляпніны раслінных арнаментаў – тварэнне рук італьянскіх і беларускіх майстроў. Скульптуры 12 апосталаў глядзяць на ўваходзячых – здаецца, што зараз яны зробяць крок насустрач. Жыхароў Масквы і Санкт-Пецярбурга здзівіць цяжка — але і яны не хаваюць здзіўлення і захаплення. Лёгкасць, насычанасць паветрам, сціпласць дзіўным чынам спалучаюцца з урачыстасцю і веліччу храма – і тыя, хто пераступіў яго парог, нібы набываюць крылы і ўзносяцца з анёламі пад яго купал…

Але адведзены на экскурсію час заканчваецца – і прыспешвае экскурсантаў. Мы развітваемся з цудоўнай, гасціннай і добразычлівай пані Уладзіславай, дай Бог ёй здароўя і сіл на доўгія гады!
А праз 20 хвілін мы ўжо ў Варнянах, дзе нас чакае сустрэча з касцёлам Святога Георгія – помнікам архітэктуры канца 18 стагоддзя.

У кожнага храма, як і ў чалавека, свой лёс, свая гісторыя. Каталіцкі храм, кальвінісцкі збор, прытулак для інвалідаў і састарэлых, прытулак для дзяцей, Дом культуры… Гэта ўсё аб ім, аб касцёле Святога Георгія. Калі б сцены маглі гаварыць, як шмат яны маглі б сёння расказаць! Яны б крычалі, стагналі і плакалі… 42 гады забыцця, спусташэння, занядбання. Усё з годнасцю вытрымаў гэты храм-пакутнік — і дачакаўся адраджэння. У 1990 годзе ў Варняны прыехаў ксёндз Здзіслаў Пікула. З Божай дапамогай святар і мясцовыя прыхаджане ўзяліся за, здавалася б, непад’ёмную працу. І сёння, уваходзячы ў храм, мы адчуваем дзіўнае пачуццё хатняга цяпла і ўтульнасці, нібы цябе акружаюць родныя і блізкія людзі, аберагаючы ад усіх бед і напасцяў. З ікон на нас глядзяць Дамініка Мазарэла і Лаура Віткуна, Георгій Перамаганосец і Ченстахоўская Маці Божая, нас благаслаўляюць Ісус Міласэрны і Антоній Падуанскі… Цудоўны касцёл, непаўторная аўра! У такіх выпадках гавораць аб намоленасці храма. Тут забываеш пра час, хочацца спыніцца, прысесці і зазірнуць сабе ў душу. Дух самаахвярнасці відаць тут ва ўсім: і ў тым, як гасцінна сустракае нас ксёндз Здзіслаў Пікула, і ў яго словах, што звернуты да нас, – аб веры, дабрыні, уважлівасці і чуйнасці да людзей, аб тым, як важна памятаць пра Бога, а не толькі пра хлеб надзённы. Пасля такіх пранікнёных слоў больш зразумелымі і блізкімі становяцца і Максіміліян Кольбе, і Ян Боска, і яго верны вучань Дамінік Савіа. Усе яны палажылі свае жыцці на алтар служэння веры, Госпаду і людзям.. Праваслаўныя і католікі, усе мы аб’ядналіся ў малітве «Ойча наш» і звяртаемся кожны са сваёй просьбай да Бога і Божай Маці.

З пажаданнямі дабра, міру і любові ў нашых сем’ях, атрымаўшы благаславенне ад ксяндза Здзіслава, мы развітваемся з касцёлам Святога Георгія.

А праз некалькі хвілін мы ўжо ўязджаем у Гервяты. Я прашу сваіх экскурсантаў закрыць вочы на адну хвіліну… Расплюшчыўшы іх, яны не хаваюць свайго захаплення ад сустрэчы з касцёлам Святой Тройцы. Няўжо і гэта – Беларусь?! Прыгажосць неагатычнага храма канца 19 стагоддзя дапаўняе дагледжаная, з густам уладкаваная тэрыторыя. Нас гасцінна сустракаюць ксёндз Леанід Нясцюк і яго памочнікі Віктар і Віталій – людзі сціплыя, працалюбівыя і нястомныя. Я думаю, што толькі вельмі добрыя, адкрытыя людзям альтруісты здольны так тонка адчуваць і ствараць прыгажосць, якая ніводнага наведвальніка не пакідае раўнадушным. Прыгажосць уратуе свет – гэтая зацёртая да дзірак ісціна ў Гервятах становіцца відавочнай.

Мы з цікавасцю знаёмімся з храмам, становімся сведкамі, як набывае новае аблічча гэты цуда-касцёл. Новыя фарбы, металічныя карункі варот, якія аддзяляюць прытвор ад асноўнай залы, сучасная прыгожая плітка на падлозе… А хутка, верыцца, ажыццявіцца мара Леаніда Пятровіча – і стральчатыя вокны паглядзяць на нас шматколернасцю найпрыгажэйшых вітражоў.
Выйшаўшы з касцёла, мы прагульваемся па яго тэрыторыі, захапляемся чысцінёй і дагледжанасцю. Туі і ядлоўцы, розныя сарты гартэнзіі, ціс, елка-падушка і сібірскі кедр, воцатнае дрэва і чорная бяроза – усяго і не пералічыць. Колькі ж сродкаў, часу, працы, цярпення і любові трэба ўлажыць, каб звычайная беларуская вёсачка ператварылася ў райскі куточак! Я зноў заўважаю, як змяняюцца твары людзей…

…Чатыры гадзіны экскурсіі праляцелі незаўважна. Але нешта адбылося за гэты час з кожным з нас: павільгатнеўшыя вочы, прасветленыя твары, задумлівыя погляды… У нашых душах гучала музыка, што застыла ў камні! І гучала яна неяк асабліва пранікнёна.

Ларыса РАЎДА, экскурсавод НП «Нарачанскі».