https://www.traditionrolex.com/8
<p>Новае кіраўніцтва змяншае тэрыторыю для гаспадарчай дзейнасці. А даходы, якія знізяцца праз скарачэнне лесанарыхтоўчай вытворчасці, запоўняць за кошт развіцця турызму</p>

Новае кіраўніцтва значна скарачае тэрыторыю для гаспадарчай дзейнасці. А даходы, якія знізяцца праз скарачэнне лесанарыхтоўчай вытворчасці, запоўняць за кошт развіцця турызму.

Напрыканцы верасня Нацыянальны парк «Белавежская пушча» наведалі замежныя эксперты, якія ацэньвалі патэнцыял запаведніка. Нагадаем, што чатыры гады таму ў адносінах да пушчы была прыпынена дзейнасць прэстыжнага дыплома Савета Еўропы.

Дыплом Савета Еўропы быў прысуджаны Нацыянальнаму парку «Белавежская пушча» ў 1997 годзе за выдатныя поспехі ў справе захавання дзікай прыроды Белавежскай пушчы. Тады, на думку незалежных беларускіх эколагаў-экспертаў, гэты дыплом быў прысуджаны нацпарку авансам, у лік будучага паляпшэння аховы запаведнай прыроды і захавання рэліктавага Белавежскага лесу.

У студзені 2002 года, калі вырашалася пытанне аб падаўжэнні дыплома Рады Еўропы, разгарэўся сапраўдны скандал. Прадстаўнікі дэмакратычнай і навуковай грамадскасці звярнуліся да экспертаў з просьбай не спяшацца прымаць залішне аптымістычнае рашэнне, улічваючы, што стан аб'екта заўважна пагоршыўся, а ўлада выкарыстае прэстыжную ўзнагароду, якой з'яўляецца дыплом, для  дзейнасці, што супрэчыць прынцыпам захавання Белавежскай пушчы. Рэакцыяй Савета Еўропы стала амаль двухразовае 10 да 18) павелічэнне ліку рэкамендацый на наступныя пяць гадоў.

З таго часу наша краіна спрабуе вярнуць прэстыжную ўзнагароду. Пра тое, што яна ўжо блізкая, пачалі гаварыць яшчэ ў 2009 годзе, калі ў адпаведнасці з рэкамендацыямі РЕ быў распрацаваны план кіравання нацыянальным паркам. Аднак рэальныя зрухі адбыліся толькі сёлета – са зменай кіраўніцтва ў пушчы. Новы кіраўнік нацпарка Аляксандр Буры, які ўзначаліў яго з красавіка гэтага года, пачаў выбудоўваць іншую палітыку, робячы акцэнт не на гаспадарчай дзейнасці, як ранейшы дырэктар Мікалай Бамбіза, а менавіта на захаванні прыроднага багацця пушчы. «Але я б не стаў казаць пра тое, што адзін дырэктар больш увагі надаваў эканоміцы, а другі – экалогіі, – кажа намеснік генеральнага дырэктара НП «Белавежская пушча» па навуцы Васіль Арнольбік. – Існуюць розныя падыходы да кіравання лясным комплексам, і сярод навукоўцаў да гэтага часу няма адзінага меркавання, што рабіць, да прыкладу, з засохлым ельнікам: высякаць яго ці пакідаць на месцы».
Зараз у нацпарку блізкая да завяршэння праца па стварэнні новага функцыянальнага занавання пушчы. Па словах Васіля Арнольбіка, гэта прадугледжвае павелічэнне запаведнай часткі пушчы больш чым у два разы. Зараз запаведны статус ёсць толькі ў 30% пушчанскага лесу. Плануецца, што тэрыторыя, дзе забаронена гаспадарчая дзейнасць, будзе павялічана на 57 тысяч га. «На 90% гэта векавыя лясы з унікальным біяцэнозам», – кажа навуковец. Яшчэ каля 6 тысяч га ізноў жа старога лесу будуць уключаны ў запаведную зону ў выглядзе асобных «астраўкоў». Такім чынам,
істотна скароціцца тэрыторыя для вядзення гаспадарчай дзейнасці. Па словах кіраўніцтва, яна будзе перанесена на перыферыю парку. Такім чынам, даходы пушчы ад лесанарыхтоўчай дзейнасці зменшацца. І папоўніць іх мяркуецца за кошт развіцця турызму.

У аддзеле экскурсійнага абслугоўвання паведамілі, што на новай тэрыторыі з'явяцца гасцявыя домікі, а таксама экалагічныя сцежкі і маршруты. Ужо зараз Белавежская пушча мае досыць развітую структуру для размяшчэння наведвальнікаў. Тут ёсць чатыры гасцініцы, рэстаран, некалькі кафэ, басейн, трэнажорная зала, саўна. Наладжаны пракат спартыўнага абсталявання.

Новы вектар функцыянавання нацыянальнага парку быў вельмі пазітыўна ацэнены экспертамі РЕ. Аднак якіх-небудзь абяцанняў з нагоды аднаўлення для пушчы дзеяння дыплома Савета Еўропы яны пакуль не далі. Вердыкт, як чакаецца, будзе вынесены Генеральным дырэктаратам РЕ ў лютым наступнага года. Пакуль жа эксперты працягнуць назіраць за зменамі ў нацпарку. Варта дадаць, што за апошнія пятнаццаць год Нацыянальны парк «Белавежская пушча» стаў  ледзь не самым тытулаваным сярод ахоўных тэрыторый еўрапейскага кантынента. У 1992 годзе ЮНЕСКА ўключыла частку пушчы ў спіс Сусветнай спадчыны чалавецтва. У 1993 годзе яна атрымала статус біясфернага запаведніка, а праз чатыры гады дыплом Савета Еўропы. Сёння сярэдні ўзрост дрэваў у Белавежскай пушчы – 110 гадоў. А некаторым насаджэнням ужо па два з паловай стагоддзя! 90% складаюць лясы, якія фармаваліся без умяшання чалавека. Дарэчы, сярод беларускіх прыродаахоўных тэрыторый дыплом Савета Еўропы зараз мае Бярэзінскі біясферны запаведнік.

https://www.traditionrolex.com/8