https://www.traditionrolex.com/8
<p>Два мексіканцы з праекта Eztul ужо ў курсе, што няма такой краіны  «Belarussia», умеюць казаць «дзякуй» і ведаюць, як гэта — быць нелегалам  у Беларусі</p>

Два мексіканцы з праекта Eztul ужо ў курсе, што няма такой краіны «Belarussia», умеюць казаць «дзякуй» і ведаюць, як гэта — быць нелегалам у Беларусі.

Для Эдуарда Мэдыны наша сінявокая — першая краіна, якую ён наведаў у Еўропе, Фэрмін Марцінэс не заязджаў на кантынент глыбей за Італію. Іх занесла да нас з хваляй перформераў, якія накацілі ў Мінск падчас LPM. Разам з 34mag аўдыёвізуальныя артысты на сумесі іспанскай і англійскай пагутарылі пра ўніформу беларусаў, фактар Зора і мясцовую бюракратыю.

Мы сустрэліся ў той самы дзень, калі хлопцы прайшлі сем колаў пекла беларускай бюракратыі, каб пазбавіцца статусу нелегалаў, — скончыўся тэрмін віз, а яны па старой мексіканскай звычцы вырашылі застацца. «Гэта карыснае назіранне за сістэмай знутры. Яна не для людзей створаная, наадварот — нібыта людзі мусяць існаваць для яе», — апісвае сваё знаёмства з беларускай бюракратыяй Фэрмін (на фота злева).

mexico

Эдуарда (на фота cправа) дадае: «Нам дапамаглі людзі, з якімі мы выпадкова пазнаёміліся на LPM. Яны ж прапанавалі нам жытло. І было нечакана адкрываць, што мы разумеем адзін аднаго на самых розных узроўнях. Гэта, як пазл, які раптам склаўся. Мы, як браты».

«Людзі рухаюцца дысцыплінавана і арганізавана»

Ноч, падземка. Эдуарда перыядычна перакладае з іспанскай, калі Фэрміну для размовы перастае хапаць англійскай. Праект Eztul існуе тры гады, і галоўны іх жанр — імправізацыя, спалучэнне пост-року, дабстэпу, амбіенту, нойзу… і да бясконцасці. Музыка, якую яны гралі ў Мінску, — рытм гэтага горада, як пачулі яго Eztul.

«Калі ідзеш па вуліцах Мінска, адчуваеш вельмі цікавы кантраст: адны элементы замоцныя, іншыя наадварот — мяккія, як ападанне лісця, — гаворыць Эдуарда. — Можа быць, прычына ў гісторыі, якую вы яшчэ памятаеце, але яна знішчаецца. Яна ў рытме будынкаў. Вельмі арганічныя формы, і раптам — грувасткія, цёмныя элементы. Гэта спрэчка паміж натуральным і дэпрэсіўна штучным, урбаністычным. Першае яшчэ жывое, але знаходзіцца пад пагрозай. Пэўны рытм задае вопратка — яе тут носяць як уніформу — і тое, як людзі рухаюцца, дысцыплінавана і арганізавана».

«Штодзённы рух людзей на вуліцах у іншых краінах, да прыкладу ў Перу, вельмі хаатычны, — працягвае думку Фэрмін. — А ў вас гэткая ўпарадкаванасць формаў, прыемная воку. Прыгожа. У гэтым ёсць спакой. Але адначасова гэта нудна, бо рух людской плыні аднастайны, у ім няма імправізацыі. Нібыта яна пад забаронай».

Хлопцы не знаходзяць нічога дзіўнага ў тым, што яны прыехалі менавіта ў Беларусь. Проста даслалі заяўку на LPM, прайшлі адбор, знайшлі мексіканскія культурніцкія фонды, якія дапамаглі з аплатай квіткоў, і — вуаля!

«Нам нецікава несці сваю творчасць у магістральныя гарады, дзе адбываецца большасць культурных падзеяў, — гаворыць Фэрмін. — Там бачыш адны і тыя рэчы, што шукаюць мастакі і творцы. Тут зусім іншы ўзровень дыялогу, багацейшы, і закранае зусім іншыя ўзроўні. Беларусь для мяне — адкрыццё новых шляхоў, новы эмацыйны і духоўны досвед».

Эдуарда распавядае, што колькі месяцаў таму сасніў, як грае канцэрт у зусім далёкай краіне, у нейкім савецкім будынку, дзе людзі размаўлялі на зусім незнаёмай мове. Дзесьці ля Расіі. «Цяпер я ведаю: сны здзяйсняюцца! — пасміхаецца ён. — Мне заўсёды была цікавая гэтая частка Еўропы — Расія, Беларусь, Украіна. Тут вельмі магутны рух. Я бачу яе як велічэзнае сэрца, якое б’ецца ўвесь час. Я не шмат пра яе ведаю, толькі агульныя звесткі пра Расійскую імперыю, балтаў, славянаў. Але нават з пэўным бэкграўндам тут поўна сюрпрызаў. Узяць хаця б простую візуальную рэч — зусім іншы алфавіт. Адна гэтая дробязь заўсёды нагадвае, што мы вельмі далёка ад дома».

«Адчуйце моц вашых добрых думак»

Першыя асацыяцыі беларусаў з Мексікай: тэкіла, самбрэра, наркатрафік, нелегальныя эмігранты і прыгожыя дзяўчыны. Ну і, натуральна, шмат хто памятае серыяльнага высакароднага абаронцу слабых і пакрыўджаных Зора, які з’яўляецца, калі ніхто не чакае, і прыносіць з сабою хэпі-энд.

«У фільме пра Зора больш Галівуда, чым Мексікі, — трохі пакрыўджана распавядае Эдуарда. — Бо сапраўдная Мексіка — у людзях, гэта перш за ўсё эмоцыі і адносіны паміж людзьмі, між іншым, як і ўся Лацінская Амерыка. Гэта ў першую чаргу светапогляд». ??Але ж пра Беларусь у Мексіцы ведаюць яшчэ меней. Краіна — кавалак былой імперыі — гэта практычна адзінае, што хлопцы ўзгадалі ў якасці стэрэатыпа. «У нас мяркуюць, што Беларусь пад вялікім уплывам Расіі, — кажа Фэрмін. — І я сапраўды яго адчуў. Гэта праяўляецца ў тых ненатуральных, гвалтоўных з’явах, што мы заўважылі: у занадта дысцыплінаваным, скаваным руху, вайсковым парадку ў паводзінах. Гэта постсавецкая штука, так?»

«Мне падаецца, гэта праблема, у якой схаваная крыніца штучнасці. Каб яе вырашыць, яе трэба прыняць, усвядоміць як дадзенае, — нечакана вырашаецца на высновы Эдуарда. — Бо гэты цяперашні лад існуе болей у галовах людзей, а не ў тым, што насаджаецца ім звонку. Вы як нацыя мусіце выбраць, які перыяд гісторыі для вас важны, вызначае вашу прыроду, менталітэт. І выйсце не ў звычайным, гвалтоўным спосабе. Трэба шукаць іншы шлях, пазітыўнае вырашэнне. Не загружайце мозг негатывам, адчуйце моц вашых добрых думак. Гісторыя паўтараецца. І менавіта ў ёй можна знайсці прыклады».

https://www.traditionrolex.com/8