<p>Гродзенцы Дзмітрый Люцік і Аляксандр Семянчук зрабілі папулярны праваднік па фартах крэпасці Гродна</p>

Гродзенцы Дзмітрый Люцік і Аляксандр Семянчук зрабілі папулярны праваднік па фартах крэпасці Гродна.

Грошай на выданне ў гарадскіх уладаў не знайшлося. Адзіным спонсарам стаў гродзенскі мясакамбінат.

"Вельмі хацелася нешта зрабіць для папулярызацыі гродзенскай крэпасці, бо не раз сутыкаўся з тым, што мясцовыя жыхары ўвогуле не ведаюць пра яе існаванне, – кажа аўтар Дзмітрый Люцік. – Пра Брэсцкую крэпасць ведаюць усе, пра Гродзенскую – ніхто. Я заняўся вывучэннем гродзенскай крэпасці яшчэ ў 1999 годзе, калі сам быў навучэнцам. Спачатку проста лазіў па фартах, пасля, ужо ва ўніверсітэце, стаў вывучаць, дабраўся да архіваў, у тым ліку маскоўскага, знайшоў нямецкія матэрыялы, успаміны ўдзельнікаў штурму".

Навукоўца працаваў у тандэме з прадпрымальнікам Аляксандрам Семянчуком. "Тры гады мы разам збіралі матэрыялы. Аляксандр не гісторык, ён займаўся пашуковай формай дзейнасці, часта выязджаў на месца. Пасля мы рабілі схемы, планы".

Непасрэдная праца над выданнем пачалася ў мінулым сакавіку. "Мы былі ў гарвыканкаме, у камітэце па турызме.Там спачатку нібыта зацікавіліся, але пазней сказалі, што няма грошай. Можа гораду гэта не патрэбна? Адзіны спонсар, якога мы знайшлі, гэта мясакамбінат, які і выдаў праваднік", – кажа навукоўца.

Увесь наклад, 1000 асобнікаў, цяпер уласнасць мясакамбіната. І якім чынам праваднік будзе распаўсюджвацца, яго аўтары не ведаюць.

Кніга атрымалася маляўнічай, аздобленай фотаздымкамі, малюнкамі, мапамі, напісана папулярнай мовай, без выкарыстання груваздкай тэрміналогіі. Яна прысвечана не толькі крэпасці, але гісторыі фартыфікацыйных умацаванняў Гродна пачынаючы з ХІ стагоддзя. У другой частцы выдання – апісанне кожнага з 13 фартоў (як праехаць, што там можна ўбачыць, асобы, звязаныя з гэтым месцам, успаміны, мапы і г.д.).

"Усяго ў крэпасці больш за 200 аб’ектаў: 13 фартоў, 6 парахавых склепаў (2 з іх цэлыя), умацаваныя пункты, назіральныя пункты, бліндажы для афіцэраў і асабовага складу…Не ўсе яны ўзводзіліся ў царскія часы, часткова дабудоўваліся ўжо немцамі, падчас акупацыі", – паведамляюць аўтары.

Мапа фартоў у правадніку суправаджаецца GPS навігатарам. Аўтары сапраўды паклапаціліся пра тое, каб гарадзенскія фарты маглі стаць месцам для цікавага і карыснага сямейнага адпачынку.