<p>Па чым  буду сумаваць пасля «Дажынак», дык гэта па самабытных,  таленавітых  людзях, з якімі пашчасціла пазнаёміцца на вуліцах  Маладзечна</p>

Як паведамляе "Маладзечанская газета":

Па чым буду сумаваць пасля «Дажынак», дык гэта па самабытных, таленавітых людзях, з якімі пашчасціла пазнаёміцца на вуліцах Маладзечна.

Лёгкія на пад’ём, як матылькі на святло, зляцеліся на наша свята з усёй Беларусі майстры, выканаўцы, гандляры і расквецілі яго сваім каларытам і адметнасцю. Напэўна, яшчэ толькі на «Славянскім базары» адначасова можна ўбачыць такое суквецце талентаў, палёт творчай фантазіі, адчуць яднанне душ і жаданне зрабіць нашу Беларусь яшчэ больш прывабнай. І хоць адначасова працавала восем фестывальных пляцовак, ішлі мерапрыемствы ў амфітэатры, Палацы культуры, ніводны з гасцей не застаўся без увагі. Да іх падыходзілі, распытвалі, прасілі сфатаграфавацца, журналісты бралі ў іх інтэрв’ю. Думаем, і нашым чытачам будзе цікава з імі пазнаёміцца і яшчэ раз адчуць непаўторную атмасферу сапраўднага народнага гуляння.

Ручнік нараджаўся на нашых вачах

За 30 кіламетраў ад Капыля размешчана вёска Семежава, у кожным доме якой абавязкова захоўваецца куфэрак з сялянскім скарбам – саматканымі ручнікамі, посцілкамі, уборамі. З XV стагоддзя гэта вёска з’яўляецца цэнтрам народнага мастацкага ткацтва, і традыцыя не сышла ў нябыт. Там жыве каля 60 ткачых, створаны цэнтр ткацтва. Маладзечанцам вельмі пашанцавала: яны на свае вочы маглі ўбачыць, як па-майстэрску арудуюць з кроснамі народныя майстрыхі Беларусі Валянціна Міхайлаўна Кіеня, Валянціна Кузьмінічна Гладкая, іх сяброўкі і вучні. На працягу двух дзён яны давалі майстар-клас, ахвотна расказвалі пра свае вырабы. Напрыклад, пра касіцу — знакаміты семежаўскі ручнік, узор закладнога ткацтва, пры якім арнамент атрымліваецца аднолькавым на абодва бакі. Ён пераклікаецца з украінскімі ручнікамі: даўней семежаўцы ў Кіева-Пячорскую лаўру пешшу хадзілі, адтуль і прынеслі ўзоры ручнікоў.

Валянціна Міхайлаўна Кіеня ўсё жыццё адпрацавала даяркай і цяпер вартуе на ферме кароў. А два разы на тыдзень збірае мясцовую  дзятву на ўрокі ткацтва, перадае свае сакрэты. Выхаванцы прыехалі ў Маладзечна разам з ёю. Цэнтр ткацтва прывёз на наша свята шмат вырабаў, камплекты семежаўскіх нацыянальных касцюмаў (у жаночым адметнасць – спадніца за калена, а не да падлогі). Пляцоўку насупраць рэстарана «Еўропа» семежаўскія жанчыны ператварылі ў маленькі музей. Не дзіўна, што там не пераводзіліся наведвальнікі. Адна жанчына нават папрасіла саткаць ёй ходнікі. А пакуль доўжылася наша размова, Валянціна Міхайлаўна не пераставала ткаць: так на нашых вачах нараджаўся дажыначны ручнік…

Праснакі  ад  стаўбцоўскіх  рыцараў

Ніколі раней не даводзілася каштаваць спечаны на адкрытым полымі блін, замешаны з іржаной мукі на вадзе, без дражджэй, змазаны мёдам і пасыпаны кропам. Смак вельмі незвычайны, асабліва калі запіваеш праснак гарбатай, заваранай на духмяных травах.

dogg4

Усе маглі паспытаць карысныя прысмакі ад удзельнікаў клуба «Віта Меліта» са Стоўбцаў, якія прыехалі на наша свята са сваім кіраўніком Інай Станіславаўнай Міхно. «Наш клуб ствараўся для дыябетыкаў, якія зацікавіліся, як жылі ў старажытнасці тыя, хто пакутаваў ад гэтай хваробы, чым яны харчаваліся», — расказвае адна з удзельніц Святлана Уладзіміраўна Кутас. Сярэдневякоўе так зацягнула гэтых людзей, што яны не толькі гатуюць карысныя для здароўя стравы, прапагандуюць здаровы лад жыцця, але і захапляюцца гістарычнай рэканструкцыяй — шыюць уручную ўборы, удзельнічаюць у розных мерапрыемствах, прысвечаных старажытнасці, сябруюць з рыцарскімі клубамі. Яны вывучылі некалькі танцаў, самы «хітовы» сярод якіх — «Конскі бранль». Клуб супрацоўнічае з вядомым на Стаўбцоўшчыне траўнікам Анатоліем Іванавічам Грыгор’евым, які працуе ў аптэцы вёскі Рубяжэвічы. Ён рыхтуе спецыяльныя травяныя зборы для смачнай і карыснай гарбаты.

У Маладзечне «Віта Меліта» ўпершыню. Цікавасць да клуба была вялікая, людзі распытвалі рэцэпты, назіралі, як на вачах у публікі яго прадстаўнікі мясілі цеста, пяклі свае праснакі. Прадавалі і ржаны самапечаны хлеб – ён разыходзіўся добра, хоць і каштаваў 10 тысяч рублёў.

Нячутна  стрэлкі  адмяраюць  час

І праўда, гэты гадзіннік не разбудзіць ноччу моцным ціканнем свайго механізма. Бо ўвесь ён — ад корпуса да самай дробнай дэталі – з дрэва. «Клён, яблыня, граб выкарыстоўваюцца для корпуса і дэталяў, для дэкору добра падыходзяць вольха, дуб», — расказвае Андрэй Міхайлавіч Мартынюк з цэнтра народнай творчасці вёскі Вялікае Сяло Дзяржынскага раёна. Драўляная механіка – яго прафесія, захапленне ўсяго жыцця, якому ён, у мінулым інжынер-электроншчык, аддае і свае веды, і сваю творчасць.

dogg5

Дома ў Мартынюка каля трох дзясяткаў гадзіннікаў. Штодзённы рытуал – ручная заводка механізмаў, якой хапае на суткі. Што тычыцца трываласці дэталяў, то ёсць гадзіннікі і дваццацігадовай даўніны, якія ідуць ідэальна. Вымяраюць па іх час і жыхары Расіі, Украіны, Славеніі, іншых краін. Адны ўбачылі іх на выстаўцы і не змаглі прайсці міма, іншыя заказвалі майстру па інтэрнэце. Каштуюць гэтыя шэдэўры нятанна – каля 400 долараў.
Спецыяльна да нашага свята Андрэй Міхайлавіч стварыў новы гадзіннік з запаветным словам «Дажынкі» на корпусе. Яго адметнасць у тым, што не стрэлка круціцца па цыферблаце, а наадварот – цыферблат рухаецца вакол яе. Палюбаваліся мы і на гадзіннік, корпус якога нагадвае Чырвоны касцёл у Мінску. Яшчэ адзін экспанат выстаўкі створаны па матывах кітайскай міфалогіі. Яго цыферблат зроблены ў выглядзе дракона Урабароса, які кусае свой хвост, – гэта сімвал бясконцасці.

Напэўна, ніхто так не адчувае час, як гадзіннікавы майстар. І ніхто так не разумее яго бясконцасць, як той, хто кожны дзень заводзіць больш за тры дзясяткі драўляных механізмаў і стварае новыя…

Чалавек-аркестр

Жыхар вёскі Бабры Валожынскага раёна Яўгеній Іванавіч Зінкевіч так і гаворыць аб сабе: «Я – чалавек-аркестр». І праўда, у той час як яго пальцы жвава перабіраюць клавішы старэнькага размаляванага акардэона, ногі здабываюць рытмічныя гукі з ударных: правая б’е ў талеркі, левая – у бубен. І гэта яшчэ не ўсё: у роце музыканта маленькая свісцёлка, якую ён называе то саксафонам, то флейтачкай. Сам яе рабіў з трыснягу, а як — не гаворыць, каб канкурэнты не перанялі…

68-гадовы Яўгеній Іванавіч – самавучка, сапраўдны вясковы самародак. За жыццё сыграў 16 гармонікаў, тры баяны, навучыў гэтаму майстэрству двух сыноў і дзвюх дачок. «Дзеці ўжо свае сем’і маюць, не хочуць іграць, вось я за ўсіх і аддуваюся», — жартуе музыкант, які стаў сапраўдным упрыгожаннем Валожынскага падвор’я на «Рамеснай слабадзе».
Колькі вяселляў сыграў, колькі маладых перажаніў – не бярэцца лічыць. У Слуцк на «Дажынкі» ездзіў, сёлета ў Мінску на свяце горада выступаў. «Іванавіч нам іншы раз тэлефануе: «Заседзеўся я ў сваіх Бабрах, запрашайце ўжо мяне куды-небудзь!» — расказваюць супрацоўніцы Валожынскага цэнтра культуры. Хаця хапае ў музыкі і дома спраў: трымае гаспадарку, займаецца пчалярствам, садаводствам. У яго садзе нават грэцкія арэхі растуць. Расказвае, што ў сваіх Бабрах яны з жонкай – адзіныя жыхары: «Сем хат засталося ў вёсцы, адна наша – жывая…» Ды яшчэ якая  жывая – з музыкай, з цэлым аркестрам!

dogg3

Свой расповед няўрымслівы Яўгеній Іванавіч раз-пораз перарываў то полечкай, то старадаўнім вальсам. А напаследак праспяваў прыпеўку, якіх ведае безліч: «А баброўскіх дзяўчат можна здалёку пазнаць. Шарачковыя капоты, адзін лапаць – фунтаў пяць».

На сваёй палутарцы дамчу хоць да Берліна!»

Бравы салдат па-гаспадарску абапёрся на дзверцы машыны ГАЗ-ММ, якую ў народзе празвалі «палутаркай» за яе грузападымальнасць у паўтары тоны. Гэту машыну знайшлі закінутую з часоў Вялікай Айчыннай вайны, некалькі гадоў яе аднаўляў Міхаіл Міхайлавіч Аношка — рэстаўратар фонду «Памяць Афгана», які існуе пры гістарычным музеі «Лінія Сталіна». «Усе дэталі ў машыне родныя. Хуткасць – 70 кіламетраў у гадзіну. У надзейнасці можаце не сумнявацца: я на ёй не тое што да Маладзечна — да Берліна магу даехаць», — упэўнена гаворыць 79-гадовы рэстаўратар, які вяртае да жыцця старую тэхніку. Аднавіў танк БТ-7, і гэта работа для яго была асабліва цікавай, бо сам у пачатку 50-х гадоў служыў у танкавых войсках у Грозным.

dogg1

Ёсць у Міхаіла Міхайлавіча і свой асабісты рарытэт – аўтамабіль ГАЗ-67 1953 года выпуску, на якім ён удзельнічаў у парадзе, прысвечаным 60-годдзю вызвалення Беларусі.

Вячэра з Кацярынай Вялікай і графам Арловым

На святочны горад апусціліся прыцемкі. Граф Арлоў запаліў свечкі, Кацярына Вялікая ўзяла ў рукі сталовыя прыборы. Знатныя асобы няспешна вячэралі пад акампанемент музыкантаў, а ўражаная публіка, што прагульвалася па вуліцы Прытыцкага, застывала ў захапленні. Спакойна трапезнічаць каранаваным асобам не ўдалося: раз-пораз людзі прасілі прысесці разам з імі за дубовы стол, каб сфатаграфавацца. Цікавасць да гэтай пары не гасла на працягу ўсяго свята. Не змаглі прайсці міма і мы.

dogg

Трэба аддаць належнае цікавай задуме Мінскага аблспажыўсаюза, які не проста выстраіў каля паўсотні павільёнаў райспажыўтаварыстваў, але аформіў іх у гістарычны рад ад старажытнай гісторыі Беларусі да сучаснасці. Недзе ў сярэдзіне гэтай гандлёва-гістарычнай імправізацыі і пасяліліся царскія асобы, вяртаючы нас у XVIII стагоддзе, калі беларускія землі ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі. Вобраз Кацярыны Вялікай удала ўвасобіла начальнік гандлёвага аддзела Лагойскага райвыканкама Вольга Уладзіміраўна Несцяровіч. Граф Арлоў – вадзіцель Мінскага аблспажыўсаюза Віктар Антонавіч Тарасевіч. Музыканты, якія іх суправаджалі, — з Лагойскай школы мастацтваў. Разам з імі прыехалі самыя знатныя шэф-повары, каб у рэстаране «Імператрыца» здзівіць гасцей царскай юшкай, варанымі ракамі, фаршыраванай качкай, смажанымі перапёлкамі і многімі іншымі далікатэсамі.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА