<p>Стартаваў ён раніцай у вёсцы Языль</p>

Як паведамляе «Працоўная слава»:

Штогадовы Нацыянальны фестываль бегу адбыўся нядаўна ў Старых Дарогах у 24-ы раз.

Стартаваў ён раніцай у вёсцы Языль. Нарадзілася гэта цудоўнае лёгкаатлетычнае свята ў далёкім ужо 1988 годзе, дзякуючы энтузіязму мясцовага настаўніка фізкультуры Мікалая Грузда.

Гэта знакамітая цяпер не толькі ў Беларусі вёска знаходзіцца зусім недалёка ад Старых Дарог, таму па традыцыі першым стаў забег «Шаснаццаць фестывальных міль» – якраз адлегласць ад яе да райцэнтра. Затым на старт «пяцісотметроўкі» выйшлі самыя маленькія ўдзельнікі – васьмігадовыя хлопчыкі і дзяўчынкі. Юныя «спрынтары», напэўна, хваляваліся больш за астатніх, бо змагаліся за прызы алімпійскай чэмпіёнкі, заслужанага майстра спорту СССР Таццяны Лядоўскай, што было вельмі ганарова. Сёлета ўпершыню ў праграме нацыянальнага фестывалю з’явіўся і «Карпаратыўны забег» для прадстаўнікоў арганізацый і працоўных калектываў, дыстанцыя ў іх была міні-марафонская.

У «Беларускай вярсце» ўдзельнічалі дзеці ўзростам ад 11 да 16 гадоў. Прыемна, што ў чарговы раз свае добрыя вынікі паказалі тут юныя спартсмены Валожыншчыны. На дыстанцыі «Адна вярста» (1097 метраў) першае месца заняла шасцікласніца Івянецкай сярэдняй школы, выхаванка аддзялення лёгкай атлетыкі ДЮСШ Сняжана Бурачэўская. Пераможца атрымала медаль і грамату, а таксама грашовую прэмію – 105 тысяч рублёў. Трэцяе месца на гэтай жа дыстанцыі сярод хлопчыкаў 1998 года нараджэння заняў васьмікласнік з Івянца Уладзімір Княжэвіч. Трэніруюць юных бегуноў выкладчыкі спартыўнай школы Аляксандр  Чарняўскі і Анастасія Паталей. За каманду нашага раёна выступалі і былыя івянецкія школьнікі, а зараз выхаванцы Рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву ў Мінску Сяргей Халапук і Плешчаніцкага абласнога вучылішча алімпійскага рэзерву Алёна Альхімовіч. На дыстанцыі «Міні-марафон» (3 кіламетры 400 метраў) яны абое сталі трэцімі.

Аднак усе прысутныя на цэнтральнай плошчы горада з нецярпеннем чакалі пачатку барацьбы на галоўнай 10-каламетровай дыстанцыі. Сотні аматараў бегу ва ўзросце ад 16 да 70 гадоў спяшаліся да фінішу, дзе пераможцу чакаў вялікі грашовы прыз – тры мільёны рублёў. У «Языльскай дзесятцы», а гэта 10 кіламетраў, прымаў удзел і шматразовы прызёр разнастайных забегаў і спаборніцтваў Тадэвуш Жаўток, які ў абсалюце фінішаваў чацвёртым і атрымаў грашовую прэмію 250 тысяч рублёў. Дарэчы, зусім нядаўна гэты спартсмен-аматар удзельнічаў і ў дваццацікіламетровым прабегу па вуліцах сталіцы «Залатая восень» да Дня машынабудаўніка, які арганізавала кіраўніцтва Мінскага аўтамабільнага завода. У сваёй узроставай групе – старэйшыя за сорак гадоў – ён заняў ганаровае першае месца, а ў абсалютным заліку – зноў стаў чацвёртым.

Пасля падвядзення вынікаў спаборніцтваў «Языльскай дзесяткі» адбыўся традыцыйны розыгрыш спартыўнай латарэі для гледачоў, дзе галоўнымі прызамі сталі два сучасныя тэлевізары і двое парасят.

На гэты раз гасцямі спартыўнага свята былі толькі ўкраінскія лёгкаатлеты. На наступны юбілейны, 25-ы забег, арганізатары плануюць запрасіць расіян, палякаў, літоўцаў і латышоў.

Святлана СУХАДОЛЕЦ