<p>14 кастрычніка ў Вілейскім краязнаўчым музеі адбудзецца адкрыццё фотавыставы П. Валынцэвіча</p>

Як паведамляе «Шлях перамогі»:

На Вілейшчыну і ў іншыя старасвецкія куткі Беларусі запрашае зазірнуць выстава фотаздымкаў Паўла Валынцэвіча – беларускага святара-фотааматара, які паспеў захаваць на шкляных негатывах аблічча мінулай эпохі.

Павел Канстанцінавіч Валынцэвіч (1875 – 1962) нарадзіўся ў мястэчку Вялікая Бераставіца Гродзенскай губерні, у сям’і дыякана мясцовай царквы. У 1897 годзе скончыў Віленскую духоўную семінарыю і затым 65 год свайго жыцця аддаў служэнню Богу, якое пачынаў псаломшчыкам. У 1899 годзе стаў настаяцелем царквы ў вёсцы Касута на Вілейшчыне. Менавіта фотаздымак царквы стаў адным з першых, які зрабіў Павел Валынцэвіч сваім фотаапаратам.

У 1902 – 1904 гадах Павел Валынцэвіч працаваў школьным інспектарам у мястэчку Дзісна, а пазней узначаліў прыход Свята-Нікольскага праваслаўнага храма ў вёсцы Узмёны (Міёрскі раён), дзе праслужыў 43 гады. Жыццёвы шлях айца Паўла закончыўся без малога 50 год назад у Ваўкавыску.

K


Святар Павел Валынцэвіч меў шырокае кола інтарэсаў. Ён маляваў карціны, захапляўся астраноміяй і прыродазнаўствам, карыстаўся сонечным гадзіннікам і менавіта па ім выстаўляў час на кішэнным. Сабраў вялікую бібліятэку, доступ да якой мелі ўсе яго знаёмыя і вернікі. Жыва цікавіўся палітыкай, разводзіў пчол… Але найбольшым яго захапленнем было фатаграфаванне.

pic_61

Гэтай новай незвычайнай справай айцец Павел зацікавіўся менавіта ў Касуце. Там і пачаў фатаграфаваць. Здымаў усё, што было навокал, усе падзеі, якія назіраў: храмы, гасцей, уборку ўраджаю, будаўніцтва хаты, прыродныя з’явы. Таму галоўнай адметнасцю фатаграфічнай спадчыны Паўла Валынцэвіча і сталі менавіта такія здымкі, якія зафіксавалі гісторыю свайго часу.
25 гадоў ён здымаў сваю сям’ю (тры пакаленні), месцы, дзе яны доўга жылі або бывалі наездамі, будні бліжэйшага асяроддзя. Яго працы дыхаюць мірам і любоўю, як быццам бы не было войнаў, рэвалюцый, акупацыі… Фатаграфіі П. Валынцэвіча паказваюць нам людзей, якія ўмелі жыць, любіць, працаваць, думаць, паважаць сябе.

pic_62

Унікальны фотаархіў Паўла Валынцэвіча фарміраваўся год за годам. Самы стары негатыў калекцыі датуецца пачаткам ХХ стагоддзя, а апошні – 1953 годам. Адметнасць гэтага фоталетапісу яшчэ ў тым, што яго негатывы выкананы на шкле, а матэрыял гэты вельмі далікатны, і такія негатывы, а аднаму з іх больш стагоддзя, часта не дажываюць да нашага часу. І тым не менш фотаархіў Паўла Валынцэвіча захаваўся, і сёння мы маем выключную гістарычную каштоўнасць.
Вілейскі краязнаўчы музей запрашае ўсіх жадаючых на адкрыццё фотавыставы П. Валынцэвіча

volyncevich_a_105p_b_m

«Позірк мінулай эпохі», якая адбудзецца 14 кастрычніка а 16 гадзіне ў выставачнай зале музея па адрасу пл. Свабоды,1.

volyncevich_a_113p_b_m

На выставе будзе прадстаўлена больш паўсотні фотаздымкаў, частка якіх адлюстроўвае г. Вілейку і вёскі Вілейскага раёна на пачатку ХХ стагоддзя. Большасць фотаздымкаў будзе паказана шырокаму колу гледачоў упершыню.

Вольга КОЛАСАВА, старшы навуковы супрацоўнік
ДУ «Вілейскі краязнаўчы музей»