https://www.traditionrolex.com/8
<p>Аказваецца, каб паспрабаваць эксклюзіўных страў, можна проста з’ездзіць у  беларускую глыбінку з моцнымі кулінарнымі традыцыямі</p>

Як паведамляе «Народная газета»:

Бліны, спечаныя на калодзе, і стараверскія гульбашнікі карэспандэнт «НГ» пакаштавала ў Шаркоўшчынскім раёне.

Аказваецца, каб паспрабаваць эксклюзіўных страў, зусім неабавязкова ісці ў кітайскі ці яшчэ які экзатычны рэстаран. Можна проста з’ездзіць у беларускую глыбінку з моцнымі кулінарнымі традыцыямі. Бо продкі нашы былі яшчэ тымі гурманамі і выдумшчыкамі! Нават у пост, калі не надта разгуляешся з прадуктамі, умудраліся рабіць дзясяткі страў. Ды якіх арыгінальных! У гэтым упэўнілася карэспандэнт «НГ», сустрэўшыся ў Шаркоўшчынскім раёне з удзельнікамі клуба нацыянальнай кухні «Груца» з вёскі Радзюкі і народнага клуба «Талака» з Кубелеўшчыны.

На здароўе чарачку,
На закуску скварачку,
Агурок салёненькі —
Будзеш ты здаровенькі! — запрашаюць сваёй «фірменнай» песняй радзюкоўскія жанчыны пакаштаваць іх мясцовыя стравы. Тут і дранікі, і клінковы сыр, і піражкі з яблыкамі.

— Спачатку наш калектыў быў фальклорным, — расказвае кіраўнік «Груцы» Альдона Папко. — Але заўсёды на канцэртах мы дэманстравалі нашы радзюкоўскія стравы. Кісель з аўса варылі, кашу з бобам таўклі... Мы бачылі: людзей вельмі цікавіць народная кухня. І ў 1997 годзе вырашылі перакваліфікавацца ў калектыў нацыянальнай кухні. А назвалі яго «Груцай» нездарма. Так завецца каша з гароху і ячных круп, якая спакон веку гатуецца ў Радзюках.

4

Стравы, што прапаноўваюць радзюкоўскія жанчыны, зусім нескладаныя для прыгатавання. Прызнацца, рэцэпты некаторых з іх проста здзівілі мяне сваёй лаканічнасцю. Вось, напрыклад, посныя рулі: у міску крышыцца хлеб, цыбуля, дабаўляецца вада, крыху алею і соль на смак. Усё. А што вы думалі, нашы продкі надта шыкавалі? Проста яны ўмелі добра і смачна прыгатаваць ежу з простых прадуктаў.
— У народзе казалі: вары есці ды з душой, — гаворыць Альдона Генрыхаўна. — Нават бульбу можна прыгатаваць з пяшчотай і любоўю: і цыбулькі ўкладзеш, і скварачкай засмажанай зальеш... Таму і пад’ясі добра.

Гарачая калода

Але, прызнацца, асабіста мяне радзюкоўскія жанчыны больш за ўсё здзівілі, калі запрасілі паглядзець, як яны гатуюць бліны. Здавалася б, што тут можа быць незвычайнага?! Быццам хтосьці з нас не бачыў, як пякуцца бліны. Але ж не на калодзе!
— Разразаем калоду, абавязкова сухастойку, на чатыры часткі, потым яшчэ на чатыры — атрымліваецца восем клінкоў. Гэта для скразняку, — тлумачаць жанчыны тэхналогію прыгатавання «калодных» бліноў. — Тут пасярэдзіне, каб хутчэй разгарэлася, капаем крыху саляркі, і калода пачынае гарэць. Стаў патэльню з цестам — і пячы. Бліны на калодзе атрымліваюцца такія ж, як і ў печы, — з прыемным водарам дымку.

5

«І праўда смаката!» — каштую радзюкоўскі блін. А калі яго змазаць яшчэ варэннем ці мёдам... Не дзіва, што на дзень вёскі, масленіцу ды іншыя святы каля калод збіраецца столькі жадаючых пакаштаваць гэтых бліноў, што жанчыны з «Груцы» толькі паспяваюць замешваць цеста. Дарэчы, на адной такой калодзе можна спячы цэлую міску бліноў — згарае яна не хутка.
— Калі шчыра, мы крыху ўдасканалілі тэхніку нашых бабуль, — расказвае Альдона Генрыхаўна. — Але памятаю, яшчэ мая прабабуля складвала на прыпечку лучынкі і пякла на іх яешню ці бліны. Так было прынята ў многіх дамах. Раней жа не было ні газу, ні электрычнасці. А калі прыходзіў раптоўны госць — трэба ж было дзесьці есці прыгатаваць. Печ распаліць — трэба шмат часу, а вось з лучынкамі ўсё было нашмат прасцей. На калодзе стравы атрымліваюцца такія ж, што і на прыпечку, — і па смаку, і па водару.

2

Пазнаёміць з дзіўнай тэхналогіяй прыгатавання бліноў удзельнікаў «Груцы» запрашаюць і ў школы, і ў іншыя вёскі, і нават на міжнародныя святы. Сёлета радзюкоўскія бліны, напрыклад, можна было пакаштаваць на «Славянскім базары ў Віцебску».
— Ды і самім цікава больш даведацца пра мясцовую кухню. Асабліва нам, маладзейшым удзельніцам калектыву, — прызнаецца Алена Майсеева. — Старэйшыя ж жанчыны лепш ведаюць і як спячы, і як падаць. Мы вучымся ў іх, пераймаем вопыт.

Паганая кружка

Пакаштаваць у Шаркоўшчынскім раёне можна не толькі беларускія народныя стравы, але і стараверскія прысмакі, якія прапаноўвае народны клуб «Талака».
— У нашым рэгіёне пражывае вялікая колькасць старавераў. Давялося сутыкнуцца з іх культурай, — расказвае кіраўнік клуба Людміла Ананіч. — Такія дзіўныя людзі, гавораць па-іншаму, апранаюцца па-свойму. Мяне гэта вельмі зацікавіла. Вырашылі сем гадоў назад стварыць з аднадумцамі калектыў і прадстаўляць іх культуру. Хадзілі па вёсках, запісвалі традыцыі старавераў, іх абрады, рэцэпты.

6

Аказваецца, у старавераў жанчыны не носяць спадніц — ходзяць у сарафанах, галаву пакрываюць хусткай, але не завязваюць — замацоўваюць шпількай, пры хрышчэнні акунаюць дзяцей з галавой у ваду, нявест крадуць. Расказалі мне і пра цікавыя традыцыі святкавання стараверамі Каляд. На куццю яны звязваюць ножкі стала вяроўкай — каб карова не брыкалася. І лыжкі з відэльцамі звязваюць разам. Так і ядуць — каб жонка з мужам жылі ў міры. Для людзей не іх веры ёсць у іх спецыяльная паганая кружка. Самі з яе стараверы не п’юць.

— І яна такая прыгожая, мяне таксама з яе частавалі, калі завітала да знаёмай стараверкі, — расказвае адна са старэйшых удзельніц калектыву Ала Мікалаеўна. — «Ай, Ігарок, — кажа, — прынясі ты нашу паганую кружку». Яны нават не хаваюць, што ёсць у іх такое.
Стравы старавераў, дарэчы, вельмі падобныя да нашых. Толькі назвы ў іх асаблівыя. Гульбашнікі, напрыклад, гэта піражкі, начыненыя зваранай бульбай. Крапанікі — бліны з тварагом. Сканцы — невялічкія булачкі з начынкай.

1

— Шмат ведаюць стараверы посных страў, — расказвае Людміла Ананіч. — Бо посцяцца яны вельмі шчыра і шмат, у тым ліку кожную сераду і пятніцу. У пост, напрыклад, робяць  бабовыя катлеты. Боб замочваюць у вадзе, адварваюць і таўкуць у ступе або прапускаюць праз мясарубку. На паўкілаграма бабоў дабаўляюць 200 грамаў манкі, крыху солі, абсмажанай цыбулі з морквай. З гэтага цеста фармуюць катлеты і смажаць іх на алеі.
Адным словам, пасмакаваць у Шаркоўшчынскім раёне можна было шмат чаго. А два рэцэпты прыхапіла з сабою для вас, дарагія чытачы.

3

Радзюкоўская кішка

Абабраць бульбу, надраць на тарцы, дабавіць соль, кавалачкі абсмажанага сала з цыбуляй. Узяць пачышчаную свіную кішку і напоўніць дранкай. Завязаць з абодвух канцоў. Запякаць на патэльні.

Стараверскія сканцы

Бяруцца кіслае малако, яйка, сода, мука і соль. Замешваецца цеста — яно павінна быць не вельмі тугім, бо не падымецца. Цеста раскатваецца ў ляпёшкі. Пасярэдзіне кожнай кладзецца начынка (капуста, грыбы, бульба), бакі зашчыпваюцца. Смажацца сканцы ў алеі. Можна есці адразу, а можна скласці ў патэльню, заліць смятанай і паставіць яшчэ на колькі хвілін у печ або духоўку.

Людміла МІНКЕВІЧ

https://www.traditionrolex.com/8