<p>Куды трэба пратаптаць турыстычныя сцежкі? Якой інфармацыі  не  хапае турыстам? І адкуль яе чэрпаць? Адказы на гэтыя пытанні можна  атрымаць  у дырэктара Інстытута мастацтвазнаўства  Аляксандра Лакоткі</p>

Як паведамляе «Звязда»:

Дзе жывуць «сакуны»? Куды трэба пратаптаць турыстычныя сцежкі? Якой інфармацыі не хапае турыстам? І адкуль яе чэрпаць? Адказы на гэтыя пытанні можна атрымаць у дырэктара Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі, доктара архітэктуры, доктара гістарычных навук, прафесара, члена-карэспандэнта НАН Беларусі Аляксандра Лакоткі.

 Тапанімічная карта

— Дзе трэба развіваць агратурызм?

— Не адно дзесяцігоддзе актуальнай застаецца праблема фарміравання пэўнага спісу гістарычных вёсак. Гэта не менш важна, чым, напрыклад, праграма па адраджэнні малых гарадоў і мястэчак. Ёсць шэраг населеных вясковых месцаў, якія ў комплексе ўяўляюць сабой унікальныя куткі, дзе прысутнічаюць помнікі гісторыі і культуры, народнага традыцыйнага мастацтва, унікальныя промыслы і рамёствы, дзе захаваліся абрады, сцэнарыі і сюжэты таго, што звязана з нематэрыяльнай, духоўнай культурай. Так, можна ўзгадаць пра ўнікальную вёску Наносы Мядзельскага раёна. Яна неаднойчы фатаграфавалася, апісвалася. Яшчэ ў пачатку 19 стагоддзя яна вывучалася Янам Булгакам. Да гэтага часу некаторыя з будынкаў захаваліся — іх можна пазнаць на старых фотаздымках. Там, на вастрыі азёрнай касы, знаходзіцца старажытнае гарадзішча. Зараз Наносы ўключаны ў дзяржаўную праграму «Развіццё нацыянальнага парка «Нарачанскі» і ў некаторыя абласныя праграмы. Плануецца на яе аснове стварыць этнаграфічную вёску з жывымі сядзібамі, культурай, побытам.

Вельмі цікавая вёска Нізок Уздзенскага раёна, дзе захавалася ўнікальная забудова, якая па структуры ўзыходзіць да перыяду валочнай рэформы 1557 года. З аднаго боку тут размешчаны жылыя дамы, з супрацьлеглага — гаспадарчыя пабудовы. Гэта радзіма Паўлюка Труса. Ва Уздзе захаваўся драўляны будынак школы, у якой вучыўся Кандрат Крапіва. Недалёка знаходзіцца і сядзіба Наркевіча-Ёдкі. Гэтыя мясціны павінны прыцягнуць да сябе ўвагу яшчэ і таму, што знаходзяцца недалёка ад Нясвіжа.

Вельмі цікавыя для нас з пункту гледжання гісторыі вёскі на памежжы Старадарожскага, Асіповіцкага і Пухавіцкага раёнаў у так званай «краіне сакуноў» (гэтая назва звязана з асаблівай гаворкай мясцовых жыхароў) — Церабуты Старадарожскага раёна, Клетнае Пухавіцкага, Крамок Асіповіцкага, Дражна і Падарэссе Старадарожскага. Напрыклад, у вёсцы Крамок ёсць сядзібы з гаспадарчымі пабудовамі, звернутымі да вуліцы. Гэта архаіка! З вёскі Падарэссе Старадарожскага раёна наш музей старажытнай беларускай культуры сабраў багатую калекцыю ўнікальнага ткацтва.

Неабходна звярнуць увагу на шэраг вёсак на мяжы Жыткавіцкага і Петрыкаўскага раёнаў — Судзібор, Хлупін, Хлупінская Буда, Снядзін, Сімоніцкі млынок, Рудня Тонежская. Па-першае, гэта цудоўны палескі ландшафт. Па-другое, тут захавалася традыцыйная забудова; можна сустрэць аброчныя крыжы, багата ўпрыгожаныя тканымі ручнікамі; тут захаваліся рамёствы і промыслы (нават можна ўбачыць сапраўдны палескі пчальнік). Можна дабрацца ў той жа Судзібор праз балота на ўсюдыходзе. Дарэчы, менавіта тут здымаўся фільм «Неруш» у пачатку 90-ых гадоў. Усе былі проста ў захапленні ад гэтай сапраўднай некранутай даўніны ў краі няпужаных птушак. Такія вёскі — гэта не проста асяроддзе, а асяроддзе з людзьмі, іх культурай, што само па сабе змястоўна.

Захавалася багатая тапаніміка. Напрыклад, у Падарэссі Старадарожскага раёна багата назваў урочышчаў, вуліц. Скажам пра такія назвы: Валачаеўка, Прычапілаўка (гэта вуліцы, якія далучаліся з балотаў). Зарэчча — характэрная беларуская назва, вельмі распаўсюджаная. Потым ёсць своеасаблівыя назвы — напрыклад, Жабін кончык, Зыкавец. Навакольныя ўрочышчы, паляны, дарогі таксама маюць назвы. Некаторыя найменні «паказваюць» накірунак на суседнія пасяленні — Дражанскае, Жыткаўское, Ляўкоўскае, Залушчына (на Залужжа, у бок Старых Дарог), шмат назваў са словам «святое».

Шмат вёсак з патранімічнымі назвамі (ад прозвішчаў пасяленцаў). Напрыклад, Ролічы Вілейскага раёна, Судзілы Клімавіцкага раёна. З апошняй, дарэчы, родам Судзілоўскі — вядомы географ, падарожнік, які ажно на Гавайскіх астравах пакінуў аб сабе памяць. Ёсць вёскі, у якіх цэлыя групы патранімічныя: людзі з адным прозвішчам жывуць на пэўных вуліцах.

Я думаю, што добра было б стварыць карту, аналагаў якой няма. На ёй былі б нанесены гістарычныя вёскі з ўсімі назвамі ўрочышчаў, лясоў, камянёў, крыніц.

19-5

Даведнік

— Сёлета выйшла ў свет кніга «Турыстычная мазаіка Беларусі». Ці можа яна служыць дапаможнікам, напрыклад, для тых жа гаспадароў аграсядзіб?

— Безумоўна. Тое, пра што мы вялі зараз размову, ёсць у гэтай кнізе. Яна з'явілася не выпадкова, тут напрацоўкі навукоўцаў за дзесяцігоддзі. Напрыклад, звязаныя з працамі, укладзенымі ў падрыхтоўку і выданне кніг па гісторыі гарадоў і сёл Беларусі, з працай па стварэнні канцэпцыі нацыянальнага турызму на аснове лакальных раёнаў турысцка-рэкрэацыйнага тыпу. У гэтай кнізе прыводзяцца звесткі пра 52 лакальныя раёны комплекснай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, якія вылучаліся на аснове аналізу асаблівасцяў прыродна-ландшафтнага асяроддзя, сістэмы рассялення, забудовы, традыцыйнай матэрыяльнай і духоўнай культуры. У кнізе прапануюцца найбольш перспектыўныя турыстычныя маршруты. Тут ёсць інфармацыя і пра народных майстроў, народныя калектывы, дамы рамёстваў і промыслы, пра помнікі, звязаныя з месцамі жыццядзейнасці вядомых людзей. Пэўны матэрыял адлюстроўвае ў тым ліку і тапаніміку. Сярод гэтых раёнаў ёсць і тая ж «Краіна сакуноў», і такі лакальны раён, як «Пагарыньскія гарадкі» — Давыд-Гарадок, Кажан-гарадок, Гарадная. Варта наведаць Загараддзе, дзе знаходзіцца Выганашчанскае возера, Іванава, Моталь. Тут вылучаны і такія раёны як Дрыбіншчына і Случчына, Ціхая Бесядзь, прасторы Лагойшчыны (раён паміж Гайнай, Дзвіносай і Віліяй). З гэтай кнігі можна ўзяць шмат рознай інфармацыі. Так, турысты з яе даведаюцца, што прыехалі не проста ў вёску Гарадная, дзе ўнікальныя палескія гаршкі; не проста ў Поразава, дзе чорна-вашчоная кераміка; не проста ў Ляскавічы ў Іванаўскім раёне, дзе тканыя ручнікі; ці Огава, дзе распісныя куфры. Менавіта не проста. Таму што гэта пэўная тэрыторыя з асаблівай культурай, гаворкай, пэўнымі традыцыямі. Калі турыст знаёміцца з гэтым комплексна, яму становіцца цікава, тады ён цягнецца да сувеніраў, таму што яны — адлюстраванне нейкай традыцыі. Кніга добра пазіцыянуецца ў Расійскай Федэрацыі, на Украіне, колькасць спасылак на яе ўжо некалькі тысяч.

— Што неабходна для таго, каб гаспадары аграсядзіб узаемадзейнічалі з носьбітамі традыцый?

— Я мяркую, што ўладальнікам аграсядзіб можна было б дапамагаць. У кожным раёне ёсць хоць адзін спецыяліст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Ён мог бы скласці мясцовы пералік гэтых сядзіб, прапанаваць іх уладальнікам сваю метадычную дапамогу, распавесці пра народныя калектывы, абрады, пра майстроў. Ёсць шмат напрацовак па абласцях, дзякуючы якім гаспадароў аграсядзіб можна забяспечыць змястоўным матэрыялам. Каб яны, у сваю чаргу, не прыдумлялі нейкія байкі для турыстаў, і каб не было нейкіх надуманых рэчаў, мне напрыклад, даводзілася сутыкацца з такім, што просяць: «Прыдумайце нам якога Зюзю».

Метадыст можа параіць уладальніку агратурызму, каго з бліжэйшай мясцовасці можна запрасіць паспяваць, сыграць на народных інструментах. Паведаміць, дзе жывуць майстры, якія могуць зрабіць сувеніры (напрыклад, майстар па пляценні, ганчар, каваль ці цясляр) або арыгінальную мэблю для той жа сядзібы.

Трэба прадумана падыходзіць да выкарыстання мясцовых рэсурсаў. Калі гэта арганізаваць цалкам па краіне, усё выліваецца ў стройную палітыку ў развіцці мясцовага турызму. Прычым гэта будзе на карысць не толькі гаспадару сядзібы. Гэта будзе садзейнічаць захаванню і развіццю традыцыйнай культуры. Тыя ж народныя майстры, калектывы будуць адчуваць пастаянную ўвагу, што будзе адбівацца на пераемнасці традыцый, захаванні сюжэтаў, сцэнарыяў і іх далейшай трансляцыі. Скажам, у тых жа Жыткавічах, дзе святкуецца Юр'е, у той жа Веткаўшчыне і іншых раёнах, дзе ёсць вядомыя калектывы, заўважана, што традыцыі будуць перадавацца.

— Фестывалі прыцягваюць увагу да традыцый дзяцей і моладзі?

— Узгадаем такі абрад, як "Калядныя цары". Вядома, гэта добры станоўчы прыклад для мясцовага асяроддзя, важны для адраджэння традыцыйнай духоўнай культуры пэўнай мясцовасці. Відавочна, што на гэты фестываль сыходзіцца ўся вёска і госці з суседніх, людзі прыязджаюць з райцэнтра, а часам, калі даведваюцца, едуць нават з Мінска і іншых вялікіх гарадоў. Завадатарамі і цэнтрам дзеяння з'яўляюцца сапраўдныя носьбіты, а да іх далучаецца і моладзь. Яна нясе факелы, танцуе. Але тут вельмі важна ствараць умовы для захавання аўтэнтычнасці. Ёсць небяспека перараджэння гэтага ўсяго ў псеўданацыянальныя формы, калі з'яўляюцца непатрэбныя, неўласцівыя "дэталі", паводзіны (напрыклад, бабулі махаюць у аб'ектыў фатаапарата ручкай, а маскі робяцца з папяроснай паперы). Калі не працаваць на захаванне аўтэнтычнасці, то на шырокае сусветнае прызнанне абраду як матэрыяльна-духоўнай спадчыны разлічваць не варта.

— Якія фестывалі трэба наведаць, каб паглядзець і зразумець, што такое Беларусь?

— Прывяду прыклад фестывалю на Іванаўшчыне «Мотальскія прысмакі». Вядома, тут ёсць і свае праблемы, недахопы. Затое хоць адбаўляй энтузіязму, вялікі выбар і ўдзельнікаў, і формаў.

5. Краязнаўчыя сцежкі

— На Беларусі шмат цудоўных мясцін, але хто зможа пазнаёміць з імі турыста на мясцовым узроўні?

— Лічу, што краязнаўчы турызм павінен абапірацца на школы. Пры адукацыйных установах ёсць школьнае краязнаўства (калі няма, гэта дрэнна).

Школьнікі ў археалагічных раскопках прымаюць удзел, у паходы ходзяць.

Між іншым, раней у Савецкім Саюзе была такая практыка, праўда, крыху заідэалагізаваная. Паходы праводзіліся па месцах баявой і працоўнай славы. У латышоў, напрыклад, у савецкі час гэта было пастаўлена на больш шырокую аснову, бо там не толькі падарожнічалі па месцах баявой славы, але і хадзілі па хутарах, знаёміліся з гаспадарамі, якія частавалі сырам, паілі малаком, паказвалі побыт, пабудовы, этнаграфічныя рэчы. Зараз у школах гэта трэба развіваць, што будзе карысна і для краязнаўчага турызму. Пажадана, каб у кожнай школе ці мясцовым Доме культуры існавалі мясцовыя краязнаўчыя музеі. Так, ёсць калекцыі ў Магілёўскім краязнаўчым музеі, але гэта абсалютна нічога не дае для турыста, які наведаў Чавусы, ці, напрыклад, Клімавіцкі раён. А ад Хоцімска да Магілёва 200 кіламетраў. Таму ў Хоцімску павінен быць свой музей, у якім можна даведацца пра гэтую мясцовасць. Неабходна прадумваць краязнаўчыя сцежкі. Напрыканцы экскурсіі, напрыклад, чалавек павінен нешта пабачыць: гэта можа быць помнік ці сабраная ў мясцовым музеі калекцыя (народны касцюм, ткацкія вырабы і інш.).

— На турыстаў з якіх краін Беларусі трэба рабіць стаўку?

— Даводзіцца бываць у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях — там часта можна сустрэць турыстаў з Прыбалтыкі, у розных рэгіёнах таксама сустракаюцца турысты з Польшчы. Падарожнікі з Германіі любяць па Палессі пракаціцца, прычым спыніцца не дзе-небудзь у аграсядзібе, а ў зусім не абсталяваным месцы. Галоўнымі для нас з'яўляюцца турысты ўласныя і еўрапейскія.

— Што трэба зрабіць, каб самім беларусам было цікава ў нашай краіне? Можа, у нас людзі яшчэ не ўсвядомілі, што турызм — гэта не толькі адпачынак, але і пазнанне? А турыстычныя арганізацыі пакуль думаюць толькі аб тым, як хутка зарабіць грошы?

— Не думаю, што стаўленне да турызму як да сродку даходаў будзе вызначальным. Тым, каму няма чаго паказаць, застанецца толькі адно — будаваць турбазы ля буйных транзітных дарог. А для таго, каб турызм развіваўся, трэба пашыраць і папулярызаваць веды пра гісторыка-культурную спадчыну краіны, прычым, у першую чаргу, веды аб лакальных тэрыторыях, аб гэтых краях сакуноў, вічынскіх палян, аб Ціхай Касплі, Расоншчыне. Мне даводзілася атрымліваць лісты, ад людзей, якія ў час адпачынку падарожнічалі па Беларусі, і ім патрэбна была толькі інфармацыя.

Алена Дзядзюля