<p>Тым часам краязнаўцы знайшлі яшчэ больш парушэнняў, якія датычацца  захавання помнікаў</p>

Ахова гісторыка-культурнай спадчыны Віцебскай вобласці знаходзіцца на нізкім узроўні, заявіла агенцыі БЕЛТА старэйшы памочнік пракурора вобласці Валянціна Хадасевіч.

Абласная пракуратура праверыла, як ахоўваюцца гісторыка-культурныя помнікі. Высветлілася, што праграма па ахове спадчыны ёсць толькі ў Дубровенскім раёне. У Глыбоцкім, Докшыцкім, Мёрскім і Шаркоўшчынскім раёнах не распрацаваная дакументацыя на ахоўныя зоны аніводнага помніка. У Докшыцкім і Браслаўскім раёнах праводзіліся працы на помніках без дазволу Міністэрства культуры. На многіх помніках не ўсталяваныя нават ахоўныя шыльды.

Але пракуратура пералічыла далёка не ўсе праблемы, якія датычаць захавання гісторыка-культурнай спадчыны, лічаць краязнаўцы. Многія помнікі не знаходзяцца ў афіцыйным спісе, і іх можна руйнаваць на законных падставах. Нягледзячы на неаднаразовыя звароты адмыслоўцаў Глыбоцкага раёна, улады адмаўляюцца паклапаціцца аб пашырэнні спісу гісторыка-культурных аб’ектаў. "Тым часам адбываецца знішчэнне глыбоцкай спадчыны - у 2004 годзе разбураны будынак XVIII стагоддзя, у 2006 годзе экскаватарамі раскопвалі культурны слой XVI-XVIII стагоддзяў у цэнтры горада, у 2010 годзе быў гістарычны будынак Чырвонай школы. Нам таксама незразумела рашэнне старшыні Шаркоўшчынскага райвыканкама Мечыслава Морхата, які ў 2010 годзе забараніў праводзіць валанцёрскі летнік дзеля навядзення парадку на руінах сінагогі", - кажа Уладзімір Скрабатун.