В Глыбоцкім раёне прайшоў семінар па развіцці турызму

20.10.2011 - Новости

В Глыбоцкім раёне прайшоў семінар па развіцці турызму

Калі шчыра, то правесці некалькі дзён у аграсядзібе «Родны кут» згодзіцца не кожны: камфортныя ўмовы для пражывання амаль адсутнічаюць. Але гасціннасць, увішнасць гаспадыні, яе ўменне разгаварыць сваіх гасцей, стварыць ім настрой, наблізіць да прыроды, каб  яны ўбачылі і адчулі  буйства траў, кветак, дрэў, цалкам кампенсуюць гэта

Як паведамляе «Веснiк Глыбоччыны»:

Семінараў  у раёне праводзіцца шмат, і тэматыка іх даволі разнастайная. Але чарговы, пра які пойдзе размова, — адметны, і адметнасць яго заключаецца ў тым, што гэта першы семінар, прысвечаны развіццю турызму ў раёне. Пачаў ён сваю работу ў актавай зале Дома Саветаў, а завяршыўся наведваннем аграсядзібы «Родны кут» у вёсцы Валодзькава.

Адкрываючы мерапрыемства, начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама  Міхаіл Арэхаў кораценька расказаў удзельнікам семінара – работнікам цэнтра турызму, інфармацыйна-турыстычнага цэнтра, гаспадарам аграсядзіб, спецыялістам, дзейнасць якіх звязана з развіццём турызму ў раёне,— пра накірункі развіцця турыстычнай галіны ў раёне.
Пра аграэкатурызм, магчымасці і перспектывы стварэння грамадскай асацыяцыі суб’ектаў аграэкатурызму гаварыла на семінары інструктар па турызме Кацярына Шаура.

Выступленне дырэктара турыстычнага агенцтва «Інвестспорт» Алены Альшэўскай было прысвечана  тэме «Турыстычныя маршруты на тэрыторыі раёна і развіццё турызму ў раёне».

З цікавасцю пазнаёміліся ўдзельнікі мерапрыемства з інфармацыяй спецыяліста аддзялення Белаграпрамбанка ў Глыбокім Іны Сучковай пра льготнае крэдытаванне суб’ектаў аграэкатурызму і аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу.

Пра асаблівасці рэгістрацыі і падаткаабкладання суб’ектаў аграэкасядзіб і вядзенне імі ўліковых дакументаў расказала на семінары начальнік аддзела падаткаабкладання фізічных асоб падатковай інспекцыі па Глыбоцкім раёне Леаніда Рабіза.

Як бачыце, пытанні, вынесеныя на парадак дня тэарэтычнай часткі семінара, былі вельмі актуальныя.

471

З Мінска – у Глыбокае

Пасля двухгадзіннай актыўнай работы ўдзельнікі семінара зрабілі невялічкую паўзу, а затым сустрэліся за «круглым сталом», дзе і прадоўжылі размову па самых розных пытаннях развіцця турызму ў рэгіёнах. Каб размова ішла актыўней, каб не вяла рэй стомленасць, за гэтым сталом можна было папіць чаю, кавы, з’есці смачную  булачку, піражок (дзякуй за гэта арганізатарам мерапрыемства і кіраўніку прыватнага прадпрыемства Аксане Кісель).
З самымі актыўнымі ўдзельнікамі «круглага стала» мы вас хочам пазнаёміць.

Аляксандр Цвірко, гаспадар аграсядзібы «Запаведны востраў», што на возеры Шо:

— Жыву ў Мінску, а на семінар мяне запрасіла Ала Васільеўна Вярцінская. Дзякуй ёй за гэта. Вельмі хачу развіваць турыстычны бізнес. Выкупіў домік, прывёў яго ў парадак. І калі ў летні перыяд ад турыстаў адбою не было, то цяпер стала зацішней.  Мясціны на Шо прыгожыя, і я хачу так арганізаваць работу, каб турысты на «Запаведны востраў» прыязджалі круглы год. Прыгледзеў невялічкае возера, яно так і называецца — Азярко. Можа, удасца ўзяць яго ў арэнду. Знайшоў крыніцу, вада з якой – так паказалі аналізы – амаль мінеральная. Спадзяюся, што вы мне раскажаце пра мясцовых паляўнічых, рыбакоў, бо задум маю шмат. На семінар прыехаў, каб пазнаёміцца са сваімі калегамі, аднадумцамі. Перакананы: гэта паспрыяе  развіццю турызму.


Якаў Серафімовіч, гаспадар аграхутара «Скрабатуны»:

— Аграхутар знаходзіцца на мяжы Глыбоцкага і Ушацкага раёнаў, і, вядома, турысты не абмінаюць яго, бо мы ім прадстаўляем магчымасць пакатацца на конях. Але сёння гэтага ўжо мала. Асабіста мне не хапае інфармацыі. Я толькі тут, на семінары, даведаўся, што ёсць такая ўстанова «Галубоў сад». У раёне шмат іншых цікавых аб’ектаў турызму. Калі мы хочам, каб турызм на Глыбоччыне развіваўся, нам трэба ўзаемадзейнічаць паміж сабой.

472

Алег Лысёнак, аграсядзіба «Храмыя»:

— Адметнасць маёй сядзібы? А яна такая: турысты могуць прыехаць сюды і жыць усё лета, вырошчваць гародніну, садавіну. Скажам, вясной яны сеюць штось, а восенню ўбіраюць. І адпачнуць добра (у парку каля аграсядзібы  каля 500 дрэў), і прадукцыяй на зіму сябе забяспечаць. А яшчэ я вырошчваю карысны корань накшталт жэньшэню – дзве соткі адвёў пад яго. На корані раблю настойку, якая павышае імунітэт. Даю вам рэцэпт настойкі: 30 грамаў сухога кораня (яго вы зможаце купіць у мяне)  — на бутэльку гарэлкі. І прымаць па дзесяць грамаў адзін раз у дзень. Будзеце заўсёды здаровыя і актыўныя.

Пра многае вялася гаворка за «круглым сталом», і кожны прамоўца, дзелячыся сваімі ці то першымі крокамі на сцяжыне турыстычнага бізнесу, ці ўжо вопытам работы, падкрэсліваў адно: каб выйсці на новы ўзровень развіцця турызму, патрэбна каардынацыя дзеянняў.

«Родны кут» – лепшая аграсядзіба Віцебскай вобласці

Цікавай і насычаная была практычная частка семінара: удзельнікі наведалі «Дом паляўнічага» ў вёсцы Каралевічы, аграсядзібы «Добрая» (у вёсцы Гваздова) і «Родны кут» (у вёсцы Валодзькава).
Пра «Дом паляўнічага» ААТ «Старт» скажам наступнае. Тут у асноўным адпачываюць паляўнічыя з-за мяжы: чэхі, французы, расіяне. Як заўважыла адміністратар Святлана Іванаўна, могуць прыязджаць сюды і беларусы. Вось толькі цэны тут высокія. Так, пражыванне ў нумары «люкс» каштуе больш  за 200 тысяч рублёў у суткі. Акрамя традыцыйнай лазні, напракат вы можаце ўзяць снегаходы, квадрацыклы.

Цэны на пражыванне і адпачынак ў аграсядзібе «Добрая» нашмат меншыя. І хоць гаспадар Андрэй Цітоў сціпла зазначае, што толькі пачынае развіваць свой турыстычны бізнес, слава пра аграсядзібу адпавядае яе назве. У час выбараў тут пражывалі прадстаўнікі АБСЕ. І глыбачане з ахвотай наведваюцца сюды.

— Зімой кожную нядзелю прыязджаюць чалавек 15, гуляюць на сажалцы у хакей, на лыжах бегаюць,— гаворыць Андрэй. – Летам – рыбу ловяць, купаюцца, на лодцы катаюцца.
Андрэй Цітоў у пажыццёвае валоданне атрымаў два гектары зямлі, вось і стараецца навесці на ёй парадак. У доме –  светла, утульна, камфортна. Лазня – шыкоўная, альтанка – прыгожая. Пры жаданні для пачаткоўцаў тут можна арганізаваць маленькі водны маршрут: да іх паслуг — невялічкая лодачка з лёгкімі вёсламі.

473

Аграсядзіба «Родны кут» Юліі Букі ў намінацыі «Зялёная сядзіб» прызнана лепшай у Віцебскай вобласці. Пра свой турыстычны бізнес Юлія гаворыць так:

— Прапаную не столькі адпачынак, колькі жыццё ў вёсцы, на прыродзе, сярод тутэйшых людзей, якіх абавязкова прашу паважаць, не крыўдзіць.

Праўда, бывае, жанчыну крыўдзяць самі аматары адпачынку на прыродзе: маўляў, беднавата жывяце, у працы – кругласутачна, хіба не можаце жыць лепш? А праз нейкі час зноў звоняць, просяцца прыехаць.

Калі шчыра, то правесці некалькі дзён у аграсядзібе «Родны кут» згодзіцца не кожны: камфортныя ўмовы для пражывання амаль адсутнічаюць. Але гасціннасць, увішнасць гаспадыні, яе ўменне разгаварыць сваіх гасцей, стварыць ім настрой, наблізіць да прыроды, каб  яны ўбачылі і адчулі  буйства траў, кветак, дрэў, цалкам кампенсуюць гэта. Многіх прываблівае і такі бонус: той, хто размаўляе па-беларуску, атрымлівае зніжкі на пражыванне ў «Родным куце» на 20%.

Удзельнікам семінара настолькі спадабалася гасціннасць Юліі Букі – яна частавала іх юшкай, смажанай рыбай, сокамі, — што яны не толькі нагаварылі гаспадыні шмат цёплых слоў, але і праспявалі ў яе гонар прыпеўку.

*  *  *
Прыгожая, багатая, шчодрая на таленавітых людзей глыбоцкая зямля.  З розных куточкаў Беларусі едуць сюды людзі, каб наталіцца хараством прыроды, адчуць дыханне гісторыі, падзівіцца з гасціннасці нашых землякоў, светла пазайздросціць сённяшняй яве горада і раёна. Ёсць яно, прыцягненне глыбоцкай зямлі. А гэта – найлепшы стымул для развіцця турыстычнай галіны на Глыбоччыне.

Тэкст і фота Алеся Жыгунова

Рубрики: Сельский Туризм

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах