<p>Пытанне для тых, хто карыстаецца веласіпедам: якую адлегласць за  дзень вы на ім праязджаеце? Пяць, дзесяць кіламетраў? Ці нашмат менш,  аднак і пасля таго ў целе адчуваецца стома? А як наконт 35 км? Думаеце, нерэальна? І памылкова. Бо менавіта столькі пераадолелі на  сваіх «жалезных конях» удзельнікі раённага велапрабегу – самыя звычайныя  хлопчыкі і дзяўчынкі</p>

Як паведамляе «Голас Любаншчыны»:

Пытанне для тых, хто карыстаецца веласіпедам: якую адлегласць за дзень вы на ім праязджаеце? Пяць, дзесяць кіламетраў? Ці нашмат менш, аднак і пасля таго ў целе адчуваецца стома? А як наконт 35 км? Думаеце, нерэальна? І памылкова. Бо менавіта столькі пераадолелі на сваіх «жалезных конях» удзельнікі раённага велапрабегу – самыя звычайныя хлопчыкі і дзяўчынкі.

Такім чынам, па-свойму, каля паўсотні вучняў з сямі школ Любаншчыны далучыліся да міжнароднай акцыі «Дзень без аўтамабіля».

Над распрацоўкай маршруту сумесна працавалі арганізатары мерапрыемства: метадыст па турысцка-краязнаўчым накірунку ДУА «Любанскі ЦДТ» Вольга Жураўская, першы сакратар РК ГА «БРСМ» Вольга Вярэніч і старшы інспектар ДАІ Любанскага РАУС Аляксандр Жаўрыд. Ажыццяўляючы ідэю, яны імкнуліся задзейнічаць моладзь з як мага большай колькасці ўстаноў адукацыі, зрабіць велапрабег цікавым і не надта складаным. А гэтаму павінны былі спрыяць запланаваныя прыпынкі ў Касцюкоўскай, Забалацкай і Тальскай школах. Дарэчы, у кожнай з іх для гасцей  быў падрыхтаваны сюрпрыз.

454.

Збор удзельнікаў велапрабегу прайшоў на цэнтральнай плошчы Любані. Сюды, на месца, што стала адпраўной кропкай маршруту, з’ехаліся вучні з трох гарадскіх, Сароцкай і Забалацкай школ. Вядома, кожную каманду суправаджаў дарослы, таксама на ровары.

Першы прыпынак адбыўся ў Касцюкоўскай школе. Рабятам далі перадыхнуць, а пасля гасцінна запрасілі ў актавую залу. Іх увазе прапанавалі шэраг відэаролікаў па прафілактыцы дарожна-транспартнага траўматызму. Дарэчы, тут калона папоўнілася некалькімі касцюкоўцамі. Агульны здымак на памяць, і на чарзе ўжо Забалацкая школа.

У Забалаці хлопчыкі і дзяўчынкі ўзялі ўдзел у конкурсе малюнкаў на асфальце. Тэматыка простая  – «Дзень без аўтамабіля». Асаблівасць задання заключалася ў тым, што стварыць выяву неабходна было… вадой. Па-рознаму падышлі рабяты да раскрыцця заяўленай тэмы. Аднак, напэўна, больш за іншыя арганізатарам спадабаўся малюнак каманды СШ №1 г. Любані. Рабяты прапанавалі ў «дзень без аўтамабіля» перасоўвацца на возе з канём. Хвілін колькі на перадышку – і далей у шлях. Удзельнікаў велапрабегу чакалі ўжо ў Талі.

453

Кульмінацыяй мерапрыемства, бадай, стала веласпартландыя, якая ўключала ў сябе праходжанне сямі этапаў (бервяно, васьмёрка, фігуры, жэрдачкі і інш.). Прыняць удзел у ёй маглі па два чалавекі з каманды.

Ужо на шляху да фінішу дзеці мелі магчымасць паспаборнічаць навыперадкі дзякуючы таму, што на адрэзку аўтадарогі Таль – Любань уздоўж трасы пакладзена веладарожка. Рух па ёй на вялікай скорасці не ўяўляў ніякай небяспекі для рабят. Таму многія, збочыўшы, пачалі круціць педалі на ўсю моц. Назіраючы за гэтым, можна было узяць пад сумненне той факт, што ўдзельнікі велапрабегу ўжо пераадолелі на роварах каля трыццаці кіламетраў.

77

Дадому яны вярталіся поўныя ўражанняў і гонару, што справіліся з дыстанцыяй!

Дар’я РАБЦАВА,

фота Вольгі ВЯРЭНІЧ