https://www.traditionrolex.com/8
<p>Штогод музейнае аб’яднанне прымае да 20 тысяч наведвальнікаў</p>

Як паведамляе "Браслаўская звязда":

Вестка пра тое, што ў намінацыі «Лепшы музейны работнік” названа імя дырэктара Браслаўскага раённага  аб’яднання музеяў Аляксандра Панцялейкі, стала для самога намінанта сапраўдным падарункам да прафесіянальнага свята – Дня работнікаў культуры. Прэмія гэта прызначаецца за высокія дасягненні ў вобласці культуры і мастацтва і ўручаецца Віцебскім аблвыканкамам.

Сам Аляксандр, праўда,  ад прыроднай сціпласці не лічыць такую ўзнагароду вельмі ім заслужанай, хоць за 20 гадоў работы ў гэтай сферы зрабіў нямала. Лічыць яе заслугай  усяго калектыву.

У гісторыка-краязнаўчы музей Аляксандр прыйшоў працаваць пасля заканчэння геаграфічнага факультэта БДУ. У студэнцкія гады ў час летняй практыкі ён даволі дасканала вывучыў геаграфію вялікай тагачаснай краіны пад назвай СССР не толькі па падручніках, а на практыцы ў розных экспедыцыях. Пабыў у такіх вядомых мясцінах, як Ніжняя Тунгуска, воз. Байкал, аб’ехаў рэспублікі Сярэдняй Азіі, Закаўказзя, быў заўзятым аматарам паходаў у Карпаты, Туркменістан. Аднак адчуваў, што яго больш усё ж цікавяць не гісторыя з геаграфіяй, а краязнаўства. Дарэчы, яшчэ ў першыя гады сваёй працоўнай дзейнасці заняўся ўсур’ёз падлікам колькасці азёр у нашым раёне. Праўда, з-за недахопу часу пакуль справу гэту да канца не давёў, але спадзяецца завяршыць.

Вялікую  школу станаўлення як прафесіянала Аляксандр  Панцялейка прайшоў у тагачаснага дырэктара музейнага аб’яднання Галіны Падалян і навуковага супрацоўніка Канстанціна Шыдлоўскага. Яму вельмі, лічыць, пашанцавала  працаваць з такімі заўзятымі і апантанымі людзьмі. Акурат у час прыходу яго на працу пачыналі збіраць матэрыялы для кнігі “Памяць”. Давялося пабыць у архівах Літвы, Латвіі, Польшчы, Расіі, Беларусі і непасрэдна “датыкнуцца” да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і лёсаў землякоў. Многія матэрыялы яшчэ да гэтага часу су-працоўнікі музея выкарыстоўваюць у сваёй рабоце.

У той жа перыяд пачалі таксама эксперыменты па самастойным стварэнні экспазіцый музея, і яны былі высока ацэнены спецыя-лістамі рэспубліканскага ўзроўню.

Аляксандр з’яўляецца аўтарам не аднаго буклета пра наш азёрны край і кнігі “Браслаўскія зоры”.

У падначаленні А. Панцялейкі творчы і працаздольны калектыў. Менавіта яму  належыць ідэя правядзення ў рамках “Браслаўскіх зарніц” “Мяча Брачыслава”, летніх кірмашоў майстроў рамёстваў, якіх толькі сёлета адбылося чатыры. Калектыў на чале са сваім кіраўніком шукае і знаходзіць новыя формы работы, адыходзячы ад традыцыйных   і выходзячы за рамкі сцен музеяў, бліжэй, як кажуць, да людзей.

Штогод музейнае аб’яднанне прымае да 20 тысяч наведвальнікаў. Вядома ж, асабліва шматлюдна бывае ў сезон адпачынку, але і ў зімовы час музейным работнікам не даводзіцца расслабляцца. Стараюцца выканаць план па платных паслугах. З запланаваных на гэты год 173 млн. руб. зарабілі ўжо 103 млн. Пастаяннага догляду  патрабуюць і музейныя экспанаты. Дарэчы, з 23 тысяч адзінак захоўвання на экспазіцыях знаходзіцца іх усяго каля 1 тысячы. У планах  частковая замена гісторыка-краязнаўчай экспазіцыі на новую. Не хапае выставачнага абсталявання, каб больш поўна і на сучасных вітрынах  прадставіць наведвальнікам тыя экспанаты, якія знаходзяцца ў сховішчах.

Словам, работа не заціхае. У калектыву і яго кіраўніка Аляксандра Панцялейкі планы пераплятаюцца з рэальнасцю і, думаю,  яны яшчэ не адзін раз здзівяць нас сваімі неардынарнымі мерапрыемствамі і адкрыццямі.

Зінаіда Палулех

https://www.traditionrolex.com/8