<p>На семінар па тэме «Асаблівасці арганізацыі  майстрамі народнай творчасці этнаграфічных куткоў ва ўстановах культуры» завіталі кіраўнікі клубаў майстроў, супрацоўнікі ўстаноў  культуры з дванаццаці раёнаў Мінскай вобласці</p>

Як паведамляе «Раённы веснiк» (Червень):

На семінар па тэме «Асаблівасці арганізацыі майстрамі народнай творчасці этнаграфічных куткоў ва ўстановах культуры» да нас завіталі кіраўнікі клубаў майстроў, супрацоўнікі ўстаноў культуры з дванаццаці раёнаў Мінскай вобласці, а таксама прадстаўнікі абласнога Цэнтра народнай творчасці.

Распачалася вандроўка па Чэрвеньшчыне з наведвання сусветна вядомага музея Станіслава Манюшкі ў пасёлку Азёрны — сённяшняга філіяла нашага раённага краязнаўчага музея. Без перабольшвання, ён – гонар нашага раёна. Найцікавейшую экскурсію правяла яго апякунка, навуковы супрацоўнік Ірына Серада.

Затым мы накіраваліся ў Кліноцкі сельскі Дом культуры (СДК), дзе наведалі этнаграфічны куток. Ён створаны тут не так даўно, але ўжо дастаткова напоўнены цікавымі экспанатамі. Пра іх гісторыю, прызначэнне ў даўнія часы распавяла дырэктар Кліноцкага сельскага Дома культуры Галіна Акуліч. Яна патлумачыла, што выстава карыстаецца папулярнасцю ў вяскоўцаў і дачнікаў усіх узростаў. Людзі з задавальненнем яе наведваюць. Размешчаны тут прадметы побыту, ручнікі, старадаўняе адзенне… Супрацоўнікі СДК аднавілі ткацкі станок і ўжо навучыліся ткаць.

2

Наступная адметнасць этнаграфічнага кутка ў Клінку – выстава лапцяў. Цікава было паслухаць, з чаго і як яны зроблены. У вёсцы і дагэтуль жывуць людзі, чые рукі памятаюць мудрагелістае майстэрства пляцення даўнейшага абутку.

Галіна Акуліч таксама запрасіла гасцей наведаць суседні пакой, прысвечаны вядомаму земляку, яе дзядзьку – мастаку, навукоўцу, спеваку, акцёру Пятру Карначу. Яна зазначыла, што гэта толькі пачатак. У планах – зрабіць годную экспазіцыю, бо чалавек гэты сапраўды варты і ўдзячнай памяці, і ўшанавання. Але госці былі прыемна здзіўлены і тым, што ўбачылі ў звычайным сельскім Доме культуры.

3  

Пасля мы паехалі ў Іванічы, дзе на ганку мясцовага сельскага Дома фальклору (СДФ) нас сустрэлі з караваем дзве самыя маладыя ўдзельніцы фальклорнага калектыву «Вечарына». У фае была арганізавана выстава сучасных майстроў вышыўкі, а ў асноўнай зале размясціліся экспанаты міні-музея. Госці здзейснілі тут экскурс у гісторыю. А тычыўся ён паходжання палатна – з самага пачатку. Нам распавялі, як вырошчваюць лён і пра ўвесь далейшы працэс яго апрацоўкі. Прычым гэта было не толькі расказана, але і паказана. Усё суправаджалася адпаведнымі фальклорнымі песнямі.

Удзельнікам семінару спадабаліся таленавітыя рознаўзроставыя ўдзельніцы. Дарэчы, калектыў «Вечарыны» апошнім часам амаладзіўся. І ўсё ж, як зазначылі госці, іх асабліва ўразілі прадстаўнікі старэйшага пакалення, якія былі такімі жвавымі… Нават па ходу штосьці імправізавалі, апрача праграмы.

4

Карацей, тут было вельмі весела. І гэта – заслуга дырэктара Іваніцкага СДФ Аляксандры Гаўрыльчык і новай супрацоўніцы Ларысы Арэхавай. Мама апошняй спявала ў калектыве. А цяпер і Ларыса спявае тут – разам з сястрой і сваёй дачкой. Таксама рупіцца пра тое, каб папаўнялася экспазіцыя. Малайчына! З вялікім задавальненнем займаецца працай у СДФ. А значыць, перспектывы ў гэтай установы культуры добрыя…

Каб нашы госці не сумавалі падчас пераездаў і атрымалі як мага больш карыснай інфармацыі за абмежаваны час, у аўтобусе экскурсаводам працавала дырэктар Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея Алена Забаронак. Яна распавядала пра цікавыя факты з гісторыі Чэрвеньшчыны-Ігуменшчыны. А ў самім музеі правяла экскурсію. Затым галоўны захавальнік фондаў Галіна Кузьміна расказала пра збор і захоўванне экспанатаў, дакументацыю па рэгістрацыі, што вельмі цікавіла ўдзельнікаў семінару.

5

Апошняй кропкай нашага маршруту стаўся Горкаўскі СДФ, дзе таксама старанна рыхтаваліся да сустрэчы. Хочацца адзначыць дырэктара Таццяну Савонаву, акампаніятара Андрэя Каленіка, супрацоўніцу Ірыну Маркушэўскую, якая выступіла ў ролі экскурсавода і падрыхтавала цікавы аповед.

Тут за непрацяглы час змаглі аднавіць фактычна страчаны этнаграфічны куток, сабраць адметныя экспанаты. Супрацоўнікі Горкаўскага сельскага Дома фальклору таксама аднавілі ткацкі станок і вучаць ткаць маладых. Знайшлі жанчыну, якая паказвае асновы майстэрства. Пакуль гэта, зразумела, самыя простыя варыянты. Але пачатак працы ў гэтым накірунку пакладзены. І тут ёсць настрой на сур’ёзную работу. Яшчэ гасцей пазнаёмілі з мясцовымі майстрамі народнай творчасці – сям’ёй Тумусаў. Была арганізавана выстава работ сучасных вышывальшчыц.

6

Пры Горкаўскім СДФ працуе вакальны калектыў «Далінушка». Усіх удзельнікаў яго не было, але тым не менш некалькі песень самадзейныя артысты праспявалі. А затым паказалі работу гурткоў для школьнікаў. Адзін з іх займаецца вывучэннем мясцовых побытавых танцаў. Дзяўчаты прадэманстравалі «Горкаўскую польку» і «101». Госці былі проста ў захапленні, задавалі шмат пытанняў. Танцу «101», дарэчы, іх навучыла Таццяна Тумус. Атрымалася прыгожа, каларытна і весела!

Там жа, у Горкаўскім СДФ, падвялі вынікі абласнога семінару. Гаварылі пра актуальнае. А гэта не толькі наяўнасць, назапашванне экспанатаў у этнаграфічных кутках, але і клопат пра захаванасць рэчаў, іх рэгістрацыю. Бо яны, так бы мовіць, не ўпарадкаваны афіцыйна. Таму і шукаюцца шляхі, як гэта рабіць правільна, ва ўсіх раёнах Мінскай вобласці.

7

Вось збіраюць старадаўнія рэчы. Проста ладзяць з іх экспазіцыю, не рэгіструючы. А затым… Працуе чалавек ва ўстанове культуры – яны ёсць. А пасля сыходзіць з гэтай пасады – і экспанаты забірае. Атрымліваецца, што яны – асабістыя. А павінна ж быць афіцыйная рэгістрацыя, пад нумарамі.

Вырашылі спыніцца на двух варыянтах: альбо рэч перадаецца ў дар назаўсёды, альбо даецца на пэўны час – з умовай, што гаспадар яе пасля забярэ.

Праблемы ёсць, бо шмат каштоўных экспанатаў, бывае, проста знікаюць. Прадстаўнік абласнога Цэнтра народнай творчасці Ірына Смірнова, якая ўдзельнічала ў семінары, шмат гадоў працавала музейным работнікам, таму, як ніхто іншы, уяўляе каштоўнасць такіх экспанатаў. А каштоўныя яны сваімі старажытнасцю, унікальнасцю, дзесьці нават адзінкавасцю.

8

Між іншым, такія этнаграфічныя куткі ёсць і ў іншых нашых установах культуры. Першапачаткова мы хацелі яшчэ наведаць сельскія Дамы культуры ў Хутары, Любішына… Але не паспявалі па часе. Я размаўляла з калегамі з іншых раёнаў і высветліла, што па колькасці этнаграфічных куткоў мы з’яўляемся аднымі з першых у вобласці. І гэта таксама паказчык. Калі яны ёсць, значыць, работа ў гэтым накірунку вядзецца…

Прыемна, што гасцям у нас спадабалася. Яны зазначылі, што ўбачылі шмат цікавага і карыснага. Дзякую ўсім супрацоўнікам устаноў культуры, народным майстрам, якія прымалі ўдзельнікаў абласнога семінару, за адказнае стаўленне да працы, неабыякавасць і творчасць.

Святлана РАЗУМОЎСКАЯ

 

Фота Ларысы ШАЎЧЭНКА