https://www.traditionrolex.com/8
<p>Распрацоўвае фермер Міхаіл Самаль і турыстычны маршрут, які працягнецца ад Краснага праз Белева, Гарадок, Пранчэйкава да Крэва. Звяжа ён культурныя аб’екты, помнікі гісторыі, аграсядзібы. Вось тут якраз будзе да месца і спартыўная рыбалка</p>

Як паведамляе  "Маладзечанская газета":

Рыбалка, як вядома, прыносіць задавальненне, знімае стрэс. Добры ўлоў падымае настрой. А вось ці можа спадабацца спартыўная рыбалка, калі злоўленую рыбу трэба зноў адпускаць у вадаём? Вопыт фермерскай гаспадаркі па лоўлі рыбы і экатурызме Міхаіла Іосіфавіча Самаля падказвае, што так.

Знаходзяцца «блакітныя ўгоддзі» Міхаіла Іосіфавіча ля вёскі Белева (недалёка ад Гарадка). Ведаюць іх не толькі ў нашай краіне. Едуць сюды італьянцы, французы, немцы. Нягледзячы на свой амаль васьмідзесяцігадовы ўзрост гаспадар паспявае і гасцям дагаджаць, і сажалкі даглядаць.

Сустрэліся мы з фермерам у яго маладзечанскім доме (у перадзімовы перыяд «рыбны ўраджай» з сажалак быў зняты і вадаёмы «адпачывалі»). Было цікава, чаму адны людзі ў стане пачаць і развіць сваю справу, а іншым ніяк не шанцуе. У чым увогуле сакрэт поспеху вясковага прадпрымальніцтва?

— Напэўна, у вопыце, — гаворыць Міхаіл Іосіфавіч. — Я добра ўяўляў, што канкрэтна ў мяне павінна атрымацца. У пяцідзясятых гадах мінулага стагоддзя працаваў у Германіі, у гаспадарчым падраздзяленні вайсковай часці. Там, за мяжой, і пазнаёміўся з арганізацыяй цывілізаванага масавага адпачынку на прыродзе. Гэты вопыт, прынамсі, дапамог пазбегнуць многіх хібаў ва ўласнай справе.

Зямлю М.І. Самаль атрымаў у 1992 годзе. Праз тры гады быў зацверджаны генеральны план, у якім прадугледжваліся перспектывы развіцця фермерскай гаспадаркі як безадходнай і экалагічна чыстай, разлічанай на экатурызм. З цягам часу з’явілася інфраструктура, пачала расці кліенцкая база. Поспеху садзейнічала і тое, што размешчана гаспадарка ў вельмі маляўнічым, багатым на паданні месцы, сярод хвойнага лесу, паблізу ад добраўпарадкаванай шашы на Гарадок.

У пачатку сваёй дзейнасці Міхаіл Іосіфавіч выкапаў і зарыбіў цэлы каскад сажалак (гадавальнік, прамысловыя сажалкі). Ехалі сюды людзі, каб вылавіць і забраць з сабой або прыгатаваць на месцы карпа, шчупака, сама, ліня, акуня, карася, белага амура. «Воднае паляванне» карысталася вялікім попытам. Можна было і далей атрымліваць стабільны прыбытак і не абцяжарваць сябе пошукам новых форм гаспадарання. Але з цягам часу напрамак дзейнасці фермера пачаў крыху мяняцца.

— Што ж прымусіла перапрафіляваць дзейнасць паспяховай гаспадаркі менавіта на спартыўную рыбалку, калі шчаслівы рыбак можа хіба толькі паглядзець на свой «трафей», сфатаграфавацца разам з ім? – пытаюся ў фермера. — Ці не шкада людзям выпускаць здабытую імі рыбу зноў у вадаём?

— Ведаеце, на самой справе цяпер большаць рыбакоў бяруць у рукі вуду ці спінінг не дзеля выніку, а менавіта дзеля працэсу. Асабіста выцягнуць з вады рыбіну – для іх гэта сапраўднае свята! Што ж тычыцца спартыўнай рыбалкі, то гэта вельмі перспектыўны напрамак дзейнасці. Прынамсі, у Англіі ён вядомы ўжо больш за два стагоддзі, ды і расіяне, пачынаючы з 80-х гадоў мінулага стагоддзя, актыўна практыкуюць рыбалку «без улову». Рыбу ж цяпер набыць не праблема. А вось адпачыць, зняць стрэс… Таму да мяне і прыязджаюць, і я стараюся стварыць адпаведныя ўмовы.

— Ці шкодзіць рыбе шматразовае пападанне на кручок?

— Нядаўна пачысціў свае вадаёмы, рыбу прадаў. Амаль 400 кілаграмаў карпа, карася. Усе здаровыя. Калі рыба здаровая – нічога дрэннага з ёй не зробіцца. А ўвогуле, ёсць жа сусветны вопыт, такая практыка існуе ў многіх замежных гаспадарках. 

s6305218

Так, адпачыць у Міхаіла Іосіфавіча сапраўды можна. Турыстаў тут сустрэнуць вялікая паркоўка, лазня, пакоі для адпачынку, павільён на вадзе, мангалы, вялікая палатка, пляцоўка, дзе можна заняцца спортам. Уражанняў хопіць надоўга…

Падзяліўся фермер і перспектывамі развіцця гаспадаркі. Згодна з генеральным планам, на яго зямлі павінна запрацаваць ветраэнергетычная ўстаноўка магутнасцю 200 кВт. Палова яе энергіі пойдзе на бытавыя патрэбы, а палова — на падагрэў рыбнікаў. Акрамя таго, плануецца пабудаваць гандлёвы пункт, біягазавую ўстаноўку, цяпліцу для вырошчвання грыбоў, забаўляльныя пляцоўкі і г.д. Гэта цалкам рацыянальна, бо калі прапануеш кліенту шэраг паслуг — у накладзе не застанешся. Нешта абавязкова «стрэліць».

І яшчэ вялікія спадзяванні ўскладае Міхаіл Іосіфавіч на краязнаўства. Справа ў тым, што народныя легенды звязваюць ваколіцы Белева з падзеямі 1812 года, з адступленнем «непераможнай» арміі Напалеона. Тут калісьці размяшчалася паштовая станцыя. Магчыма, праз яе таксама прайшлі французскія салдаты. Можа, менавіта тут яны «забыліся» тую легендарную карэту з нарабаваным у Маскве дабром. У любым выпадку таямніца, «изюминка» павінна суправаджаць месца, звязанае з турызмам і адпачынкам.

Распрацоўвае фермер і турыстычны маршрут, які працягнецца ад Краснага праз Белева, Гарадок, Пранчэйкава да Крэва. Звяжа ён культурныя аб’екты, помнікі гісторыі, аграсядзібы. Вось тут якраз будзе да месца і спартыўная рыбалка на фермерскай гаспадарцы Міхаіла Іосіфавіча Самаля. Гэта яшчэ адна з магчымасцей развіцця прадпрымальніцтва на вёсцы.

Алег БЯГАНСКІ

https://www.traditionrolex.com/8