<p>Віленскія могілкі ўвечары 1 лістапада — гэта зорнае неба дагары  нагамі.  Сотні, а можа, і тысячы маленькіх агеньчыкаў запаўняюць цемру  пагоркаў,  на якіх высяцца велічныя каменныя крыжы і анёлы, што ахоўваюць  людзей  іншых эпохаў і стагоддзяў. Сярод гэтага мора на могілках Роса агеньчыкамі падаюць сігналы магілы вядомых беларусаў:   Ядвігіна Ш., Уладзіслава Сыракомлі, братоў Антона і Івана Луцкевічаў</p>

Як паведамляе Generation.bY:

Беларусы святкуюць Дзяды 2 лістапада, а літоўцы за дзень да таго. Але адпачываюць да гэтага тры дні, за якія маюць нагоду выбрацца на самыя знакамітыя могілкі Вільні, каб паставіць там свечкі сваякам, вядомым ці зусім забытым асобам, пахаваным стагоддзі таму.

Віленскія могілкі ўвечары 1 лістапада — гэта зорнае неба дагары нагамі.

Сотні, а можа, і тысячы маленькіх агеньчыкаў запаўняюць цемру пагоркаў, на якіх высяцца велічныя каменныя крыжы і анёлы, што ахоўваюць людзей іншых эпохаў і стагоддзяў.

1

Сярод гэтага мора на могілках Роса, што на поўдні Вільні недалёка ад чыгункі, агеньчыкамі падаюць сігналы магілы вядомых беларусаў: Ядвігіна Ш., Уладзіслава Сыракомлі, братоў Антона і Івана Луцкевічаў. Пра апошніх, гледзячы па колькасьці свечак, памятаюць добра — ды й як можна забыцца на адных з першых архітэктараў ідэі незалежнай Беларусі?

2

Магілы іншых вядомых насельнікаў могілак Росы можна лёгка пазнаць па багаццю свечак. А ля некаторых з іх увечары ўвесь час нехта ёсць, як, напрыклад, ля помніка бадай самаму знакамітаму літоўскаму мастаку Мікалоюсу Чурлёнісу, стагоддзе з даты смерці якога сёлета адзначаюць.

3

Могілкам Роса болей за два стагоддзі. Велічныя і крыху ўжо занядбалыя помнікі ў мінулым багатым і моцным стаяць па суседству з ад пачатку безыменнымі пахаваннямі памерлых ад эпідэмій і іншых людскіх няшчасцяў. Таму калісьці гэтае месца называлі сіроцкім, але з часам за ім захавалася болей паэтычнае — Роса — ад агульнага ў літоўскай і славянскіх мовах «раса».

4

Цяпер па расе ўвечары гуляюць нават тыя, хто не мае тут ніводнага сваяка, але ўсё роўна ставіць свечкі на выпадковых забытых магілах. Бо Дзяды — час спытаць парады мудрых продкаў. І прыгадаць аб вечнасці, што чакае ўсё жывое.

6

Віленчукі кажуць, што калі свечкі дагараюць, на могілках збіраецца талака, каб прыбраць агаркі.

Алесь Герасіменка