https://www.traditionrolex.com/8
<p>Фота глыбоцкага касцёла Святой Тройцы зробленае перад яе перабудовай, якая пачалася ў 1902 годзе<strong></strong></p>

Глыбоцкія краязнаўцы адшукалі ўнікальны фотаздымак глыбоцкага касцёла Святой Тройцы. Фота святыні зробленае перад яе перабудовай, якая пачалася ў 1902 годзе.

Парафіяльны касцёл Святой Тройцы ў Глыбокім быў заснаваны ў 1642-43 гадах, яшчэ пры жыцці Язэпа Корсака. У сярэдзіне XVIII стагоддзя пачалася будоўля мураванай святыні ў стылі віленскага барока, якая была скончана ў 1782 годзе, за дзесяць год да пачатку расійскай акупацыі.

Парафіяльны касцёл быў невялікі, а многія глыбачане хадзілі маліцца да кармелітаў. Кармеліцкі касцёл быў адабраны імперскімі ўладамі ў 1863 годзе і перароблены ў царкву. Каталікам трэба было павялічыць памеры святыні.

Праект разбудовы касцёла Святой Тройцы распрацаваў віленскі архітэктар Антоні Дубовік. Будаўніцтва ішло з 1902 да 1908 года. Касцёл быў павялічаны разы ў два, надбудаваныя вежы. Уяўленне пра ранейшы памер касцёла дае схематычны план. Паводле яго, калоны ўнутры касцёла раней трымалі знешнія сцены, а замураваныя вокны, якія можна ўбачыць пад столлю, да перабудовы былі адкрытымі.

Выгляд Глыбокага на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў добра бачны і на панарамным здымку невядомага аўтара.


Фота Kresy.pl

На панараме можна разгледзець шмат цікавых дэталяў. Касцёл Святой Тройцы яшчэ маленькі, не разбудаваны. На кармеліцкім касцёле, які ўжо стаў царквой, яшчэ не разабраныя бакавыя шчыты, і не зменшаныя тыльныя вежы. Няма яшчэ купала - ён будзе ўзведзены ў 1908 годзе, але згарыць у 1944-м. Яшчэ стаяць цэлыя тры крылы кармеліцкага кляштара - праз некалькі год разбяруць на цэглу спачатку адно крыло, потым другое.



https://www.traditionrolex.com/8