<p>Пасля бойкі з ільду "Мінск-Арэны" сабралі тры (!) вёдры маленькіх пластыкавых бутэлек і нават... мабільны тэлефон</p>

Як паведамляе "Еўрарадыё"

"У наш бок паляцелі манеты, запальніцы, гайкі. Нехта праз шчыліну ў шкле тыркнуў гульца "Віцязя" беларускім сцягам. У такой сітуацыі мне як галоўнаму трэнеру прыйшлося ўзяць сітуацыю пад кантроль — адсунуць агрэсараў ад загараджальнага шкла, ад нашых хакеістаў і маіх калегаў", — паводле словаў трэнера "Віцязя" Андрэя Назарава, бойка на сталічнай "Мінск-Арэне" распалілася менавіта з-за дрэўка сцяга. Такую версію выказвае і віцэ-прэзідэнт КХЛ Уладзімір Шалаеў.

Цікава, якія манеты кідалі беларусы?! Магчыма, з савецкіх запасаў альбо расіяне падзяліліся. А вось сцягі сапраўды на матчы былі, таму Еўрарадыё вырашыла праверыць, ці магчыма праз шчыліну прасунуць дрэўка сцяга.

"Немагчыма", — па тэлефоне адказвае нам намеснік генеральнага дырэктара Валерый Зыскуноў. Але, каб упэўніцца, мы накіраваліся на гэтую спартовую пляцоўку. Толькі, на жаль, тое шкло ўжо знялі, бо на "Мінск-Арэне" зараз гуляюць у баскетбол.

"Памер шчыліны паміж шклом 5 міліметраў, — распавядае інжынер, які зараз займаецца падрыхтоўкай арэны да баскетбольнага матчу.

Еўрарадыё: "А навошта шчыліна ўвогуле патрэбная?"

"У нас закладная спецыяльная ёсць. Калі шкло ставіцца, яны могуць гуляць пры качанні, пры ўдарах. Гэта каб не чапляліся і не біліся".

Еўрарадыё: "А ці можна туды паміж імі аловак прасунуць?"

"А зараз памераем, — адказвае інжынер і дастае штангенцыркуль. Думаю, што не. Думаю, больш будзе. Гэта таўшчыня ўжо не 5 міліметраў, а 7,5. Аловак не пралезе".

67351

67360

Пасля такіх замераў становіцца зразумела, што зрок нас не падмануў і дрэўка сцяга, як гэта бачна і на відэа, дакладна не пралезе ў шчыліну.

Пасля бойкі з ільду "Мінск-Арэны" сабралі тры (!) вёдры маленькіх пластыкавых бутэлек і нават... мабільны тэлефон.

Як даведалася Еўрарадыё, з продажам ежы і напояў на пляцоўцы нічога не зменіцца. І квіткі на першыя шэрагі за хакеістамі прадаваць будуць. Праўда на трыбуны больш не дазволяць праносіць пластыкавыя бутэлькі. Па словах намесніка генеральнага дырэктара "Мінск-Арэны", гэта і раней было забаронена, але правяралі не так пільна, таму нехта мог пранесці ў кішэні.

67357

"Бутэлькі — гэта ёсць стандарт, ён ва ўсіх Арэнах аднолькавы, мы не дазваляем праносіць, але знаходзяцца людзі, якія могуць гэта рабіць".

Магчыма, па-іншаму расставяць службу бяспекі, распавядае Еўрарадыё Валерый Зыскуноў. Таксама уздымецца вышыня шкла. Цяпер яно 1,2 метра, а будзе — 1,8 метра.

67348

"Рэгламент КХЛ патрабуе змены вышыні шкла. Будзе павялічана на 60 сантыметраў — гэта дастатковае павелічэнне вышыні".

Тым часам расійскі трэнер Назараў вярнуўся ў Беларусь. Праўда, не ў Мінск, а ў Гомель, дзе будзе праходзіць Кубак Палесся.

Віталь Ругайн