https://www.traditionrolex.com/8
<p>Набытая калекцыя прыйдзецца вельмі дарэчы да  200-гадовага юбілею класіка  польскай  літаратуры Юзэфа Крашэўскага</p>

Як паведамляе «Вечерний Брест»:

2 лістапада ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» адбылася прэзентацыя нядаўна набытага кнігазбору, які складаецца з твораў класіка польскай літаратуры Юзэфа Крашэўскага (1812–1887). У калекцыі налічваецца больш за паўсотні адзінак. Сярод іх, што важна, ёсць прыжыццёвыя выданні, а ёсць выпушчаныя да 100-годдзя аўтара. Асобныя экзэмпляры датуюцца 20–30-мі гадамі мінулага стагоддзя. Маецца шэраг серый пасляваеннага выпуску.

Кнігазбор належаў жыхарцы Пружан Клаўдзіі Пятроўне Макавецкай. Яна збірала кнігі Крашэўскага на працягу ўсяго жыцця. З дзяцінства застаўшыся без слыху, жанчына знаходзіла апору і суцяшэнне ў чытанні. Паглыбленне ў свет літаратуры дапамагала ёй вытрымаць выпрабаванні няпростага лёсу, прайсці праз жахі нямецкай акупацыі і пасляваеннага голаду. Адны кніжкі ёй падаравалі знаёмыя, другія яна знайшла на пажарышчах, трэція – выпісала з Польшчы.

На жаль, Клаўдзія Пятроўна не дажыла да гэтага часу, але яе дачка Іна Урублеўская пацвердзіла: маці была б задаволена лёсам калекцыі. Яна марыла, каб кнігазбор застаўся на Пружаншчыне. Бо тут усё насычана Крашэўскім. Старадаўнія сядзібы, дарогі, лясы, балоты нібыта выйшлі з ягоных твораў, хаця сапраўды менавіта навакольнае жыццё давала пісьменніку безліч сюжэтаў.

Тут, у вёсцы Доўгае, знаходзіўся радавы маёнтак Крашэўскіх, дзе маленькі Юзэф рабіў першыя крокі. У суседняй вёсачцы Куплін была сядзіба малодшага брата, Каэтана. У гарадскім пасёлку Шарашова пахаваны бацька пісьменніка – пружанскі харунжы Ян Крашэўскі.

Набыццё калекцыі прафінансаваў мясцовы прадпрымальнік, дырэктар ТАА «Стройдомгруп» Андрэй Лахніцкі. У час прэзентацыі ён заўважыў: «Грошы – гэта часовае. Яны прыходзяць і трацяцца. А культура – гэта вечнае, яна застаецца назаўсёды». Спадзяёмся, што высакародны ўчынак Андрэя Лахніцкага стане добрым прыкладам для будучых пружанскіх мецэнатаў.

Набытая калекцыя прыйдзецца вельмі дарэчы да 200-гадовага юбілею пісьменніка ў 2012 годзе.

14807_2

Найстарэйшая кніга калекцыі «Сакрэт пана Чурылы» датуецца 1877 годам.

Алена Зялевіч, старшы навуковы супрацоўнік музея-сядзібы «Пружанскі палацык»

https://www.traditionrolex.com/8