<p>Прыгажуня-рака пакутуе ў завалах паваленых дрэў і смецця</p>

Паведамляе "Звязда":

Для даведкі:

Рака Котра (140 кіламетраў) бярэ свой пачатак у заказніку Чапкяляй Варэнскага раёна Літвы, а на тэрыторыі Беларусі цячэ ў Гродзенскім і Шчучынскім раёнах, прычым, амаль усюды праз лес. Асноўныя прытокі: Скарбянка, Нявіша, Жэчка, Астрынка, Рыча, Скідлянка, Пыранка. Рэчышча моцна звілістае, шырынёй — у асноўным ад дзесяці да дваццаці метраў, становіцца шырэйшым пры набліжэнні да Нёмана. Берагі маюць вышыню пераважна ад аднаго да пяці метраў, а ў ніжнім цячэнні — да пятнаццаці. Флора ў ландшафтным заказніку "Котра" на тэрыторыі Шчучынскага раёна налічвае больш за 600 відаў вышэйшых раслін, у тым ліку 14 рэдкіх і тых, што знікаюць. Фаўну прадстаўляе каля 120 відаў, у Чырвоную кнігу Беларусі занесены рысь, барсук, малы падорлік, пугач, шэры журавель, чорны бусел, зялёны і трохпалы дзяцел, залацістая шчурка, шэрая чапля. У заказніку таксама пражываюць жужаль бліскучы, чмель Шрэнка і іншыя рэдкія насякомыя. Уздоўж берагоў Котры ў раёне вёскі Карашава расце мядзведжая цыбуля (чарамша).

Паводле адной легенды, назва ракі пайшла ад імя Каця, Кацярына — у даўніну жанчын з такімі імёнамі часта называлі Котрамі. А згодна з іншым паданнем, у дзікай лясной кошкі знік верны кот (мо заблукаў у глухамані альбо задралі рысь ці воўк), і людзі доўгі час чулі, як уздоўж ракі разносілася жалобнае "мяў" з перарастаннем у адчайнае "ра". Так і злучылася ў назве "кот" і "ра".

Праязджаючы ў Гродзенскім раёне праз вёску Галавачы, адразу ж за мастом можна ўбачыць незвычайнае дрэва. На ім няма лісця, замест яго на галінках — пластыкавыя бутэлькі, выпрацаваныя аўтамабільныя шыны, тое, што калісьці было вядром і разнастайнымі вырабамі з металу і іншых матэрыялаў, нейкія абады, шлангі... Гэта толькі частка адходаў чалавечай жыццядзейнасці, якія Уладзімір Трахімчык, гаспадар сядзібы, што побач, на самым беразе ракі, назбіраў літаральна ў пяцідзесяці кроках у адзін і другі бок ад моста. Вось і вырашыў зрабіць падобную кампазіцыю. З заклікам на шыльдзе "Выратуем Котру!".

img_03

Фотакарэспандэнт робіць здымкі, а Уладзімір Трахімчык апавядае аўтару гэтых радкоў пра Котру. З любоўю, з болем. Але і з надзеяй.

— Калісьці па Котры сплаўлялі лес, і старажылы памятаюць, якой унікальнай была яна па чысціні, мясцовыя людзі бралі нават ваду для піцця і не капалі калодзежаў. А цяпер... Здавалася б, вось яна, "залатая жыла" для адпачынку, у тым ліку на лодках, байдарках ці нават, як бывала раней, на плытах. Тым больш што зусім недалёка ад абласнога цэнтра, кожны ахвотны можа наведацца сюды і атрымаць задавальненне. Аднак сутыкаешся з такой праблемай, што прыязджаюць людзі, хочуць зрабіць сплаў на лодках, усе ў захапленні ад Котры, кажуць: "Гэта супер!", але так засмечана... Чалавек праплывае літаральна метраў 300 і ўжо ўпіраецца ў гэты брыдкі завал — не толькі з дрэваў, якія падаюць, аджыўшы свой век, але і з бытавых адходаў. Усё, што можна вывезці на сметнік, аказваецца ў Котры і потым спыняецца там, дзе ўпала дрэва. І такіх затораў безліч, асабліва дзе Котра цячэ праз вёскі.

— Праблема ў арганізацыі збору адходаў?

— Пэўна, найперш у галовах, сумленні людзей, а дакладней, у яго адсутнасці ў некаторай часткі насельніцтва. Быццам і машына прыязджае па смецце, як у Галавачах, але для кагосьці, відаць, прасцей выкінуць свае адходы ля ракі альбо прама ў яе.

Уладзімір Іванавіч стварае аграсядзібу, каб прапаноўваць турыстычныя паслугі ў выглядзе сплаваў па Котры і знаёмства з гістарычнымі славутасцямі на яе берагах. Ён ужо мае плаўсродкі, створаны інтэрнэт-сайт пра Котру і нават знятыя два невялікія дакументальныя фільмы пра раку з успамінамі тутэйшых старажылаў. Акрамя таго, выношваецца ідэя падрыхтаваць даведнік па Котры з прыгожымі ілюстрацыямі і апісаннем гісторыі яе наваколля.

Для Раісы Белай, гаспадыні суседняй аграсядзібы, Котра таксама не проста рэчка побач, аб'ект для гасцей, якія прыязджаюць нават з замежжа, а нешта большае ў асабістым, чалавечым плане:

— Як змейка ўсюды працякае. Я прыехала сюды тры гады таму з Гродна і проста ўлюбілася ў гэту мясцовасць. І як жа шкада, што рэчка забруджваецца. Трэба нешта рабіць, бо пад ляжачы камень вада не цячэ.

— А што канкрэтна?

— Хаця б не засмечваць. І ачышчаць трэба, што мы з Уладзімірам Іванавічам, наколькі гэта ў нашых сілах, і робім.

І не толькі яны, але і група вучняў скідальскай школы № 1, якія аб'ядналіся ў гурток экалагічнага кірунку, выбраўшы сваім прыярытэтам менавіта Котру. Гурток арганізаваў настаўнік фізікі Анатоль Чэпік, які вырас ля Котры і вельмі перажывае за яе цяперашні гаротны стан. Гэтым летам Анатоль Сцяпанавіч і яго выхаванцы ўжо працавалі па навядзенні парадку на берагах Котры, а цяпер збіраюць матэрыялы па яе гісторыі, адметнасцях.

— Дзеці з такім энтузіязмам узяліся... Проста гараць жаданнем ачысціць Котру, каб потым рабіць па ёй свае сплавы, — радуецца запалу юнацкай энергіі Уладзімір Трахімчык.

Дарэчы, думка зрабіць вышэйзгаданую кампазіцыю ля маста ў Галавачах узнікла ў яго, калі ўбачыў падобную каля лесу ў адным з памежных з намі рэгіёнаў Польшчы.

— Мабыць, лясная служба вырашыла людзям паказаць менавіта на дрэве, чым забруджваецца прырода, бо тое, што валяецца на зямлі, не бачна тым, хто праязджае. Думаю, а чаму б не зрабіць так паблізу Котры? Каб нехта, праязджаючы міма, хаця б на хвіліну задумаўся пра лёс гэтай нашай жамчужыны. Спытаў дазволу ў старшыні сельсавета — ён не супраць. Вось і атрымалася "смеццевае" дрэва. Цяпер бачу, што людзі спыняюцца ля яго, фатаграфуюць. Нават калі некалькі чалавек задумаюцца пра сваю асабістую адказнасць перад прыродай — ужо добра.

І сапраўды, някепска. Аднак што далей? Не ачысціць жа Котру ад затораў толькі, так бы мовіць, на ўзроўні эмоцый і растлумачальнай працы сярод насельніцтва.

— Безумоўна, з людзьмі трэба працаваць, і ў першую чаргу расказаць ім пра хараство гэтай ракі, — кажа Уладзімір Трахімчык. — Але неабходна і рукі прыкласці, каб ачысціць яе ад затораў. А тут аказалася праблематычна. Я паспрабаваў самастойна праявіць, так бы мовіць, чалавечы энтузіязм, каб вызваліць Котру ад паваленых дрэў. Нейкай асабістай выгады зусім не шукаў, бо мне не дровы трэба — чыстая Котра. А для гэтага неабходна проста распілаваць дрэвы на цуркі і дастаць іх на бераг. А што немагчыма дастаць — пойдзе на дно і, пэўна, вялікай вадой будзе занасіцца ў нейкія ямы. Але, аказваецца, такая ініцыятыва можа быць пакаранай. Любое, нават аварыйнае дрэва нельга распілоўваць без дазволу, лесарубачнага білета. І за самавольства, нават калі ты клапоцішся не пра сябе, а пра раку, ёсць штрафныя санкцыі.

img_01

Заклапочаны гэтай праблемай і старшыня Скідальскага сельсавета Аляксандр Лазавік:

— Вельмі хочацца, каб Котра выглядала належна. Так, напісалі мясцовым жыхарам прадпісанні, каб не засмечвалі раку, але ж гэтага недастаткова, трэба вызваляць раку ад затораў. А іх маштабы такія, што, нават атрымаўшы дазвол на прыборку паваленых дрэў, кардынальна вырашыць праблему ачысткі сіламі толькі асобных энтузіястаў проста нерэальна, бо патрэбны не толькі рабочыя рукі, але і тэхніка.

І вось тут — пытанне. За добраўпарадкаванне дарог адказваюць дарожныя службы, за ворную зямлю — сельгаскааператывы альбо фермерскія гаспадаркі. А хто павінен падтрымліваць парадак на рацэ і як у гэтай сітуацыі наладзіць працу па яе вызваленні ад затораў? Можа, паколькі праблема датычыцца двух раёнаў, арганізатарам і каардынатарам канкрэтных дзеянняў стане абласная прыродаахоўная служба?

Можна не сумнявацца, што сваё плячо ў гэтай справе падставяць і Уладзімір Трахімчык, і Раіса Белая, і Мікалай Лазавік, і Анатоль Чэпік са сваімі гурткоўцамі. А хіба ж не будзе такой жа падтрымкі і ў іншых рэгіёнах Гродзеншчыны, дзе працякае прыгажуня-Котра? Няўжо ёй вечна пакутаваць у драўляна-смеццевых заторах?

Дарэчы, усім, хто хоча паўдзельнічаць у ачыстцы Котры, Уладзімір Трахімчык у якасці падзякі гатовы бясплатна прадаставіць лодку ці каяк, каб яны маглі самі праплыць і паглядзець на гэтую прыродную жамчужыну.

Дык што, здолеем усе разам, як здаўна кажуць на Беларусі, талакой, выратаваць прыгажуню-Котру?

Прычым, распачынаць гэту працу трэба менавіта ў зімовы перыяд, калі стаіць лёд і можна падабрацца да дрэў, што ўпалі ў раку...

Барыс ПРАКОПЧЫК

Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА