https://www.traditionrolex.com/8
<p>17 лістапада ў чытальнай зале Цэнтральнай шаркаўшчынскай бібліятэкі   прайшло адкрыццё выставы па выніках Рэспубліканскага пленэра, які   праходзіў з 1 па 10 кастрычніка 2010 года ў мясцінах, звязаных з асобай   мастака-аматара Яна Нікодэма Лапацінскага. Мастацтвазнаўцы ведаюць яго   як аўтара шэрагу гравюр, а вось шырокаму колу грамадства яго імя не так   вядомае</p>

17 лістапада ў чытальнай зале Цэнтральнай шаркаўшчынскай бібліятэкі прайшло адкрыццё выставы па выніках Рэспубліканскага пленэра, які праходзіў з 1 па 10 кастрычніка 2010 года ў мясцінах, звязаных з асобай мастака-аматара Яна Нікодэма Лапацінскага. Мастацтвазнаўцы ведаюць яго як аўтара шэрагу гравюр, а вось шырокаму колу грамадства яго імя не так вядомае.

Чаму пленэр праходзіў у Шаркаўшчынскім раёне? Справа ў тым, што прадстаўнік славутага шляхецкага роду Лапацінскіх Ян Нікодэм значную частку свайго жыцця правёў менавіта ў гэтых мясцінах, зрабіўшы маёнтак у Шаркаўшчыне сваёй рэзідэнцыяй. Пад многімі яго гравюрамі, пазначаючы месца стварэння, стаіць подпіс «W Szarkowszczyznie». Апроч Шаркаўшчыны, мастакі-ўдзельнікі пабывалі ў іншых месцах, звязаных з асобай творцы, — гэта Лужкі, Гарадзец, Германавічы, вёска Сар’я Верхнядзвінскага раёна, Лявонпаль Міёрскага раёна. На пачатку года ў Мінску прайшла выстава па выніках пленэра, а вось цяпер убачыць некаторыя работы маюць магчымасць і шаркаўчане. Адкрываючы выставу, супрацоўніца раённага Дома рамёстваў Людміла Сомава расказала пра асобу мастака, яго дзейнасць, мастацкую спадчыну, сувязі з Шаркаўшчынскай зямлёй, а таксама пра сам пленэр, у якім прынялі ўдзел дзесяць мастакоў. Гэта Віктар Данілаў, Рыгор Іваноў, Васіль Касцючэнка, Сяргей Пісарэнка, Мікола Аўчыннікаў, Аляксандр Шыёнак, Алег Скавародка, Яўген Шатохін, Віктар Крук, ініцыятар і кіраўнік праекта — выкладчык універсітэта культуры, прафесар Уладзімір Рынкевіч.

Працягнуў расповед адзін з непасрэдных удзельнікаў пленэру шаркаўшчынскі мастак Віктар Фёдаравіч Крук, які больш падрабязна пазнаёміў прысутных з прадстаўленымі на выставе карцінамі і іх аўтарамі.

— Вось ужо адразу бачна, — звярнуўся ён да наведвальнікаў, — што камусьці штосьці падабаецца, камусьці штосьці не падабаецца. Але так і павінна быць, на выставе прадстаўлены розныя карціны мастакоў з рознай творчай індывідуальнасцю. Вось так, напрыклад, убачыў нашу Белую царкву таленавіты віцебскі мастак Алег Скавародка. Вы скажаце, што на карціне яна не падобная да сапраўднай. Але мастак яе так убачыў і перанёс на палатно ўбачаны ім вобраз. А пейзаж Аляксандра Шыёнка вельмі дакладна перадае натуру і пры гэтым прасякнуты паэтычнасцю, своеасаблівым настроем, які цяжка перадаць словамі. Карціна Уладзіміра Рынкевіча «Погляд праз стагоддзі» вельмі эмацыянальная. Тут мы бачым на фоне гістарычных манускрыптаў, нібыта праз шкло стагоддзяў, выяву самога Яна Нікодэма Лапацінскага.

Напрыканцы бібліятэкар Таццяна Райчонак зрабіла прэзентацыю кнігі Уладзіміра Рынкевіча «Ян Лапацінскі», у якой чытач можа знайсці шмат цікавай і каштоўнай інфармацыі пра лёс і творчасць зямляка-творцы, а таксама пра гісторыю Шаркаўшчыны і іншых мясцінаў раёна. Дадатак, у якім змешчаны расповед пра род Лапацінскіх, падрыхтаваў шаркаўчанін Уладзіслаў Ляскоўскі. Кніга будзе распаўсюджана па бібліятэках, так што жыхары раёна маюць магчымасць пазнаёміцца з ёй. Прыемна, калі вяртаюцца з небыцця імёны нашых таленавітых продкаў, якія жылі і стваралі вось тут, менавіта на гэтай зямлі, у Шаркаўшчыне. Несумненна, пленэр, выстава, кніжка пасадзейнічаюць гэтаму вяртанню.

Дададзім, што праходзіў пленэр пры фінансавай падтрымцы Шаркаўшчынскага райвыканкама, а таму на знак удзячнасці мастакі падаравалі раёну прадстаўленыя на выставе карціны.

https://www.traditionrolex.com/8