<p>Адной з найбольшых чаканых падзей бягучага  года мае стаць адкрыццё  некалькіх залаў другога пускавога комлексу  палацава-паркавага ансамбля ў  Нясвіжы, рэстаўрацыя якога вядзецца з  2004-га. Пацікавіцца, чым жыве  сёння Гісторыка-культурны  музей-запаведнік «Нясвіж», мы вырашылі ў яго  дырэктара Сяргея Клімава</p>

Як паведамляе «Культура»:

Адной з найбольшых чаканых падзей бягучага года мае стаць адкрыццё некалькіх залаў другога пускавога комлексу палацава-паркавага ансамбля ў Нясвіжы, рэстаўрацыя якога вядзецца з 2004-га. Пацікавіцца, чым жыве сёння Гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж», мы вырашылі ў яго дырэктара Сяргея КЛІМАВА. Дадатковай жа нагодай стала прэзентацыя новай кнігі Сяргея Міхайлавіча «Базыльяне», што днямі адбылася ў Нацыянальнай бібліятэцы краіны.

 - На пачатку гэтага месяца музею быў перададзены цалкам адрэстаўраваны палац, работы працягваюцца толькі ў капліцы комплексу, а таксама на галоўнай лесвіцы. У большай частцы памяшканняў ужо расстаўлены экспанаты, у тым ліку – мэбля і прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва мінулых эпох. Але акрамя музеефікацыі палаца, перад яго адкрыццём, вядома ж, трэба ўлічыць і шэраг іншых неабходных дэталяў. У прыватнасці, зараз адбываецца наладка найноўшай сістэмы сігналізацыі, якая здолее абараніць каштоўныя экспанаты.

Такім чынам, чарговая частка палаца Радзівілаў будзе даступная для шырокай грамадскасці літаральна праз колькі тыдняў: гаворка пра камяніцу і некалькі інтэр'ерных залаў. Поўнае ж адкрыццё комплексу чакаецца пад час старту праграмы «Нясвіж – культурная сталіца Беларусі» ў наступным годзе. У тым ліку госці палаца змогуць убачыць чатыры залы, дзе ўнутранае аздабленне засталося цалкам аўтэнтычным.

3-1

– Наколькі важны сёння для Нясвіжа і непасрэдна для палацава-паркавага комплексу статус культурнай сталіцы Беларусі?

– Вядома ж, надзвычай важны! Як падкрэсліў міністр культуры нашай краіны Павел Латушка, асноўная нагрузка ў сувязі з ганаровым статусам ляжа, безумоўна, на музей-запаведнік «Нясвіж». Для нас гэта хоць і стане выпрабаваннем, але ўсё ж выпрабаваннем прыемным. У нас ужо распрацавана вельмі шмат мерапрыемстваў, у тым ліку сумесна з нацыянальнымі тэатрамі – Вялікім ды Купалаўскім. У прыватнасці, у палацы кожны месяц будзе праходзіць па некалькі імпрэз, спектакляў, дзе будуць адлюстраваны розныя стылі і напрамкі сучаснай беларускай культуры.

– У сувязі з будучым поўным увядзеннем у эксплуатацыю палацава-паркавага комплексу і стартам праграмы «Нясвіж – культурная сталіца Беларусі» наколькі, на вашу думку, падрыхтавана мясцовая інфраструктура для прыёму вялікага патоку патэнцыяльных турыстаў?

 – У нас маецца практычна поўны турыстычны пакет на тэрыторыі самога палаца. Ужо дзейнічае кавярня, а ў бліжэйшы час чакаецца адкрыццё рэстарана і гасцініцы. Да таго ж, у нас працуюць дзве крамы – сувенірная і кніжная. Таму, падаецца, наша інфраструктура мусіць задаволіць нават самага патрабавальнага турыста. Ды і Нясвіжскі раён імкнецца адказаць на патрэбы турыстаў. Будуецца некалькі гатэляў, рэстаран каля палаца. Цяпер з кіраўніцтвам раёна мы працуем над яркімі і запамінальнымі ўказальнікамі да нашага музея-запаведніка, бігбордам. Акрамя таго, з нашым удзелам паўсталі пяць бігбордаў, у тым ліку ў Мінску і па трасе на шляху да Нясвіжа.

– А што наконт новых тэхналогій? Ці будуць укараняцца, да прыкладу, стандартныя для кожнага буйнога музея мультылінгвістычныя аўдыягіды?

– Безумоўна. Тым больш, сёння мы ўжо атрымалі сродкі на закупку мультымедыя. Выдатнымі памочнікамі для турыста будуць інфакіёскі, тыя ж аўдыягіды, перакладчыкі. Усё гэта мы пастараемся зрабіць да пачатку наступнага года.

– Звернемся і да вашай навуковай працы. Якую перадгісторыю маюць «Базыльяне»? Наколькі доўгім і пакручастым аказаўся шлях ад задумы даследавання да яго лагічнага завяршэння?

 – Яшчэ ў 1990-я гады пад час стварэння Гісторыка-археалагічнага музея ў старажытным Мсціславе мне пашчасціла азнаёміцца з будынкамі колішніх навакольных манастыроў. Пры гэтым заўсёды адчувалася нейкая недаказанасць, бо тагачасныя энцыклапедыі падавалі шмат недакладнасцей пра гэтыя старадаўнія цэнтры духоўнасці і асветы. Толькі шляхам супастаўлення інфармацыі з розных крыніц стала зразумела, што ў свой час насельнікамі гэтых манастыроў былі базыльяне. Далейшыя пошукі фактаў пра дзейнасць гэтага, для многіх таямнічага, рэлігійнага ордэна прывялі ў архівы Літвы, Польшчы і Расіі, дзе захоўваецца вялікая частка дакументаў па дадзенай тэматыцы. Калі ж казаць пра след базыльянаў у айчыннай гісторыі і культуры, то варта хаця б прыгадаць найбольш знакавыя помнікі беларускай архітэктуры. Далёка не ўсе і сёння ведаюць, што ў справе стварэння многіх велічных храмаў у стылі так званага віленскага барока вялікая заслуга належыць менавіта прадстаўнікам гэтага рэлігійнага ордэна.

Праца па ўводзе ў эксплуатацыю другога пускавога комплексу Палацава-паркавага ансамбля праводзіцца ў тры этапы.

У прыватнасці, першы ўключае стварэнне гасцініцы, упарадкаванне Паўднёвай галерэі, камяніцы з рэстаранам, давядзенне да ладу тэрыторыі ўнутранага двара. Другі – завяршэнне рэстаўрацыйных работ у самім палацы, яго музеефікацыю. Задачамі ж апошняга этапа сталі добраўпарадкаванне землянога вала з абарончымі збудаваннямі, рова з мостам, устаноўка малых архітэктурных форм. Да таго ж, каб падкрэсліць прыгажосць колішняй рэзідэнцыі роду Радзівілаў, прадугледжана мастацкая падсветка будынкаў і вонкавае асвятленне па перыметры рова ў цёмны час.

 Другі пускавы комплекс таксама ўключае ў сябе Зорную залу, княжацкія апартаменты, куды ўваходзяць кабінет і спальня. Для пакояў князя былі набыты антыкварныя стол, шафы, куфар, крэслы, гадзіннік. Адзін з галоўных экспанатаў апартаментаў – ложак XVIII стагоддзя – пакуль знаходзіцца на рэстаўрацыі, але ўжо ў снежні ён зойме сваё ганаровае месца ў музеі.

 Акрамя таго, у замку ўзноўлена Гетманская зала, дзе прадстаўлены партрэты вялікіх гетманаў у поўны рост. Гэтае памяшканне мяркуецца выкарыстоўваць як канферэнц-залу. Экспазіцыю другога пускавога комплексу дапоўняць калекцыі слуцкіх паясоў, медалёў, манет, дакументаў і нават мінералаў.

Таксама ў склад Гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» сёння ўваходзяць узноўлены ўнутраны дворык, а таксама знойдзены вучонымі пад час раскопак двух'ярусны склеп-халадзільнік, убудаваны ў земляны вал.

Канстанцін АНТАНОВІЧ