https://www.traditionrolex.com/8
<p>Пра нашу мову трэба дбаць! Можа, людзі тут і не задумваюцца, як важна  ведаць свае карані, але за мяжой гэта вельмі адчуваецца</p>

Як паведамляе Westki.info:

У Шуневічах яшчэ і сёння памятаюць настаўніцу – выкладчыцу французскай мовы ў мясцовай школе – Ядвігу Іосіфаўну Раманоўскую…

Спадарыня Ядвіга ўжо даўнавата выйшла замуж за Тадэвуша Вайнарскага і жыве ў Швейцарыі ў горадзе Räterschen. Дзяцей двое: 5-гадовы сын Ян, 3-гадовая дачка Зося.

Сувязь з роднай Глыбоччынай падтрымлівае не толькі праз тэлефанаванні, электронную пошту, скайп, але і праз газету «Вольнае Глыбокае», якую мы ёй дасылаем у звычайным канверце.

Спадарыня Ядвіга на тыдзень завітала на Глыбоччыну. У Стрынадках і Латыголі жывуць родныя сёстры, ды й наогул шмат тут сяброў і знаёмых. А сёння Ядвіга Раманоўская – наш госць.

У.С.: Як пажываеш ў сваёй Швейцарыі?

Я.Р.: Як зайду ўвечары ў інтэрнэт, як пачытаю, што робіцца на Беларусі, цэлую ноч заснуць не магу!

У.С.: Спачуваю! Я часта думаю, але па тваім прыездзе чамусьці заўсёды забываю задаць адно пытанне: у вас там, у Швейцарыі, – тры кантоны, дзе размаўляюць на трох розных мовах – нямецкай, французскай, італьянскай. А ў якім моўным кантоне пражывае твая сям’я?

Я.Р.: Рэальнасць выглядае інакш! У Швейцарыі – 26 кантонаў і 3 моўныя рэгіёны, 4 дзяржаўныя мовы.

У.С.: Во як! А я верыў стэрэатыпам, як і большасць з нас. Склаліся яны пад уздзеяннем тэлебачання.

Я.Р: Сярод дзяржаўных моў сапраўды нямецкая, французская, італьянская, але ёсць яшчэ і рэтараманская.

У.С.: Што за мова такая – рэтараманская?

Я.Р.: Гэта невялікая тэрыторыя Швейцарыі, дзе на ёй размаўляюць. Дзяржава ўкладвае туды вялікія грошы, каб гэтую мову захаваць. Там і школы адкрыліся з навучаннем на рэтараманскай мове.

А яшчэ нядаўна з мужам прачыталі, што ў франкамоўнай частцы Швейцарыі ёсць нейкі стары французскі дыялект. Вось там на камунальным узроўні сабралі грошы і сталі адкрываць класы, каб дзяцей у пачатковых класах навучаць на гэтым дыялекце. Робіцца гэта дзеля таго, каб захаваць яго ад знікнення. Гэты дыялект вельмі цікавы для лінгвістаў.
Чаму я гэта пад­крэсліваю? Хачу паказаць моўную палітыку швейцарскай дзяржавы
.

У.С.: На будучы год у верасні ў Глыбокім будзе праводзіцца свята – Дзень беларускага пісьменства. На фоне Швейцарыі дык мы наогул глядзімся нікчэмна. Што тут беларускага засталося? Гіпатэтычна, каб у нейкім сельсавеце Глыбоцкага раёна (кантона – па-швейцарску) знайшоўся б нейкі дыялект беларускай (альбо нават латышскай ці літоўскай) мовы, то па прыкладзе Швейцарыі тут мусілі б адкрыць школу з навучаннем на гэтым дыялекце. У нас жа наадварот – знішчаюць мову тытульнай нацыі беларускай дзяржавы, а што тут ужо разважаць аб захаванні нейкіх дыялектаў! Зрэшты, у якім моўным рэгіёне пражывае твая сям’я?

Я.Р.: У нямецкамоўным!

У.С.: І дома вы размаўляеце па-нямецку?

Я.Р.: Не! З мамай дзеці – па-беларуску, з татам – па-польску, у садзіку – па-нямецку. Між сабой дзеці – па-беларуску.

У.С.: Моўная палітыка швейцарскай дзяржавы – у дзеянні! На сямейным узроўні!

Я.Р.: Швейцарыя – досыць экзатычная краіна не толькі ў сваіх мовах, але і ў імёнах людзей. Мой сын – Ян, па-нямецку гэтае імя мусіла б гучаць як Ганс. Але ў Швейцарыі Гансаў няма. Прысутнічае славянскі варыянт, які занеслі сюды палякі і беларусы. Ян – адно з самых папулярных мужчынскіх імёнаў у Швейцарыі.

У.С.: А сама, акрамя выхавання дзяцей, чым займаешся?

Я.Р.: Вучуся! Праз год атрымаю дыплом сацыяльнага педагога.

У.С.: Зразумела! І што, на заканчэнне нашай гутаркі, ты пажадаеш нашым чытачам?

Я.Р.: Я хачу, каб яны дбалі за беларускую мову! Чаму? Перад тым, як нарадзіўся старэйшы сын, я была на раздарожжы: якую мову выбраць для зносінаў са сваімі дзецьмі? Раілася з мужам. Я – з Беларусі, муж – з польскімі каранямі. Расейскую? Польскую? Я ж размаўляю з мужам па-польску. Альбо нямецкую? Бо жывём у нямецкамоўным рэгіёне.
Дзед майго мужа Тадзіка за часамі Сталіна патрапіў у ГУЛАГ… Загналі ў Белае мора… Загінуў! І ён кажа: «Як ты там сабе хочаш, выбірай любую, але толькі не расейскую!!!» Беларускую?

Я доўга думала: ці змагу? Але як нарадзіўся сын, я адчула, што усё ўва мне, што закладзена ад мамы, закладзена вельмі глыбока! Так і ў мяне да сына! І я зразумела, што родная мова, матчыная, мае вялікі эмацыйны падклад. У французаў ёсць такое паняцце – Maternelle (матчыная мова, родная мова) і ў немцаў – Mutter sprache. І, як кажуць сучасныя нейрабіёлагі, усе нашыя дзеянні пабудаваныя на эмацыйнай аснове. Мы кіруемся эмоцыямі, якія ў нас закладзены. І таму тое, што ты закладзеш дзецям, што ў цябе самой ідзе ад сэрца, дзеці хутка ўспрымуць. Родная мова ідзе праз сэрца, праз эмоцыі. І мае дзеці гэта адчулі. Мой муж быў вельмі шчаслівы, што я ў рэшце рэшт пачала з дзецьмі размаўляць па-беларуску. У нас жа, праўда, беларуская мова з карабоўскім каларытам. Усё, як казала некалі бабуля: сподкі, пекны, бацян…

У пачатку ішло не ўсё добра… Мой сын наогул не пачынаў размаўляць на ніводнай мове, і я стала задумвацца: можа, усё гэта марна, трэба скараціць зносіны на адну мову на карысць беларускай. Цяпер, дзякуй Богу, гляджу, што ўсе тры мовы пайшлі: беларуская, польская, нямецкая. Не марна! А дачка Зося, якой хутка тры гады, лапоча на ўсіх трох мовах: хоць па тэлефоне, хоць тэт-а-тэт…

І вось нядаўна я задала сыну і дачцы пытанне: «А можа, з вамі размаўляць па-нямецку?» Сын вельмі абурыўся:

– Не-е-е, мама, толькі па-беларуску!

– А з татам? Можа па-нямецку?

– Не-е-е! З татам толькі па-польску!

І тады я зразумела, што ў дзяцей усё закладваецца праз эмоцыі. Яны адчуваюць гэтую добрую энергетыку, якую нясе родная мова. Я адкрыла для сябе столькі ўсяго, што пачала задумвацца: можа, таму і бяда беларусаў, што яны такія няўпэўненыя ў сабе, а прычына тая, што мы не ўмацоўваем свае карані, свае крыніцы… Трэба ўсё гэта мацаваць, а не адштурхоўваць ад сябе!

У.С.: Можа, бяда ў тым, што нас, літвінаў, расейскія акупацыйныя ўлады пасля 1840 года перайначылі на беларусаў? Ліквідавалі нацыянальную рэлігію – уніяцтва: хто пабег ў праваслаўныя, а хто і ў католікі… Згубілі гісторыю.

Я.Р.: Я ўжо дасведчаная ў гэтых пытаннях. Прачытала кнігу Вадзіма Дзеружынскага «Тайны белорусской истории». Ён дапамог мне разабрацца ва ўсім гэтым...

У.С.: У Швейцарыі прачытала «Тайны белорусской истории»? Вадзім Дзеружынскі, напэўна, быў бы несказана рады, што яго кнігі беларусы чытаюць ва ўсім свеце!

Я.Р.: Ну, я ж атрымліваю «Вольнае Глыбокае»! Таму ў курсе, якія кнігі трэба чытаць! Ну, а гэтую кнігу пад заказ мне сябрукі з Мінска прывезлі.

Пра нашу мову трэба дбаць! Можа, людзі тут і не задумваюцца, як важна ведаць свае карані, але за мяжой гэта вельмі адчуваецца. Гэта важна для маіх дзяцей, каб яны ведалі і памяталі свае карані. Наша планета ўжо становіцца адной вялікай вёскай, але людзі ўжо наеліся гэтай глабалізацыі! Каб не згубіцца ў гэтай мешаніне, трэба ведаць, хто ты і адкуль ты. Вось і мой сын Ян толькі аб тым і думае, каб як найхутчэй паехаць на Беларусь, на Глыбоччыну, пасядзець ля возера з вудай і налавіць рыбы… І толькі пытаецца: «Калі ўжо мы паедзем на Беларусь лавіць рыбу?»

Вось тут і бачны вынік! Выбар мовы быў правільны! Правільнасць выбару мовы адчула даўно. Памятаецца, сыну тады было гады паўтара, і прыехалі мы ў Карабы… Сын так добра пачуваўся тут: ён чуў мелодыку той мовы, якую ведаў з дзяцінства, выдатна ўпісаўся ў Ані (сястры) ў яе будзённую вясковую рэчаіснасць! Каровы, свінні! Сялянскае паходжанне!

Мы ж прыязджаем на радзіму не так ужо і часта. Далёка! Тэлефануем. Мой сын ужо забыўся, як выглядае тая бабуля і дзядуля, але, як тэлефануем ім, пытаецца:

– Бабуля, як ты там маешся?

А бабуля аж сядзе:

– Ай-й-й! А мой жа ж ты ўнучок, мой унучок!!!

А Зося ў тэлефон пісклявым голасам:

– Бабуля-я-я, я цябе люблю-ю-ю!

– А як ты там, Зосечка? – пытае бабуля.

– Добра-а-а!

У.С.: Як ты дабіраешся да Беларусі? Набываеш візу?

Я.Р.: У мяне беларускі пашпарт. Села ў самалёт і паляцела!

У.С.: Дзякуй, спадарыня Ядвіга, за цікавую гутарку. Упэўнены, што твае словы крануць душы сапраўдных беларусаў!

Уладзімір Скрабатун, «Вольнае Глыбокае»

https://www.traditionrolex.com/8