https://www.traditionrolex.com/8
<p>Ёсць у Смілавічах месца, пра якое ведаюць не толькі на  Чэрвеньшчыне,  але і далёка за межамі нашай Беларусі. Гэта сядзіба  Ваньковічаў, а  яшчэ яна – Агінскіх і Манюшкаў. Іх нашчадкі жывуць у  розных краінах. А  радавое гняздо – цудоўны палац, што мог бы стаць  упрыгажэннем нашага  пасёлка, — мы не змаглі зберагчы… Прычым імкліва  разбурацца ён пачаў у  апошнія гадоў  трыццаць</p>

Як паведамляе «Раённы веснiк»:

Ёсць у Смілавічах месца, пра якое ведаюць не толькі на Чэрвеньшчыне, але і далёка за межамі нашай Беларусі. Гэта сядзіба Ваньковічаў, а яшчэ яна – Агінскіх і Манюшкаў. Іх нашчадкі жывуць у розных краінах. А радавое гняздо – цудоўны палац, што мог бы стаць упрыгажэннем нашага пасёлка, — мы не змаглі зберагчы… Прычым імкліва разбурацца ён пачаў у апошнія гадоў  трыццаць. Бо калі аўтар гэтых радкоў яшчэ вучылася ў школе, гэты дом патрабаваў капітальнага рамонту, але не быў разбураны. У той яго палове, дзе цяпер абваліўся дах і зруйнаваны сцены, жылі сем’і.

Вінаватых у цяперашнім занядбаным стане палаца можна знайсці шмат. Але ж хіба ад гэтага зробіцца лягчэй? Зараз у першую чаргу трэба задумацца пра тое, як адрадзіць яго. Толькі пакуль, відавочна, ніхто не хоча ўзяць на сябе адказнасць. Канешне, усё ўпіраецца ў грошы, і грошы вялікія. Іх не мае ні Смілавіцкі аграрны каледж, на чыім балансе знаходзіцца сядзіба, ні пасялковы выканкам. У той жа час у цэнтры Смілавічаў, як грыбы пасля дажджу, растуць будынкі. Яны, вядома, будуць патрэбны пасёлку. Але ж ніводзін з іх не параўнаецца з палацам ні прыгажосцю, ні вытанчанасцю. Будуюць іх прыватныя асобы. Думаецца, калі б знайшоўся чалавек – мецэнат, фундатар, — які б уклаў свае грошы ў рэканструкцыю сядзібы, то атрымаў бы ён вялікае маральнае задавальненне. А магчыма, і матэрыяльнае заахвочванне. І сюды б пацягнуліся шматлікія турысты, госці з усяго свету. А пакуль разбураецца ўнікальная сядзіба…

Марыцца аб тым, што ў палацы праводзіліся б літаратурныя вечарыны, канцэрты класічнай музыкі… Хто наведваў яго, той ведае, што такой акустыкі, такой аўры мала дзе можна знайсці. У пасёлку пражывае шмат людзей, якія б з задавальненнем наведвалі б такія мерапрыемствы. А колькі цікавых асоб, творцаў можна было б запрашаць да нас!

Калі мы гаворым пра палац, то ўзгадваем і старажытны парк пры ім. Некалі настаўніца беларускай мовы Таццяна Сцяпанаўна Шыдлоўская расказвала, што яе дзед служыў садоўнікам у пана Ваньковіча і прымаў удзел у пасадцы і парка, і сада…

Старая сядзіба, старыя дрэвы… Калі ідзеш па галоўнай алеі надвячоркам, то здаецца, што зараз зазвіняць бразготкі, праедзе прыгожая карэта, запрэжаная тройкай коней… А па парку пачнуць прагульвацца паненкі ў адмысловых сукенках і іх галантныя кавалеры. І міжволі прыслухоўваешся, каб пачуць гукі вальсаў і паланезаў, што пальюцца з бальнай залы палаца…

Толькі пакуль што часцей у старым парку знаходзяць прытулак тыя, хто хоча распіць бутэльку далей ад людскіх вачэй і адпачыць, перабраўшы, на свежым паветры… А можна было б зрабіць тут зону адпачынку для жыхароў Смілавічаў, з атракцыёнамі для дзяцей…

А вы ведаеце, шаноўныя чытачы, што ў парку ёсць алея Кахання?! І мала знойдзецца смілаўчан, хто б не прызначаў там спатканні. Колькі гэтыя старыя дрэвы чулі прызнанняў, бачылі першых нясмелых пацалункаў! Назва алеі перадаецца з пакалення ў пакаленне ўжо многія гады не толькі ў пасёлку, але і далёка за яго межамі, куды разляцеліся шматлікія навучэнцы каледжа і ліцэя.

Старэюць і паміраюць дрэвы ў цудоўным парку. Памірае ўнікальная сядзіба. Колькі неабыякавых людзей стукалася ў зачыненыя дзверы… Відаць, ужо і рукі апусцілі. І ўсё ж хочацца заклікаць іх: давайце не будзем здавацца цяпер, калі пры дапамозе інтэрнэту можна прыцягнуць увагу нашчадкаў знакамітых землякоў. Давайце паспрабуем выратаваць тое, што яшчэ засталося…

Таццяна ЗАБАЎСКАЯ

https://www.traditionrolex.com/8