<p>Сёння гэта больш за 13 тысяч адзінак экспанатаў, 130 квадратных  метраў  плошчы, вялікая колькасць  арыгіналаў і нязначная колькасць  копій</p>

Як паведамляе «Твой стыль»:

Шыльда «У гэтым доме жыў Максім Багдановіч» з’явілася на будынку апошняй чвэрці XIX стагоддзя толькі ў 1957 годзе, да 40-годдзя смерці паэта.

Распавядае гарадзенскі  краязнавец Андрэй Вашкевіч:

Існуе некальні версій пра тое, дзе жыў Багдановіч у дзяцінстве. Найбольш верагодная – ён жыў у іншым будынку на той жа вуліцы, і той будынак быў знесены ў савецкі час. А гэты будынак зрабілі музеем. Ён таксама ўяўляе гістарычную каштоўнасць. Калі ўзяць Новы Свет – менавіта так павінна была выглядаць яго забудова ў 80–90-я гады XIX стагоддзя.

Сёлета ў траўні святкавалася 25-годдзе стварэння дома-музея Максіма Багдановіча ў Гродне.

16 траўня 1986 года ў гэтым будынку адкрыўся літаратурны аддзел гісторыка–археалагічнага музея.

У 1995-м годзе ён стаў называцца домам-музеем Багдановіча.

Сёння гэта больш за 13 тысяч адзінак экспанатаў, 130 квадратных метраў плошчы, вялікая колькасць  арыгіналаў і нязначная колькасць копій.

Экспазіцыя мае некалькі залаў: партрэтная галерэя знакамітых людзей; літаратурна-грамадскі рух канца ХIХ – пачатку ХХ стагоддзяў; гродзенскі перыяд жыцця сям’і Багдановічаў.

Ёсць чатыры мемарыяльныя пакоі: кабінет бацькі, пакой маці, дзіцячы пакой, гасцёўня, а таксама аддзел «Гродзеншчына літаратурная: мінулае і сучаснае».

Сярод экспанатаў музея – асабістыя рэчы паэта, дакументы, лісты і іншыя рэчы сям’і Багдановічаў, прадметы побыту канца ХIХ – пачатку ХХ стст., пісьмовыя сведчанні грамадскага і літаратурнага жыцця таго часу, літаратурная спадчына паэтаў і празаікаў Гродзеншчыны – М. Васілька, А. Карпюка, В. Быкава, Л. Ялоўчык, Д. Бічэль, Ю. Голуба, А. Пяткевіча і інш.

У снежні 2011 года адзначаецца 120-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча.

Гродзенцаў з нагоды гэтай даты чакае сюрпрыз: канцэрт Зміцера Вайцюшкевіча.

Андрэй Мялешка