https://www.traditionrolex.com/8
<p>Калі-небудзь, калі беларускія  цэны на салярку  будуць амаль такімі ж, як польскія ці літоўскія, на  памежжы і сапраўды не будзе  скаплення «рабочых конікаў» са сталітровымі  бакамі. А будуць там (мо, дазвольце  памарыць, ужо ў бязвізавых  умовах?) сапраўдныя турысты</p>

Як паведамляе «Звязда»:

У сувязі з нядаўнім рашэннем урада па абмежаванні вывазу з краіны аўтамабільнага паліва (выязджаць машынай за мяжу цяпер дазволена не часцей аднаго раза за 8 сутак, за выключэннем шэрагу ўважлівых прычын) прагназуецца стабілізацыя становішча ў памежных пунктах пропуску. Прасцей кажучы, чакаецца скарачэнне чэргаў у інтарэсах грамадзян, якія выязджаюць за мяжу ў турыстычных мэтах ці на адпачынак.

Калі-небудзь (можа, і ў зусім недалёкай будучыні), калі беларускія цэны на салярку будуць амаль такімі ж, як польскія ці літоўскія, на памежжы і сапраўды не будзе скаплення «рабочых конікаў» са сталітровымі бакамі. А будуць там (мо, дазвольце памарыць, ужо ў бязвізавых умовах?) сапраўдныя турысты. Дапусцім, нехта з гродзенцаў вырашыў азнаёміцца са славутасцямі суседняй Сувальшчыны, а хтосьці бярэ шлях далей, на Варшаву ці Кракаў. І тут жа, у зусім невялікай чарзе, разам з імі і польскія грамадзяне, якія вяртаюцца пасля паездкі ў Гродна, Навагрудак і Нясвіж.

Мо такая карцінка зусім і не фантастыка? Зрэшты, пакуль рэаліі іншыя. Памежныя прыярытэты дыктуюцца не турызмам і адпачынкам, а камерцыйным інтарэсам, які звязаны з даволі істотнай розніцай паміж беларускімі цэнамі на аўтамабільнае паліва і цыгарэты і іх коштам у нашых суседзяў.

...Выязджаем у Беласток уначы, каля чатырох гадзін. У кіроўцы мікрааўтобуса дзве задачы: першая — даставіць чарговую партыю саляркі знаёмаму паляку, і другая — транспартная паслуга сваім пасажырам. Аўтар гэтых радкоў зацікаўлены ў набыцці камплекта зімовых шын на аўтамабіль, а сямейнай пары з Масквы, якая адпачывала ў сваіх гродзенскіх знаёмых, патрэбны пральная машына і шэраг іншых тавараў.

Наш кіроўца Віталь — зусім не гігант, так бы мовіць, паліўнага бізнесу накшталт некаторых жыхароў Прынямоння, якія ўжо даўно паставілі гэту справу на шырокую нагу. Нават цэлыя «фірмы» стварылі, калі ва ўласнасці аднаго чалавека ці сям'і некалькі аўтамабіляў, якія спецыялізуюцца на штодзённым вывазе за мяжу саляркі, а заадно і яшчэ аднаго стратэгічнага тавару — цыгарэт. Гэта робяць па пэўных расцэнках наёмныя кіроўцы, але асноўны «навар» мае, зразумела, шэф, уладальнік транспартных сродкаў. А што? Гэта ж толькі апошнім часам дзяржаўныя органы заўважылі, што з гэтых даходаў не плацяцца падаткі. Зацікавіліся, адкуль у афіцыйна нідзе не працуючых асоб катэджы, па некалькі кватэр, новых машын. А раней, на працягу доўгіх гадоў, асаблівай увагі на гэты бізнес не звярталі. Хіба што канстатавалася, як на адной нарадзе мытнікаў у Гродне, што некаторыя з «чаўнакоў» перасякаюць мяжу пяць разоў за суткі.

Зрэшты, з Віталем такога не здаралася, хоць і яму ўдалося набыць той жа мікрааўтобус найперш дзякуючы куплі-продажу машын, калі гэта было выгадна, ды і вывазу ў Польшчу саляркі.

...Мяжа, «Брузгі», чарга. Віталь «прафесійна» ацэньвае сітуацыю і вырашае, што ехаць у пункт пропуску «Прывалка», каб хутчэй трапіць у Беласток праз Літву, не варта. Мо і выйграеш у часе, але прайграеш ў затратах паліва на большы кіламетраж. Таму кірунак руху не мяняецца і прыкладна чатыры гадзіны пасажырам можна падрамаць у мікрааўтобусе. Зразумела, да таго часу, пакуль не пачынаецца кантроль памежнымі беларускімі, а затым і польскімі службамі. Канфліктаваць з імі не даводзілася, але склалася ўражанне, што гэтыя спецыялісты разбіраюцца не толькі ў пытаннях памежнага і мытнага рэжыму, але і ў псіхалагічных момантах. Ведаюць, з кім можна пажартаваць, а каго і спыніць для больш пільнага дагляду. Нядаўна, напрыклад, у адным з легкавікоў замест запаснога кола быў выяўлены... дадатковы паліўны бак больш чым на 400 літраў саляркі.

Далей наш шлях ляжыць на беластоцкі рэчавы рынак. Апошні раз тут даводзілася бываць гадоў пятнаццаць таму, і такое ўражанне, што час быццам спыніўся — тыя ж павільёны, палаткі і шмат гандлёвых «кропак» літаральна пад адкрытым небам. Тым не менш рынак не страціў сваёй прывабнасці, бо расіянам з нашага мікрааўтобуса спатрэбілася больш за тры гадзіны на свой шопінг. І тое, кажуць, не ўсю праграму выканалі.

А нашых землякоў-беларусаў не адзінкі, а дзясяткі. Прычым, мяркуючы па нумарах машын, яны не толькі з суседняй Гродзеншчыны, але і Брэсцкай, Мінскай і нават з іншых, больш аддаленых ад Беластока абласцей. І на легкавіках, і цэлымі кампаніямі на мікрааўтобусах, якія загружаюцца, так бы мовіць, пад самую завязку. Атаварваюцца, відавочна, не для ўласнага карыстання, цэлымі партыямі тых ці іншых рэчаў. Значыць, нават заплаціўшы за візу і транспарт, можна атрымаць выгаду ад рэалізацыі тавару.

Але як жа пры вяртанні дадому, на мяжы? Яўна ж далёка не ўсе гандляры ўкладуцца ў дазволеную норму ўвозу тавару. Віталь тлумачыць, што тут ужо даўно склалася схема, калі частка тавару на польскай тэрыторыі перадаецца (зразумела, не бясплатна) іншым перавозчыкам, і так ён трапляе ў Беларусь. Справа даволі рызыкоўная, здараецца нават, што памочнікі «кідаюць» сапраўдных уладальнікаў тавару, але такі варыянт працягвае выкарыстоўвацца.

Пасля рынку накіроўваемся ў адзін з беластоцкіх гіпермаркетаў, дзе масквічы маюць намер набыць пральную машыну. Чаму менавіта ў Польшчы, хоць тэхніка з такімі ж сусветна вядомымі брэндамі вырабляецца і ў Расіі? Аказваецца, яны не давяраюць якасці айчыннай зборкі — хочацца еўрапейскай. Няглядзячы нават на тое, што ў дачыненні да набытага за мяжой тавару потым, на радзіме, будзе немагчыма прымяніць гарантыйныя абавязацельствы вытворцы. Няўжо зусім выключаны праблемы з якасцю?

Аднак і тавар еўрапейскай зборкі масквічам у Беластоку набыць не ўдаецца, бо няма пральнай машыны, якая б важыла не больш за 35 кілаграмаў. А інакш, з улікам мытнай пошліны, аўчынка вырабу не вартая.

Праўда, расіяне і тут не застаюцца без выгадных, на іх думку, пакупак — манітора для камп'ютара і электрафена. Пасля чаго мы бяром курс на Гродна, заязджаючы на гэтым шляху ў адну з вёсак, дзе нашага кіроўцу сустракае ягоны партнёр па «салярачным» бізнесе. Віталь пакідае сабе столькі паліва, колькі трэба да Гродна, а асноўная частка, у тым ліку з каністры, перамяшчаецца ў тару паляка. Усім выгадна. Разлічваюцца і — да наступнай сустрэчы.

А час бяжыць імкліва, і хочацца хутчэй дадому, ведаючы, што яшчэ будзе чарга на мяжы. Але, як той казаў, паспяшыш... Паблізу аднаго з населеных пунктаў Віталь перавышае дазволеную хуткасць, і, як часта здараецца ў падобных выпадках, менавіта там чакае кантроль — паліцыя. Віталь, зразумела, засмучаны (штраф «з'ядае» значную частку заробленых на салярцы «златувак»), але трымаецца годна.

Апошняй у гэтай паездцы была мэта аўтара гэтых радкоў — зімовыя шыны. У гэтым выпадку падтрымаць у Беларусі айчынных вытворцаў было проста немагчыма, бо такую «гуму» яны не вырабляюць. А ў Польшчы набываць гэты, як і іншы тавар, танней за кошт вяртання пакупнікам з краін, якія не ўваходзяць у Еўрасаюз, падатку — «ватаў». Праўда, рабіць бізнес на шынах, як на салярцы, не атрымаецца, бо яны, як і камп'ютарны манітор расіян, былі на беларускай мытні задэклараваны. І калі раптам хтосьці з нас на працягу года захацеў бы зноў увезці гэты тавар, то атрымаецца толькі з выплатай пошліны. Бо ўжо не для асабістага карыстання, як, напрыклад, у жыхара Гродна, які ў тым жа пункце пропуску «Брузгі», выбраўшы «зялёны калідор», схаваў у асабістых рэчах 20 гульнявых прыставак на 40 мільёнаў рублёў.

...Чарга на выездзе з Польшчы займае ў нас яшчэ больш часу, чым пры ўездзе. Уначы выязджалі з дому, уначы і вяртаемся. Быццам і пры сваіх інтарэсах, але, па сутнасці, так і не ўбачыўшы польскага памежжа. Купілі, прадалі — вось і ўвесь турызм...

Барыс ПРАКОПЧЫК

https://www.traditionrolex.com/8