<p>TIO.BY пацікавіўся, дзе знайсці калядную праграму з сапраўднымі  беларускімі традыцыямі – калядоўшчыкамі, Святым Мікалаем ды  нацыянальнымі стравамі</p>

TIO.BY пацікавіўся, дзе знайсці калядную праграму з сапраўднымі беларускімі традыцыямі – калядоўшчыкамі, Святым Мікалаем ды нацыянальнымі стравамі!

Шлях да Святога Міколы

Кампанія “Страна замков” распрацавала калядны фэст у Ракаве.

Сустрэча са Святым Міколам чакала удзельнікаў у Ракаве, але пан Крыванос, вядомы разбойнік, зблытаў усе планы. І засмучаныя госці накіроўваюцца шукаць праўду да самога Вялікага князя…
Незабыўны калядны свята чакае вас у фальварку: забавы, конкурсы, калядкі, танцы, старадаўняя музыка – сапраўдная калядная атмасфера! Падчас вандроўкі госці ўбачаць краявіды Ракава, Баруноў, Крэва, Радзевічы. Кошт імпрэзы – 270 тыс. руб. для дарослых і 250 тыс. руб. для дзяцей. Зборныя групы збіраюць 17,18, 24,25 снежня і 2,7,8 студзеня. Індывідуальныя заяўкі прымаюцца асобна.

Надыходзяць Калядкі Калядныя святкі!

Тым часам загарадны клуб "Фестывальны" запрашае дзяцей на пераднавагоднюю праграму! Да ўвагі ўдзельнікаў народныя песні і танцы,  калядная варажба, гульні і пацехі, актыўны адпачынак – катанне на санках і матрасах з "вясёлай" горкі,  катанне на санях па казачным лесе, а таксама старадаўнія беларускія традыцыі - абранне Шчодры і яе ўшанаванне, калядная куцця і, вядома ж, падарунак ад Святога Мікалая. Месца правядзення свята: хутар Арлоўшчына, Валожынскі раён, Мінская вобласць. Запланаваныя даты заездаў з 19 па 23 снежня. Кошт праграмы – 120 тыс. руб.

Беларуская Ялінка

Святы Мікалай ў Мінск завітае 17 снежня – у гэты дзень адбудзецца калядане свята для дзетак “Беларуская Ялінка”. Праграму арганізуюць бацькі, якія выхоўваюць дзяцей па-беларуску, цікавяцца нацыянальнай культурай і традыцыямі. Для зусім маленькіх сёлета арганізуюць асобную вечарыну, называецца яна “Яліначка”. Арганізатары абяцаюць стварыць не толькі святочны настрой, зладзіць гульні ды спевы, але зрабіць месца сустрэчы максімальна камфортным для дзетак і іхніх бацькоў. Месца сустрэчы – у кавярні «Планета зорак» Палацу дзяцей і моладзі (вул. Старавіленскі тракт, 41). Падрабязную інфармацыю можна спраўдзіць па тэл. +37529 632 27 43.

У госці да пані Зосі

Заслаўе таксама чакае гасцей. “Гісторыка-Тур” падрыхтавала комплексную праграму пад назвай “У госці да пані Зосі”. Пані Зося сустракае групу вітальнай песняй і паказвае свае валадарствы. Запрашае наведаць адзіны ў Беларусі паравы млын 1910 года пабудовы. Госці даведваюцца аб асаблівасцях працы млына, аб стаўленні нашых продкаў да зямлі і хлебу, ім будзе прапанавана памалоць зерне на ручных жорнах, а таксама паваражыць з дапамогай збожжа на дабрабыт і шчасце. Гаспадыня правядзе госцяў таксама і ў галоўнае сховішча збожжа – свіран, пакажа кузню. Пасля агляду сядзібы, як заведзена ў добрых гаспадароў, госці запрашаюцца да стала ў "хату завознікаў" – местачковую гасцініцу пры млыне. Ва ўтульнай хаце з кафлянай печчу госцяў чакае пачастунак гарбатай з пірагамі і забаўкі – народныя песні, гульні, забавы.

Зюзя запрашае сяброў

Зюзя Паазерскі ў Паставах гатовы сустракаць сяброў. Як паведаміў кiраўнiк Пастаўскага цэнтра турыстычных паслуг Ягор Шушкевіч, сёлета праграму будзе крыху змененая – дададуць новыя забаўляльныя элементы, зменяць дэкарацыі, але элементы Калядаў па беларускіх традыцыях застануцца нязменнымі. “У нас ужо вельмі шмат заявак, прычым тут атрымалася 50 на 50 – цікава і дарослым, і дзецям. На выходныя, 17 і 18, а таксама 24 і 25 снежня ўжо нават не запісваем групы, бо ўсё запоўнена”, – кажа ён. Таму перш, чым паехаць у госці да Зюзі, варта спраўдзіць інфармацыю пра вольныя месцы: +375 2155 4 27 77.

Каляды пад гармонік

 Нацыянальныя стравы і напоі можна будзе паспрабаваць падчас імпрэзы, арганізаванай кампаніяй “Заславль-Тур”. Яна запрашае гасцей на Каляды наведаць кавярню “Шынок”, якая размешчана ў старой часцы горада Заслаўе. Гаспадыня пачастуе беларускімі стравамі і старажытным хмяльным напоем “крупнік”, а калядоўшчыкі раскажуць і пакажуць старадаўнія беларускія традыцыі святкавання галоўнага зімовага свята. Замовіць любімыя песні можна будзе ў баяніста. Праграма разлічана на групы ад 40 да 60 чалавек і каштуе ад 35 у.а. для кожнага кліента. Працягласць свята – шэсць гадзінаў.