https://www.traditionrolex.com/8
<p>Дзе раздабыць сапраўдныя, натуральныя, вырабленыя з душой валёнкі? Аказваецца, на Дрыбіншчыне Магілёўскай вобласці, дзе яшчэ з ХІХ стагоддзя захаваліся моцныя традыцыі шапавальства</p>

Як паведамляе «Народная газета»:

Макіяж, міні-спадніца і... валёнкі. Ці даводзілася вам такое бачыць? Нават самыя модныя гараджанкі пачалі звяртацца да папулярнага сярод нашых бабуль абутку. І цёпла, і стыльна адначасова. Праўда, якія там валёнкі яны носяць?! Зробленыя in China ці максімум на валяльнай фабрыцы. А дзе раздабыць сапраўдныя, натуральныя, вырабленыя з душой валёнкі? Аказваецца, на Дрыбіншчыне Магілёўскай вобласці, дзе яшчэ з ХІХ стагоддзя захаваліся моцныя традыцыі шапавальства.

Кажуць, шапавалы з’явіліся тут якраз пасля рэформы 1861 года. Паводле адной версіі, тагачасны ўладальнік Дрыбіна Антон Цеханавецкі спецыяльна адправіў сваіх сялян у Ніжагародскую губерню вучыцца шапавальству. Паводле другой — шапавалы тут з’явіліся выпадкова. Цеханавецкі запрасіў сяліцца ў сваім уладанні ўсіх жадаючых, каб нейкім чынам абжыць маланаселеную мясцовасць. Хтосьці з «навічкоў» і прынёс з сабой майстэрства апрацоўваць воўну і валяць з яе шапкі, валёнкі ды рукавіцы. Рамяство гэта хутка прыжылося ў рэгіёне. Паколькі Дрыбіншчына не славілася ні ўрадлівымі землямі, ні багатымі лясамі, толькі шапавальства і трымала многія сем’і на нагах. А зараблялі шапавалы нядрэнна. Яны ж не толькі ў сваёй хаце працавалі (так званае саматужнае шапавальства), але і адхожым промыслам займаліся.

— Нездарма ўзнік выраз «Дзе шапавал стаў, там і яго стан», — гаворыць Алена Рабкавец, дырэктар Дрыбінскага гісторыка-этнаграфічнага музея, дзе займаюцца вывучэннем і захаваннем унікальнага рамяства. — Пасля завяршэння восеньскіх палявых работ шапавал браў з сабой неабходныя прылады працы (а іх было няшмат) і ішоў па вёсках. Сяліўся ў хаце, забіваў цвік і пачынаў працаваць. Для адных гаспадароў валёнкі зробіць — да другіх ідзе. Адхожы промысел быў выгадным для шапавала — ён не траціўся ні на воўну, ні на ежу. Да таго ж быў упэўнены, што рэалізуе свой тавар — працаваў жа пад заказ. Дрыбінскія шапавалы і ў Расію хадзілі, і на Украіну. А аднаго валёнкі нават да Амерыкі (!) давялі, ён адтуль высылаў дадому немалыя грошы, заробленыя валеннем.

Першы валёнак — камяком?!

Шапавала Уладзіміра Асіпоўскага (на фота), з якім мне давялося пазнаёміцца на Дрыбіншчыне, старажытнаму рамяству навучыў менавіта адзін з такіх майстроў-падарожнікаў.

1

— Гадоў дванаццаць мне было, калі ў нашу вёску (а жылі мы на Віцебшчыне) завітаў шапавал з Дрыбіншчыны Еўдакім Агароднікаў. Дзед быў інвалідам, хадзіў на адной назе, але рукі меў залатыя. Усю Беларусь абуў. Вось і да нас дабраўся. Зрабіў валёнкі і збіраўся ўжо ісці. Але куды? Дома яго ніхто не чакаў. І мая маці, Марыя Міхайлаўна, пашкадавала старога, пакінула ў хаце. Яна — на працу, а ён за гаспадара, за хатай глядзіць, валёнкі робіць — заказы ішлі з усіх бакоў. Валяў у нас гадоў шэсць. І маму навучыў. Воўны ў хаце было шмат — а што з ёй рабіць?!

Вядома, гледзячы на маці і дрыбінскага майстра, і Уладзімір Станіслававіч таму-сяму навучыўся. Праўда, самастойна зрабіць валёнак паспрабаваў ужо дарослым, пасля арміі.

— Пакуль мамы не было дома, украў у яе з паўкіло воўны, — успамінае з усмешкай майстар. — Разлажыў, зрабіў палатно, так-сяк аснаваў, выкатаваў у вадзе. Першы раз рабіў — і спайкі былі, і сам валёнак формы нейкай дзіўнай атрымаўся. Мама прыехала, кажу: во, глянь, валёнак зрабіў. Яна і за галаву ўзялася: «А Бог ты мой, хто ж яго насіць будзе! Ну нічога, — кажа.— І ў мяне першы блін камяком быў. Навучышся».

І Уладзімір Станіслававіч навучыўся. Больш таго, праз нейкі час разам з сям’ёй на Дрыбіншчыну перабраўся.

— Гэта нас паважаны Еўдакім Ягоравіч перацягнуў, — расказвае майстар. — Шчыра прызнацца, ніколькі не шкадуем. Тут і працу лепшую знайшлі, і сяброў, і калег-шапавалаў.

Гур маньку хаўбоў

Валёнкі дрыбінскай работы вельмі высока цаніліся. І каб іншыя майстры не падгледзелі дрыбінскіх сакрэтаў, мясцовыя шапавалы распрацавалі нават сваю мову — «катрушніцкі лемязень». Беларускі этнограф Еўдакім Раманаў, які даследаваў гэты «лемязень», налічыў у ім амаль 1000 слоў, нікому, акрамя сапраўдных дрыбінскіх майстроў, не зразумелых.

— «Катрушніцкі лемязень» не падобны ні на якую іншую мову, — гаворыць метадыст раённага музея Жанна Масалова. — Словы гэтыя, дарэчы, мясцовыя жыхары і цяпер у паўсядзённай гаворцы ўжываюць. О, кажуць, які шымскі жбан, гэта значыць харошы мужчына. Ці трэба да шуні хліць — у хлеў ісці.

2

Гэта трэба ж — прыдумаць сваю мову! Дрыбінскія шапавалы, аказваецца, не толькі таленавітымі былі, але і вельмі мудрымі.

— Яны і адукаванымі былі больш за астатняе насельніцтва, — расказвае Алена Рабкавец. — І сем’і мелі моцныя. Ніякіх адносін не заводзілі на баку, нават калі адхожым промыслам займаліся.

Сусветная вядомасць

Вядома, з часам шапавалаў на Дрыбіншчыне паменшала. Сёння тут працуе каля трыццаці майстроў. Але традыцыя вяртаецца. Шапавальствам сталі цікавіцца дзеці і моладзь.

— Самае складанае — гэта зрабіць драўляную калоду, на якую наматвоецца пасля папярэдняй падрыхтоўкі воўна, — расказвае Уладзімір Станіслававіч. — Часам паўдня можна патраціць, каб падрыхтаваць яе патрэбнай формы. Ды і воўна павінна быць чыстая, без смецця. А для гэтага яе трэба апрацаваць на часальных машынах. Раней такія машыны працавалі і ў Чавусах, і ў Шклове, і ў Краснаполлі, ды і ў самім Дрыбіне. Але сёння дрыбінскія шапавалы, хоць і самі гадуюць авечак, часаную воўну вымушаны купляць у Расіі па вельмі высокай цане.

— Спадзяёмся, што хутка сітуацыя зменіцца, — гаворыць дырэктар раённага музея Алена Рабкавец. — Днямі на пасяджэнні ЮНЕСКА вырашаецца лёс дрыбінскага рамяства — уключаць яго ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ці не. І калі атрымаем станоўчы адказ, то можна будзе спадзявацца, што і ўмовы для займання шапавальствам зменяцца.

 

«Катрушніцкі лемязень»:

Бацька — банштэй
Нявеста — драпялуха
Цёплы — дулясны
Чорны — калурны
Свіння — керха
Сабака — ськіл
Вуха — слыхта
Касіць — басаць
Любіць — любжаць
Піць — керыць
Царква — хлюса
Лазня — плёха

Дзве душы на адзін валёнак

Цяпер жа пазнаёміцца з мясцовай традыцыяй можна ў Дрыбінскім гісторыка-этнаграфічным музеі, дзе для масавага наведвання адкрыта па-мастацку аформленая зала «Шапавальства». Тут можна і мяккую воўну памацаць, і прылады працы шапавалаў убачыць, і нават дзіўныя вырабы з аўчыны прымераць.

04_vos_stolk_vouny_spatreb_cca_na_adz_n_muzhchynsk_valenak

— Валялі ж раней не толькі валёнкі, але і рукавіцы, шапкі, якія карыстаюцца асаблівай папулярнасцю на выставах-кірмашах, куды мы ездзім з вырабамі нашага народнага аматарскага аб’яднання «Шапавал». Аднойчы шапку з аўчыны нават байкер набыў — здзівіць сваіх сяброў. Сярод дзяўчат папулярныя капелюшы з палямі, упрыгожаныя кветкамі, ягадамі, птушкамі.

Мы так і валёнкі дэкарыруем — з дапамогай фальцавання ці мокрага валення.

Рэчы гэтыя сапраўды нейкія іншыя, не падобныя на тыя, што можна набыць у краме. Адчуваецца ў іх і цеплыня, і рука майстра.

— А ведаеце, што самае галоўнае ў шапавальстве? — спытаў напрыканцы Уладзімір Станіслававіч. — Не забыць укласці ў працу часцінку сябе. Нездарма кажуць, што ў валёнках адразу дзве душы: адна свая — так называюць кардон, які ўкладваецца ў аснову валёнка, а другая — майстра. Толькі тады атрымаюцца па-сапраўднаму шымскія шкорні — харошыя валёнкі!

https://www.traditionrolex.com/8