https://www.traditionrolex.com/8
<p>Традыцыя закладнога ткацтва чырвона-белых ручнікоў уключана ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны</p>

Як паведамляе «Слава працы»:

Традыцыя закладнога ткацтва чырвона-белых ручнікоў уключана ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

Дадзенае рашэнне прынята на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, якое прайшло 24 лістапада.

Як адзначыла начальнік аддзела культуры райвыканкама Наталля Царкова, уключэнне закладнога ткацтва ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь вельмі ганаровае для капылян. Гэта першая прыступка на шляху ўнясення нашых семежаўскіх чырвона-белых ручнікоў у Спіс аб’ектаў сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА, дзе ўжо прапісаны наш калядны абрад «Цары».

Традыцыйнае закладное ткацтва – адзін з самых старажытных і распаўсюджаных відаў народнага дэкаратыўна-прыкладнога  мастацтва на Капыльшчыне. І адным з буйнейшых цэнтраў ткацтва з’яўляецца вёска Семежава. Па звестках даследчыкаў, закладное ткацтва было пашырана ў Гомельскай, Віцебскай і Мінскай абласцях, але да пачатку ХХ стагоддзя стала вельмі рэдкай з’явай на Беларусі.

У Семежаве чырвона-белыя ручнікі ткаліся дзесьці да канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Развіццё лёгкай прамысловасці і мода зрабілі сваю справу, таму і знікла эканамічная неабходнасць у ручным ткацтве. Ёсць меркаванне, што бытаванне закладной тэхнікі на Капыльшчыне звязана з былой вытворчасцю на мясцовых мануфактурах шпалер і дываноў у габеленавай тэхніцы, бо яны вельмі падобныя. Аднак, нягледзячы ні на што, у а/г Семежава  і зараз у многіх хатах можна ўбачыць вялікія калекцыі тканых вырабаў. Значнае месца ў іх займаюць рэчы, вытканыя закладной тэхнікай, якую называлі «старасвецкае ткацтва» ці «старасвецкае натыканне», а па-семежаўску – «у матрушы».

sm

Па словах дырэктара раённага Цэнтра ткацтва Наталлі Холад, сёння ў раёне ўжо адсутнічае прамая перадача традыцыі ткацтва ад маці ці бабулі да дачкі, таму гэтую задачу ўзяў на сябе Цэнтр ткацтва. Узнаўленнем тэхнікі закладнога ткацтва на Капыльшчыне займаецца народны майстар Беларусі Валянціна Кіеня. Разам са сваёй вучаніцай, спецыялістам Цэнтра ткацтва Таццянай Волкавай, яна вучыць ткаць юных прыхільнікаў народнага мастацтва, якія наведваюць «Школу ткачоў». І ўсё гэта робіцца для таго, каб ніць народнага мастацтва, якая бярэ пачатак з глыбіні стагоддзяў, не перарвалася, а цягнулася ў будучае. Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што аналагаў ткацтва чырвона-белых семежаўскіх ручнікоў на Беларусі няма, таму гэтую спадчыну нам трэба захоўваць і памнажаць.

Таццяна БОХАН

Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА

https://www.traditionrolex.com/8