https://www.traditionrolex.com/8
<p>Лагойшчына: ад абстрактных піяр-хадоў да канкрэтных рыцарскіх турніраў</p>

Як паведамляе «Культура»:

Лагойскі раён прадстаўлення, па вялікім рахунку, не патрабуе. Мабыць, кожны мінчанін пабываў у свой час на гасціннай Лагойскай зямлі, бо на тэрыторыі раёна размешчаны Дзяржаўны мемарыяльны комплекс «Хатынь» з яго філіялам – «Дальва», Рэспубліканскі гарналыжны цэнтр «Сілічы» ды спартыўна-аздараўленчы комплекс «Лагойск», філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы «Акопы» ў вёсцы Харужанцы, дзе штогод адбываецца злёт маладых паэтаў Міншчыны...

Так што турысты ў гэтым краі бываюць пастаянна. Гэтаму спрыяе і багатае мінулае Лагойшчыны. У многіх мясцінах раёна захаваліся старажытныя курганы і археалагічныя помнікі, шмат у якіх вёсках радуюць вока старадаўнія цэрквы і касцёлы, а сам Лагойск знакаміты сваім паркам - помнікам садова-паркавага мастацтва 1-й паловы XIX стагоддзя, – які быў створаны пры палацы графаў Тышкевічаў, колішніх уладальнікаў гэтай зямлі...

Бадай, толькі адзін сухі пералік цікавостак краю заняў бы не адну тэкставую старонку. І, натуральна, усе гэтыя адметнасці Лагойшчыны даюць мясцовым культработнікам цалкам рэальную магчымасць праявіць сябе на ніве аказання турыстычных паслуг. Многае ў гэтым кірунку ўжо робіцца, але шмат працы яшчэ наперадзе. Ды і, па перакананні кіраўніцтва мясцовага райвыканкама, без удзелу работнікаў сферы культуры турыстычная «дзялянка» Лагойшчыны наўрад ці здолее прынесці значныя фінансавыя дывідэнды.  

***

Народ пытаецца і прапануе

Святлана Андрэеўна, настаўніца, г. Лагойск:

– Горад наш вельмі прыцягальны ў турыстычным плане. Тут размешчаны старадаўнія будынкі, храмы, ды і мясціны ў нас знакамітыя – звязаныя з жыццём і дзейнасцю Тышкевічаў. Было б няблага ўсё гэта «раскруціць» і прапіярыць, бо так хочацца, каб у нашым раёне ладзілася што-небудзь цікавае ды арыгінальнае. Напрыклад, сярэднявечны фестываль або рыцарскі фэст... Тады і гасцей да нас прыязджала б, упэўнена, нашмат больш, чым цяпер...

Аляксей, студэнт, г. Лагойск:

– На жаль, няма ў нашым старадаўнім горадзе асобнага будынка пад музей. Установа цяпер месціцца ў Раённым цэнтры культуры і займае ўсяго некалькі памяшканняў. Думаю, варта было б зрабіць у Лагойску асобны музейны будынак... 

***

Намеснік старшыні Лагойскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Сяргей КУЛІНКОВІЧ заняў пасаду не так даўно: літаральна некалькі месяцаў таму (дагэтуль узначальваў аддзел спорту і турызму). Таму, натуральна, на традыцыйнай райвыканкамаўскай «лятучцы» з «К», у якой прыняла ўдзел і начальнік мясцовага аддзела культуры Вольга АНТАНЕВІЧ, абмяркоўваліся ў першую чаргу перспектывы турыстычнага развіцця рэгіёна ды чынны ўдзел у гэтай працы мясцовых культработнікаў.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

– Сяргей Пятровіч, Лагойшчына – вельмі прывабны ў турыстычным плане рэгіён. Таму першае пытанне – з месца ў кар'ер. Як гэты турыстычны патэнцыял – у многім яшчэ, на жаль, не раскручаны і не прапіяраны – плануеце выкарыстоўваць? І як будзе задзейнічаны ў абслугоўванні турыстаў аддзел культуры?

Сяргей КУЛІНКОВІЧ:

– На маю думку, мясцовыя культработнікі не толькі могуць, але і павінны працаваць з турыстамі і мець ад гэтай працы свае дывідэнды. Аддзелу культуры, як кажуць, сам Бог вызначыў шчыраваць у гэтай сферы, бо на Лагойшчыну турыста нават і клікаць не трэба: ён едзе сюды сам. Але едзе ў першую чаргу за спартыўнымі паслугамі – у «Сілічы», ці, калі казаць пра культурны складнік, на экскурсію ў «Хатынь». Таму ад аддзела культуры залежыць, наколькі гэты турыст будзе зацікаўлены ў тым, каб завітаць потым яшчэ ў Лагойск і пабываць на мерапрыемствах, арганізаваных нашымі культработнікамі. Альбо можна пайсці яшчэ адным шляхам: ладзіць прадстаўленні ў тых жа «Сілічах»...

 Вольга АНТАНЕВІЧ:

– Так, і мы маем у гэтым плане ўжо пэўны «задзел»: зусім нядаўна адкрылі ў гарналыжным цэнтры каток, прадставілі там вялікую культурную праграму з элементамі тэатралізацыі: сезон адкрывала Снежная Каралева... Яшчэ адзін наш праект, які з поспехам ладзіўся ў «Сілічах» летась, - гэта «Логава Бабы Ягі». Мерапрыемства было разлічана ў першую чаргу на дзяцей, і мы з яго займелі неблагі даход: зарабілі 20 мільёнаў рублёў.

Сяргей КУЛІНКОВІЧ:

– Але турыст бывае розны, да таго ж ён пастаянна выбірае іншае, новае. Таму і аддзелу культуры трэба пастаянна шукаць нешта арыгінальнае, цікавае для любога наведвальніка. І яшчэ. Я, да прыкладу, за гады працы ў аддзеле спорту і турызму райвыканкама заўважыў такі нюанс: беларускі турыст звычайна едзе атрымаць адну паслугу, а вось расійскі турыст хоча, каб яму прадаставілі цэлы комплекс: не толькі пакатацца на лыжах, але і ўбачыць цікавае мерапрыемства, не толькі пабываць у аграсядзібе, але і атрымаць задавальненне ад спеваў бабуль. А мы яшчэ не заўсёды, на жаль, можам аказваць гэтыя комплексныя паслугі, бо ў нас кожная служба – турызм, спорт, культура, гандаль – дзейнічае паасобку. Трэба абавязкова ліквідаваць гэты прабел і зрабіць так, каб, напрыклад, узаемадзеянне аддзела спорту і турызму з аддзелам культуры было заўсёды на вышыні. Ад падобнага супрацоўніцтва выйграюць усе.

Вольга АНТАНЕВІЧ:

– Распавяду пра яшчэ адзін наш новы праект. На рэспубліканскім свяце працаўнікоў сяла «Дажынкі-2011», што сёлета прайшлі ў Маладзечне, мы прадставілі «Лазню па-лагойску». Паставілі макет лазні, і кожны ахвотны мог у нас «папарыцца», выконваючы цікавыя і арыгінальныя лазневыя рытуалы, якія бытавалі на нашай зямлі яшчэ ў ХІХ стагоддзі. На ўваходзе ў лазню гасцей сустракаў Лазеннік, яго трэба было задобрыць, а таксама зрабіць шматлікія рытуальныя дзеянні, каб адагнаць нячысцікаў. Гэты абрад выклікаў сапраўднае захапленне ва ўсіх гасцей свята, таму цяпер мы думаем, каб паказаць яго ў «Сілічах» для тых турыстаў, што наведваюць гарналыжны спартыўны комплекс. Зробім «Лазню па-лагойску», а таксама будзем частаваць нашых гасцей чаем і кавай. Да таго ж абавязкова задзейнічаем гэты абрад з усім неабходным рэквізітам на вялікіх раённых святах. Упэўнена, ён будзе запатрабаваны.

2

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

– Каб яшчэ больш прывабіць турыстаў, у адных раёнах праводзяць фестывалі або кірмашы, у іншых – рыцарскія турніры, запрашаюць мастакоў на пленэры... А што ж на Лагойшчыне?

Вольга АНТАНЕВІЧ:

– Мы ў кастрычніку зладзілі ў сябе пленэр, прысвечаны Артуру Бартэльсу – аканому графаў Тышкевічаў. Прычым планавалі зрабіць гэта мерапрыемства абласным, але з дапамогай Уладзіміра Рынкевіча, сябра Беларускага саюза мастакоў, пленэр фактычна набыў статус рэспубліканскага. Дзесяць мастакоў з усіх куткоў краіны прыехалі на Лагойшчыну, жылі тут цэлы тыдзень, і па выніках свайго знаходжання напісалі шмат эцюдаў. Пад гэты праект мы знайшлі спонсара (дарэчы, уласніка адной аграэкасядзібы, што размешчана на тэрыторыі раёна), які выдаткаваў суму на закупку ўсіх неабходных матэрыялаў, аплаціў пражыванне мастакоў у гасцініцы і іхняе харчаванне. У снежні мінскі Палац мастацтва прыме экспазіцыю карцін, створаных пад час акцыі. Пасля кожны з удзельнікаў пленэру падорыць па адной сваёй рабоце нашаму краязнаўчаму музею.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

– Хацелася б пагаварыць і пра аграэкатурызм, бо пры абслугоўванні наведвальнікаў аграсядзіб аддзел культуры таксама змог бы зарабіць неблагую «капейчыну». У іншых рэгіёнах, асабліва на Віцебшчыне, гэтая праца на ўзроўні...

Сяргей КУЛІНКОВІЧ:

– На сённяшні дзень на Лагойшчыне дзейнічае больш за дваццаць аграсядзіб, таму патэнцыял тут досыць вялікі. Хаця, зразумела, не кожная з гэтых устаноў разлічана на шматлікіх турыстаў і можа прадаставіць цэлы комплекс паслуг. На маю думку, аддзелу культуры варта працаваць з уладальнікамі буйных аграэкасядзіб у больш шчыльнай звязцы.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

– У некаторых раёнах Беларусі робяць вось якім чынам: спіс тых паслуг, што можа прапанаваць аддзел культуры, вывешваецца ў самой аграсядзібе. Ды і сувенірную прадукцыю таксама можна прадставіць наведвальніку, праводзіць майстар-класы, ладзіць разнастайныя забаўляльныя праграмы...

Вольга АНТАНЕВІЧ:

 – Прызнаюся, мы не так даўно распачалі працу ў гэтым накірунку. Правялі семінар для гаспадароў аграэкасядзіб, распрацавалі пакет тых паслуг, якія можам прадаставіць гасцям, выпусцілі буклет са сваімі прапановамі. А напрыканцы семінара далі канцэрт – паказалі, словам, нашы магчымасці. Упэўнена, што ў хуткім часе нашымі паслугамі скарыстаюцца.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

– Усё ж такі, на што будзеце рабіць акцэнт: на паказ канцэртнай праграмы, абрадаў, майстар-класаў майстроў народнай творчасці або на продаж сувенірнай прадукцыі?

Вольга АНТАНЕВІЧ:

– Я ўпэўнена, што тут будучыня – за традыцыйнай абраднасцю. Напрыклад, на Каляды, Масленіцу нашы калектывы будуць запатрабаваны. Таксама карыстаецца попытам у аграсядзібах паказ традыцыйнага лагойскага вясельнага абраду. Нас ужо запрашалі ў аграсядзібы і прасілі прэзентаваць гасцям традыцыйнае вяселле. Так што пачатак гэтай дзейнасці ўжо пакладзены. А ўвогуле, спыняцца на чымсьці адным не будзем, бо можам спяваць народныя песні, ладзіць танцы – карацей, рабіць усё, што пажадаюць турысты.

Сяргей КУЛІНКОВІЧ:

– На Ражджаство Хрыстова калектывы са званнем «народны» таксама будуць запатрабаваны ў гасцей аграсядзіб. А вось на іншыя мерапрыемствы турыста трэба завабліваць: рэкламаваць свае мерапрыемствы, ствараць адметныя праграмы... Бо, сапраўды, беларускія старадаўнія традыцыі сёння атрымліваюць новае жыццё – гэта тое, чым мы цікавыя замежным турыстам, і гэта трэба развіваць надалей. А таксама пастаянна ўдасканальвацца, шукаць новыя формы работы і ўвасабляць іх у жыццё.

Вольга АНТАНЕВІЧ:

– Пры Доме культуры ў нас існуе народны ансамбль народнай песні «Шчодрыца». Яны ўжо таксама зараблялі грошы ў аграсядзібах са сваёй праграмай: паказвалі абрады, спявалі песні – прывітальныя, фальклорныя ды іншыя. Увогуле, маем дзесяць калектываў са званнямі, днямі яшчэ адзін ансамбль таксама стаў народным. Натуральна, усе яны могуць быць задзейнічаны пры абслугоўванні аграэкасядзіб.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

– А што плануецца зрабіць у турыстычным плане ў самім Лагойску? Бо тут шмат што засталося з часоў графаў Тышкевічаў былых уладальнікаў гэтых мясцін: і Замчышча, і ўнікальны парк, і старадаўнія будынкі... Усё гэта можна цікава падаць і займець неблагі фінансавы прыбытак...

Сяргей КУЛІНКОВІЧ:

– Вось у кабінеце стаіць макет адбудовы Лагойскага замчышча. Праектам прадугледжана яго добраўпарадкаванне і стварэнне экспазіцыі, дзе мы маглі б ладзіць пэўныя мерапрыемствы: канцэрты, фестывалі, конныя ці пешыя рыцарскія турніры і многае іншае. Цяпер трэба вызначыцца, які перыяд, якую эпоху мы захочам прадставіць на Замчышчы, як арганізаваць гэтую работу.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

– Можна, напрыклад, ладзіць тэатралізаваныя прадстаўленні. Сёння яны карыстаюцца вялікім попытам у насельніцтва. Мір, Нясвіж, Заслаўе ўжо даўно «эксплуатуюць» такую тэматыку на карысць сваіх раёнаў, дык чаму б не зрабіць падобнае ў Лагойску?

Сяргей КУЛІНКОВІЧ:

– Абавязкова будзем над гэтым працаваць. Паводле праекта адбудовы Замчышча, хочам зрабіць драўляны частакол, паставіць некалькі драўляных дамкоў і вежаў, стварыўшы такім чынам сярэднявечны антураж. Тады б гэта была пастаянна дзеючая экспазіцыя, куды можна прывозіць турыстаў не толькі ў летні час, а пастаянна. Можна падумаць і пра водныя аб'екты. Напрыклад, чаму б не ўсталяваць сярэднявечную ладдзю на рацэ і не вадзіць туды экскурсіі? Маем для гэтага ўсе магчымасці. А як цікава было б паглядзець, скажам, на такое відовішча: напад піратаў на сярэднявечную ладдзю! Гэта было б сапраўды захапляльна і ўражвала б кожнага.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

– Але наколькі гэтыя планы фінансава рэальныя? І калі плануеце ажыццявіць усё задуманае?

Сяргей КУЛІНКОВІЧ:

– Цяпер усё залежыць ад інвестыцый і ад інвестараў. Мы ўжо маем колькі прапаноў, але пакуль пытанне з адбудовай лагойскага Замчышча адкладзена да канца бягучага года. Але, як я лічу, пасля навагодніх святаў мы будзем мець ужо канкрэтныя прапановы ад тых прыватнікаў, што згодны з намі супрацоўнічаць. Натуральна, акрамя антуражу, трэба паклапаціцца пра якасныя мерапрыемствы. І гэта таксама задача для аддзела культуры.

Вольга АНТАНЕВІЧ:

– Трэба сказаць, што сёлета ў жніўні ў Лагойску прайшоў першы сярэднявечны фестываль з рыцарскім турнірам. Ён быў разлічаны на тры дні, і пад гэтае мерапрыемства мы занялі заходні вал Замчышча. Ладзіў мерапрыемства прыватны рыцарскі клуб у супрацоўніцтве з аддзелам культуры.

Сяргей КУЛІНКОВІЧ:

– Сёлетні рыцарскі фэст, на жаль, атрымаўся не такім, як яго задумвалі, бо на яго прыехала не так ужо і шмат гасцей. Ды і праграма мерапрыемства не надта ўражвала. Карацей, як кажуць, першы плод за плот, або першы блін аказаўся камяком. Таму трэба зрабіць усё, каб наступным разам падобнага не было.

 

Вольга АНТАНЕВІЧ:

– Прыватнікі, што ладзілі гэты фестываль, зарабілі прыкладна сем мільёнаў рублёў. Аддзел культуры займеў 25 працэнтаў ад гэтай сумы. Ужо адно гэта пра нешта сведчыць. Але, натуральна, мы ўлічым усе свае «слабыя» месцы, і наступны сярэднявечны фестываль у Лагойску пройдзе на якасна іншым узроўні і будзе больш маштабны і відовішчны.

Сяргей КУЛІНКОВІЧ:

– Трэба, як я лічу, больш шчыльна працаваць з турыстамі. Напрыклад, да нас паступіла прапанова стварыць у Лагойску рыцарскі клуб. Таму на наступным рыцарскім фэсце можна зрабіць так, каб турысты мелі магчымасць апрануць сярэднявечныя строі або прыняць удзел у турніры, сфатаграфавацца на фоне Замчышча ў адзенні лучнікаў ці рыцараў. Трэба пастаянна шукаць, чым зацікавіць людзей. І, як я ўжо казаў, абавязкова трэба падумаць пра разнастайныя тэатралізацыі.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

– Але якім чынам плануеце арганізаваць працу: аддзел культуры возьме правядзенне фэсту на сябе альбо будзеце і надалей супрацоўнічаць з прыватнымі арганізацыямі? Напрыклад, фестываль «Гальшанскі замак» ладзіцца прыватнай арганізацыяй пры ўдзеле культработнікаў Ашмяншчыны – і на досыць неблагім узроўні. Мясцовы аддзел культуры ад гэтага супрацоўніцтва таксама мае неблагую «капейчыну»...

Сяргей КУЛІНКОВІЧ:

– На маю думку, варта працягваць супрацоўніцтва з прыватнікамі і надалей... Яны маюць неабходныя фінансавыя сродкі, зацікаўлены ў правядзенні падобных мерапрыемстваў, бо атрымліваюць з гэтага прыбытак. А з аддзелам культуры райвыканкама яны будуць супрацоўнічаць заўсёды, бо гэта для іх таксама вельмі карысна. Як і для культработнікаў.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

– Вярнуся да пытання наконт сувенірнай прадукцыі. У Лагойскім раённым доме рамёстваў салона-крамы для рэалізацыі сувеніраў пакуль няма. А дзе ж набыць сувеніры таму ж турысту?

Вольга АНТАНЕВІЧ:

– Раней агучаная праблема сапраўды мела месца, але, на маю думку, яна паспяхова вырашана. Сваю сувенірную прадукцыю прадаём не толькі на шматлікіх кірмашах, але і ў «Сілічах» (у кіёску «Белсаюздруку»), у пансіянаце «Рудня» – там часта бываюць госці з Расіі, і прадукцыя нашых майстроў карыстаецца ў турыстаў вялікім попытам. Цяпер вядзём перамовы з кіраўніцтвам мемарыяльнага комплексу «Хатынь», каб прадаваць нашы сувеніры і там.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

– Яшчэ адно пытанне па матэрыяльна-тэхнічнай базе гарадскіх устаноў культуры. Самая балючая праблема – занядбанасць гарадскога Дома культуры. Ці плануецца ажыццяўляць на гэтым аб'екце рамонтныя работы і калі?

Сяргей КУЛІНКОВІЧ:

– У наступным годзе на рэканструкцыю гэтага аб'екта абласным упраўленнем культуры будзе выдаткавана прыкладна мільярд рублёў. На поўны ж рамонт спатрэбіцца сума ў два-тры разы большая, але, я думаю, гэтае пытанне паступова вырашыцца. Галоўнае – пачаць працу.

Вольга АНТАНЕВІЧ:

– Мы цяпер ствараем праектна-каштарысную дакументацыю на гэты аб'ект, і з 2012-га прыступім да рамонту. Пад час рэканструкцыі ў ГДК плануецца замена ацяпляльнай і вентыляцыйнай сістэм, усталяванне санвузлоў, а таксама ўмацаванне апорных канструкцый. Гэта першая чарга. А далей – касметычны рамонт установы культуры і, натуральна, закупка сучаснай гукаўзмацняльнай ды светлавой апаратуры, новага «адзення» сцэны і гэтак далей.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

– Якія задачы, Сяргей Пятровіч, на вашу думку, найбольш актуальныя цяпер для аддзела культуры райвыканкама?

Сяргей КУЛІНКОВІЧ:

– Любая арганізацыя можа існаваць толькі тады, калі яна моцна стаіць на трох «кітах»: самастойная фінансава-гаспадарчая дзейнасць з магчымасцю заробку пазабюджэтных сродкаў, нармальная кіраўнічая вертыкаль (яна цяпер ствараецца Вольгай Іванаўнай) і мэта, да якой трэба імкнуцца. Галоўнае – выніковая фінансавая дзейнасць. Вольга Іванаўна, думаю, добра разумее ўсе рэаліі сённяшняга дня: толькі калі ў кішэні ёсць грошы – толькі тады можна ажыццявіць ўсё запланаванае. Не будзе грошай – не будзе нічога. Таму фінансавая дзейнасць аддзела культуры павінна быць на вышыні. А вывесці яе на такі ўзровень можна і трэба за кошт развіцця турыстычных паслуг, правядзення на высокім узроўні ўсіх мерапрыемстваў, стварэнні новых форм работы з насельніцтвам. Толькі пры падобнай умове дзейнасць аддзела культуры будзе паспяховай.

3

Дэталь да агульнай карціны  

РДР без... печы

Любога наведвальніка ў Лагойскім раённым доме рамёстваў чакае шмат цікавага.

Ён адкрыўся ў райцэнтры яшчэ ў 1998 годзе. Тут працуе шэраг гурткоў па розных відах народных рамёстваў – ад керамікі да саломкапляцення. А яшчэ, як распавяла супрацоўніца РДР Таццяна Раманчук, пры ўстанове дзейнічаюць два народныя калектывы: па вырабе глінянай цацкі «Натхненне» і клуб майстроў-рамеснікаў «Скарбы зямлі Лагойскай». Апошні аб'ядноўвае ў сваім складзе прыкладна трыццаць чалавек, сярод якіх ёсць і сябры Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.

Акрамя прэзентацыі і продажу сваіх вырабаў на шматлікіх раённых ды абласных кірмашах, а таксама правядзення майстар-класаў, што ладзяцца для наведвальнікаў, супрацоўнікі РДР уводзяць ва ўжытак і новыя формы паслуг. Адна з іх – вясельны абрад з элементамі традыцыйнай культуры пад назвай «Сасуд шчасця». Маладую пару, якая захоча паўдзельнічаць у гэтым абрадзе, чакае шмат цікавага: лепка свайго збаночка ці спарыша, фотасесія ў традыцыйным беларускім адзенні, гліняныя падарункі, злепленыя пад час правядзення мерапрыемства, і многае іншае. Падобныя акцыі карыстаюцца попытам у жыхароў Лагойска і ўжо неаднойчы прайшлі ў сценах установы. Прычым паслуга гэтая платная – коштам у 220 тысяч рублёў, і, натуральна, няблага папаўняе «скарбонку» плана платных паслуг мясцовага РДР.

Для далейшай паспяховай працы, па словах майстра-метадыста ўстановы Мікалая Стрэльчанкі, не хапае яшчэ аднаго ганчарнага кола, а таксама печы для абпальвання гліны. Пакуль што супрацоўнікі выкарыстоўваюць тую печ, якая ёсць у доме аднаго з майстроў-метадыстаў. Але, як запэўніла мяне начальнік аддзела культуры Вольга Антаневіч, патрэбнае для РДР абсталяванне будзе закуплена ўжо ў наступным годзе.  

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ, фота аўтара

https://www.traditionrolex.com/8